29.11.2014 / 17:57

Сіма Хяюхя — найлепшы снайпер усіх часоў 30

За тры месяцы савецка-фінскай вайны ён застрэліў ад 500 да 700 салдат праціўніка.

«Я мужык — фін, пан сахі і касы» — мог бы словамі Янкі Купалы сказаць пра сябе Сіма Хяюхя, фінскі селянін, народжаны каля сучаснай фінска-расійскай мяжы. Ён нарадзіўся за тыдзень да Калядаў 1905 года і пражыў 96 гадоў, атрымаўшы ўсенародную славу як абаронца Айчыны.

А пачаў Сіма сваю кар'еру як шараговец у Ахоўным корпусе Фінляндыі, так званым ШуцКоры, у 1920 г. Краіна толькі што адваявала незалежнасць, да таго ж скончылася Грамадзянская вайна паміж фінскімі белымі і чырвонымі — і добраахвотніцкі Ахоўны корпус быў адначасова недзяржаўнай арганізацыяй добраахвотнікаў і часткай Міністэрства абароны новай дзяржавы.

У кожным раёне Фінляндыі быў атрад Ахоўнага корпусу — яны за свае грошы куплялі форму, зброю і патроны, адначасова з дапамогай дзяржавы арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы, у тым ліку стралковыя і лыжныя. Такім чынам «ахоўнікі» — шуцкораўцы — былі асновай і грамадскага парадку, і найбольш падрыхтаванымі байцамі ў фінскай рэгулярнай арміі, якая была прызыўной.

Калі Сіма было 34, суседзі казалі, што ягоная хата была поўная паляўнічых трафеяў, і як раз у гэты час Сталін вырашыў зрабіць Фінляндыю яшчэ адной рэспублікай у складзе СССР.

Хяюхя пайшоў у фінскую армію і стаў снайперам у 6-й роце 34 палка. Апрануты ў белы зімовы камуфляж, калі тэмпература вагалася паміж мінус 20 і мінус 40, Сіма Хяюхя знішчыў не менш за 505 савецкіх жаўнераў менш за 100 дзён. Фіны вялі строгі ўлік як сваіх стратаў, так і варожых. Таму ў спіс Хяюхя траплялі толькі пацверджаныя калегамі цэлі. У выпадку калі агонь вялі адначасова некалькі чалавек Хяюхя яны не залічваліся. Таксама не ішлі ў лік ворагі, якіх ён застрэліў у аўтаматных перастрэлках.

Сімо карыстаўся, як і вялікая частка фінскіх жаўнераў, вінтоўкай Мосіна, мадыфікаванай у 1927 годзе ў Фінляндыі — руля была скарочана, і гэта было зручна даволі невысокаму (1,6 метра) снайперу.

Пры гэтым ён больш любіў карыстацца звычайным, а не аптычным «снайперскім») прыцэлам — гэта дазваляла не ўздымаць высока галаву і падбірацца бліжэй да савецкіх пазіцый. Ён падбіраўся так блізка да савецкіх пазіцый, што набіраў снег у рот, каб пара ад дыхання не дэмаскавала яго.

Калі Хяюхя праславіўся, яго пачалі вазіць з аднаго ўчастка фронту на другі. сам факт ягонага прыезду уздымаў баявы дух фінаў.

Саветы стараліся знішчыць «Белую смерць», як яны празвалі фіна. Арганізоўвалі сваіх снайпераў, а таксама выклікалі артылерыйскі агонь на адцінкі фронту, дзе ён мог знаходзіцца.

У сакавіку 1940 года Хяюхя быў моцна паранены ў левы бок сківіцы. Страціў прытомнасць. Каб уратаваць ягоны твар, яму перашчапілі на сківіцы частку косткі са сцягна.

Ён ачуняў у шпіталі 13 сакавіка 1940 года, як раз у дзень, калі СССР заключыў мір з Фінляндыяй, якая страціла частку тэрыторыі, але захавала незалежнасць.

Ад галоўнакамандуючага фінскімі ўзброенымі сіламі маршала Манергейма капрал Хяюхя атрымаў афіцэрскі чын лейтэнанта. Дажыў ён да 95 гадоў.

Калі ў 1998 годзе фіна спыталі, ці ён шкадуе, што ў баі забіў так шмат праціўнікаў, ён адказаў: «Я выконваў свой абавязак настолькі добра, як мог».

Агулам у той трохмесячнай вайне савецкія войскі, паводле афіцыйнага падіку, страцілі забітымі, замерзлымі і зніклымі 126 875 байцоў. Незваротныя страты фінаў склалі 25 904 забітымі.

У той вайне ні адна дэмакратычная краіна, нават Швецыя, не рашылася паслаць войскі на дапамогу Фінляндыі. Аднак 2-мільённая Фінляндыя ў адзіночку вытрымала вайну з 200-мільённым Савецкім Саюзам так, што ўсю другую палову ХХ ст. СССР не рашаўся чапаць гэтую ваяўнічую краіну.

Аляксандр Гелагаеў

0
mikola ramanau / Адказаць
29.11.2014 / 18:30
Finy pakazli=z ruskimi mozna vajavac i peramagac......
0
Menski / Адказаць
29.11.2014 / 18:33
Вось гэта дзед :)
0
vigand86 / Адказаць
29.11.2014 / 18:51
Фіны ў той вайне вельмі дастойна і патрыятычна сябе праявілі.
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру