Рада Еўрасаюза ўвяла санкцыі ў дачыненні да 13 дзеячаў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» і пяці арганізацый.

Дакумент, апублікаваны ў афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза, пашырае прынятае 17 сакавіка рашэнне ў дачыненні да асоб, «якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны».

Некаторыя з уключаных у санкцыйны спіс асоб маюць дачыненне да правядзення так званых выбараў у «ДНР» і «ЛНР», што не былі прызнаныя ўкраінскімі ўладамі і Захадам.

Так, санкцыі ўведзены ў дачыненні да кіраўніка «цэнтральнай выбарчай камісіі» Луганска Сяргея Казьякова, а таксама Алега Акімава і Ларысы Айрапецян, якія балатаваліся на «выбарах» у «ЛНР», а таксама Юрыя Сіваконенкі, Аляксандра Кофмана, якія былі кандыдатамі ў «ДНР»,

У спіс увайшлі сябры «ўрадаў» самаабвешчаных рэспублік, у тым ліку першы віцэ-прэм'ер «ДНР» Равіль Халікаў, кіраўнік адміністрацыі Яўген Міхайлаў, міністры фінансаў, абароны, а таксама адукацыі, навукі, культуры і рэлігіі «ЛНР» Дзмітрый Сямёнаў, Алег Бугроў і Леся Лапцева, а таксама міністр адукацыі «ДНР» Ігар Касцёнак. Уключаны ў спіс таксама члены заканадаўчых органаў «ДНР» Уладзіслаў Дэйна і Яўген Арлоў.

У санкцыйны спіс былі таксама ўключаны пяць палітычных аб'яднанняў — рухі «Данецкая рэспубліка», «Мір Луганшчыне», «Свабодны Данбас», «Народны саюз» і «Луганскі эканамічны саюз».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?