Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» не стане падпісваць апошні варыянт праекта працэдуры па вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл. Аналагічнае рашэнне з боку АГП робіць немагчымым прыняцце апазіцыяй рашэння аб сумесным прэтэндэнце на пасаду прэзідэнта на выбарах 2015 года.

У «Справядлівым свеце» лічаць, што ўдзел партыі ў Кангрэсе дэмакратычных сіл па вызначэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты магчымы толькі ў выпадку папярэдняга ўзгаднення асноўных палажэнняў перадвыбарнай праграмы і сцэнарыяў удзелу апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Адпаведнае рашэнне было прынятае бюро цэнтральнага камітэта партыі 29 лістапада ў Мінску, паведаміў БелаПАН лідар арганізацыі Сяргей Калякін. 

Нагадаем, пра падпісанне дакумента па працэдуры абрання адзінага кандыдата заявілі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». У перамовах аб абранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі ўдзельнічаюць яшчэ дзве структуры: «Справядлівы свет» і Аб'яднаная грамадзянская партыя. 

«У сувязі з тым што норма аб магчымасці вылучэння дэлегатаў канрэса шляхам збору подпісаў для нас непрымальная, мы лічым немэтазгодным падпісанне гэтага дакумента», — заявіў Калякін. 

На думку партыі, збор подпісаў можа быць толькі дадатковай умовай для абрання дэлегатам кангрэса дэмакратычных сіл тых грамадзян, якія былі папярэдне абраныя на сходах жыхароў рэгіёнаў. «Мы хочам вярнуцца да таго варыянту, які ў свой час прапаноўвала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), гэта значыць, што збор подпісаў ідзе як дадатковая ўмова. Пазіцыя аб тым, што чалавек можа збіраць подпісы не вядома пад што і станавіцца дэлегатам кангрэсу, была першапачаткова непрымальная, сёння мы пацвердзілі сваю пазіцыю», — сказаў Калякін. 

Адзначым, што сямёрка апазіцыйных структур раней дамовілася аб тым, што рашэнне ад яе імя можа прымацца шляхам кансенсусу мінус адзін голас. АГП ужо заяўляла, што не будзе падпісваць цяперашні праект працэдуры абрання адзінага кандыдата. Такім чынам, прыняцце рашэння аб вылучэнні адзінага кандыдата на сёння немагчымае.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?