29.11.2014 / 20:05

25 фактаў пра новыя «Зорныя войны» + ТРЭЙЛЕР, ФОТЫ 5

1. Фільм выйдзе ў сусветны пракат у пятніцу, 18 снежня 2015 года.

2. Верагодна, беларусы, як тое нярэдка бывае, пабачаць фільм на дзень раней — кінапрэм’еры ў беларускіх кінатэатрах праходзяць у чацвер.

3. Першы тызер-трэйлер за 24 гадзіны праглядзелі больш за 7 мільёнаў раз.

4. Рэжысёрам новага эпізода стаў Джэй Джэй Абрамс, вядомы па фільмах «Зорны шлях», «Армагедон» і «Прыгожае жыццё», а таксама серыялах «Застацца ў жывых», «Грань», «Шпіёнка», «Пад прыкрыццем» і «У полі зроку».

5. Абрамс публічна адмаўляўся ад рэжысёрскага крэсла ў новых «Зорных войнах». Яго непакоілі маштабы праекту і культурная значнасць. Толькі пасля месяца перамоваў ён пагадзіўся.

6. Ад рэжысёрскага крэсла таксама адмовіліся Брэд Бёрд (уладальнік «Оскараў» за «Рататуй» і «Суперсямейку») і Мэт’ю Вон («Зорны пыл», «Людзі Ікс: Першы клас»…).

7. Рэжысёрам восьмага эпізода стане Раян Джонсан («Пятля часу»), ён жа напіша сцэнар дзявятага эпізода.

8. Стваральнік «Зорных войнаў» Джордж Лукас стаў толькі прадзюсарам фільма.

9. Кінастудыю Джорджа Лукаса Lucasfilm у 2012 годзе выкупіла за 4 млрд даляраў Walt Disney. Джордж Лукас пракаментаваў анонс новага фільма ў сусвеце «Зорных войнаў» так: «Я ведаю, што Walt Disney змогуць належна працягнуць ідэі і абараніць іх абычайнасць».

10. Сцэнар фільма напісаў Майкл Арндт («Мужная сэрцам», «Аблівіян», «Галодныя гульні: І ўспыхне полымя») паводле запісаў Лукаса, якія ён некалі рабіў для працяга «Зорных Войн». Праз пэўны час Арндт пакінуў праект, на яго месца прыйшлі сам Абрамс і Лоўрэнс Кэздан (сцэнарыст пятага і шостага эпізодаў).

11. Дзеянне сёмага эпізода разгорнецца праз некалькі дзясяткаў год пасля шостага.

12. Па словах Лукаса, «Зорныя войны» — гісторыя адной сям’і.

Верагодна, гэта намёк на тое, што ў новым эпізодзе значная роля дастанецца Люку Скайуокеру, яго сястры Леі Аргана, а магчыма і іх дзецям, аб лёсе якіх створана немала афіцыйных і фанацкіх коміксаў.

13. У сёмым эпізодзе возьмуць удзел многія акторы з арыгінальнай трылогіі:

Марк Хэміл (Люк), Кэры Фішэр (Лея), Гарысан Форд (Хан Сола) і Білі Ды Ўільямс (Лэнда Калрысіян). Таксама ў фільме возьмуць удзел у сваіх арыгінальных ролях Энтані Дэніелс (робат C3PO), Кені Бэйкер (робат R2D2) і Пітэр Мэх’ю (Чубака).

14. Актор арыгінальнай трылогіі Дэніс Лосан, які выконваў ролю гераічнага пілота Вэжда Антылеса, адмовіўся ад удзела ў сёмым эпізодзе.

15. Дарт Вэйдэр не з’явіцца ў новым фільме, як і Імператар.

Яны загінулі ў шостым эпізодзе. Адзіны шанец трапіць у сёмы эпізод — у форме ўспамінаў, «духаў Сілы» ці пасланняў-галаграм.

