Лідскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па п. 12 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наўмыснае забойства з карыслівых меркаванняў) у дачыненні да жыхара Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці 1986 года нараджэння, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Устаноўлена, што 28 лістапада ў лясным масіве каля вёскі Сялец Лідскага раёна падазраваны, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, у ходзе канфлікту нанёс тры ўдары абухом сякеры па галаве мясцовай жыхарцы 1970 года нараджэння, якая працавала прадаўцом у краме. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў жанчына памерла на месцы.

Абшукаўшы кішэні ахвяры, падазраваны дастаў ключы ад крамы, прабраўся ў гандлёвую кропку, пасля чаго выкраў звыш 5 мільёнаў рублёў выручкі і тытунёвыя вырабы. Выходзячы з крамы, ён сутыкнуўся з сынам забітай жанчыны.

Пагражаючы хлопцу нажом, збег, сеўшы ў дызель-цягнік, які рухаўся ў Баранавіцкі раён.

Выявіўшы цела маці, хлопец паведаміў аб выпадку ў міліцыю. Дзякуючы аператыўна прынятым мерам падазраваны быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і зняты з цягніка на станцыі Наваельня Дзятлаўскага раёна.

Улічваючы характар злачынства, крымінальную справу прынялі да сваёй вытворчасці следчыя абласнога ўпраўлення Следчага камітэта, якія спецыялізуюцца на расследаванні падобных супрацьпраўных дзеянняў.

З затрыманым праводзяцца следчыя дзеянні. Устаноўлена, што раней ён неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за карыслівыя злачынствы.

Выкрадзеныя з крамы грашовыя сродкі і цыгарэты канфіскаваныя і разам з прыладай злачынства прызнаныя следствам рэчавымі доказамі. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў. Канчатковая прававая ацэнка дзеянням падазраванага будзе зроблена пасля завяршэння расследавання крымінальнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0