У МУС створана аналітычная група дзеля выніковага пошуку Ірыны Кужэльнай.

У спецыяльную аналітычную групу ўвайшлі найбольш падрыхтаваныя супрацоўнікі. Гэта павінна дапамагчы стварыць псіхалагічны партрэт прапаўшай дзяўчынкі, вызначыць алгарытм яе магчымых паводзін.

Паводле выконваючага абавязкі начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі Алега Слепчанкі, з моманту знікнення Ірыны Кужэльнай праведзены вялікі комплекс аператыўна‑пошукавых мерапрыемстваў, якія, на жаль, пакуль што не далі выніку. Былі апытаны сотні людзей, магчымыя відавочцы. Да пошуку прыцягнуты супрацоўнікі міліцыі, курсанты акадэміі МУС, а таксама ваеннаслужачыя, леснікі, паляўнічыя. Адпрацавана тэрыторыя не толькі Лагойскага раёна, але Мінскай вобласці і сталіцы. Правераны прылеглыя дачныя масівы. Амаль 10 чалавек былі правераны на дэтэктары хлусні. Таксама праверана магчымае дачыненне да знікнення, у першую чаргу асоб, якія раней былі судзімыя за злачынствы адносна непаўналетніх. Больш таго, апытаны сваякі дзяўчынкі, у тым ліку тыя, якія пражываюць у Расіі.

Алег Слепчанка адзначыў, што міліцыя не збіраецца ставіць кропку ў пошуках. Цяпер галоўны акцэнт у рабоце — на аналізе ўсяго пласта існуючай інфармацыі, адпрацоўцы розных версій. Магчыма, дзяўчынка пайшла з мужчынам, заблудзілася, села ў праходзячы аўтобус або трапіла ў дарожна‑транспартнае здарэнне. У той жа час працягваюцца вышуковыя мерапрыемствы, геаграфія пашырана да маштабаў усёй краіны.

Усе мерапрыемствы знаходзяцца на асабістым кантролі першага намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС Аляксандра Шчурко. Праваахоўныя органы не будуць спыняць гэту работу нават у святочныя дні, сказаў прадстаўнік МУС.

Ірына Кужэльная, 2000 года нараджэння, вучаніца 2‑га класа Бяларуцкай сярэдняй школы Лагойскага раёна, 23 лістапада каля 13.30 пайшла са школы, і да гэтага часу яе месцазнаходжанне невядома.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0