16. Ролі новых актораў невядомыя. У фільме з’явяцца Джон Баега (галоўная роля ў «Чужых на раёне»), Адам Драйвер (найбольш вядомы па камедыйным серыяле «Дзяўчаты») і Дэйсі Рыдлі (ніводнай значнай ролі да новых «Зорных войн»).

17. У фільме таксама возме ўдзел Энды Серіс, вядомы як Голум з «Уладара рярсцёнкаў» і «Хобіта». Невядома, якую менавіта ролю выканае майстар агучкі і Motion Capture (тэхналогія захопу рухаў для анімацыі кампютарных персанажаў). Але гэтая роля, хутчэй за ўсё, будзе камедыйнай і драматычнай адначасова.

18. У тызеры Джон Баенга, якому прарочаць галоўную станоўчую ролю ў новым фільме, з’яўляецца ў касцюме імперскага штурмавіка. Ці ён стане на бок Рэспублікі, ці ад пачатку ён быў шпіёнам Рэспублікі, ці проста выкупіў трафейны касцюм — таксама невядома.

19. Меч у руках злодзея (паводле чутак, менавіта ролю злодзея выконвае Адам Драйвер) мае незвычайную для серыі канструкцыю.

Акрамя асноўнага прамяня-ляза на гардзе ўключаюцца дадатковыя прамяні. Карысць ад іх у баі сумнеўная — калі меч ворага праслізне па асноўным прамяні да гарды, ён не сутыкнецца з прамянямі гарды, а абрубіць металічную частку. Хіба калі злодзей затрымае меч ворага перад гардай, ён зможа пашкодзіць руку ворага.

20. У тызеры не паказваюцца акторы арыгінальнай трылогіі, але падчас здымак Марк Хэміл насіў акуратную бараду. Верагодна, у фільме Люк Скайуокер будзе паўтараць знешне стыль свайго настаўніка, Обі Вана Кэнобі.

21. Найбольш па часе ў фільме паказваецца пустынная планета — верагодна, Татуін, дзе нарадзіўся Анакін Скайуокер, а затым жыў яго сын Люк.

22. У тызеры з’явіўся і «Тысячагадовы Сокал», легендарны карабель Хана Сола.

23. Таксама ў тызеры паказаны атрад імперскіх штурмавікоў у новай бліскучай брані і пагоня TIE-знішчальнікаў за «Сокалам». Верагодна, у фільме будзе паказанае супрацьстаянне Новай Рэспублікі з Аскепкам Імперыі.

24. У коміксах праз 25-30 год пасля бітвы на Явіне (прыгкладны час сёмага эпізода) адбываецца пераход на цёмны бок сілы былога джэдая, затым вядомага як Дарт Крайт. Праз сто год ён утворыць, згодна коміксам, сваю магутную Імперыю. Ці ён той злодзей з тызера — невядома.

25. У гэты ж час, згодна коміксам, на «далёкую-далёкую галактыку» нападуць юўжань-вонгі — крыважэрная раса, не чуйная да сілы. Аб’яднаная галактыка пераможа іх у чатырохгадовай вайне, але ад многіх планет застануцца адно руіны. У тызеры юўжань-вонгі не паказаныя.

Алесь Жарскі

0
бульбазаўр / Адказаць
29.11.2014 / 21:51
Хутчэй бы снежань 2015. Колькі сябе памятаю, увесь час чакаў працяг зорных войнаў і тэрмінатара.
0
1 / Адказаць
29.11.2014 / 23:22
"Уладара рярсцёнкаў" опечатка А вот я ни одной части не смотрел к 27 годам))
0
Renessaince / Адказаць
29.11.2014 / 23:43
2 бульбазаўр: на носе сьнежынь-2014, ужо хутка глядзецьмем 3-га «Хобата» ;) 2 Рэдакцыя: 12. Лея Аргана. 17. Энды Сэрыс, Глыкс з Уладара Пярсцёнкаў. 24. Прыкладны.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру