Фота Сяргея Зініна.

Фота Сяргея Зініна.

Міжнародны футбольны сезон унутры Беларусі скончыўся. Апошнім яго акордам стала гульня групавога этапа Лігі Еўропы паміж мінскім «Дынама» і грэцкім ПАОКам. У Салоніках гульнях гэтых каманд скончылася буйной паразай беларусаў – 1:6. Увогуле, перад гульнёй мінчукі мелі ў скарбонцы толькі адзін пункт – безгалявая нічыя з французскім «Генгамам» дома. І тры пройгрышы – ад ПАОКа, «Фіярэнціны» і «Генгама».

Гульня зноў прайшла на «Барысаў-Арэне» – беларускай футбольнай Мецы гэтай восені. Перад гульнёй атрымалася пачуць дыялог двух міліцыянтаў. «Людзей зусім няма», - кажа адзін. «Ну і добра», - адказаў другі. Вядома, чым меней працы, тым лепей. А трыбуны сапраўды не парадавалі шматлюднасцю. Нямногія захацелі па марозе ехаць з Мінска ў Барысаў, а для саміх барысаўцаў іншага клуба, апроч БАТЭ, не існуе.

Затое як спявалі фанаты ПАОКа! А была іх усяго нейкая сотня, а каб такіх пару тысяч. На хатніх матчах грэцкага клуба, мабыць, найвыдатнейшая атмасфера.

У стартавым складзе найперш звярнула ўвагу, што варатарскую пазіцыю заняў малады Сяргей Ігнатовіч, а не дасведчаны Гутар. У цэлым дублёр вельмі годна справіўся са сваёй працай, але ў сярэдзіне другога тайма яго памылка ледзь не стала ракавой, але абаронцы падстрахавалі.

А яшчэ дынамаўцы ледзь не прывезлі гол у свае вароты ўжо на трэцяй хвіліне. Абсалютна жудасную абрэзку здзейсніў Сяргей Канцавы. На шчасце, выкананне рашаючага ўдара ў грэкаў пакідала жадаць лепшага. Дынамаўскага абарона недаравальна шмат пажарыла ў першыя хвілін дваццаць. Толькі нейкі цуд не дазволіў ПАОКу ў гэты адрэзак размачыць Ігнатовіча.

Ну а потым «Дынама» асмялела. Усё больш і больш пачало атрымлівацца ў капітана Ігара Стасевіча. Някепска глядзеўся і Удоджы для якога грэцкі футбол – не дзіковінка. Толькі вось адзіны нападаючы мінчукоў Джа Джэджэ крайне рэдка чапляўся за мяч.

Склалася ўражанне, што на другую палову гульні беларусы ўвогуле выйшлі гуляць першым нумарам. Два асабліва вострых моманты ўзніклі ля варотаў ПАОК на мяжы 56-57 хвілінаў. Спачатку Сімавіч у блізкім баі не змог перайграць Глікаса, брамнік перавёў мяч на кутні. А пры падачы вуглавога абаронцы грэкаў пакінулі аднаго Джа Джэджэ, але з ударам івуарыйца брамнік зноў справіўся.

Зрэшты, гэткая актыўнасць была ўсё ж часовай. Больш майстравітыя грэкі праз нейкі час змаглі перавесці гульню на дынамаўскую палову поля. Ігнатовіч працягваў ратаваць у самых безнадзейных сітуацыях.

Брамнік не змог выратаваць на 82-ой хвіліне, калі цэнтральны паўабаронца ПАОКа Атанасіядыс застаўся зусім адзін у вратарскай пляцоўцы – 0:1.

А на 88-ай усё той жа Атанасіядыс перавагу павялічыў. Гол зноў быў забіты з варатарскай, вельмі па-хакейнаму. Гэтая перамога падвышае шанцы грэкаў на выхад з групы. Усё вырашыцца ў іх вочнай гульні з «Генгамам».

Апошні матч групавога этапа «бела-сінія» правядуць 11 снежня ў Фларэнцыі супраць «Фіярэнціны». Найхутчэй, што італьянцы, якія забяспечылі сабе выхад з групы, выставяць супраць мінчукоў дублюючы склад. Добрая магчымасць атрымаць доўгачаканую перамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?