Грэчаскія археолагі дапускаюць, што пад узгоркам Каста ў горадзе Амфіполь на поўначы Грэцыі магчыма захоўваецца магіла Аляксандра Македонскага.

Пра гэта заявіла кіраўнік археалагічных раскопак Кацярына Перыстэры (Katerina Peristeri), прадстаўляючы ў суботу ў Міністэрстве Культуры Грэцыі вынікі раскопак 2012—2014 гг. Даклад выклікаў вялікую цікавасць — актавая зала Мінкультуры быў перапоўненая, абмеркаванне доўжылася 4,5 гадзіны, хоць першапачаткова форма сустрэчы нават не прадугледжвала пытанняў да археолагаў.

Пахаванне ў Амфіполі называюць найбуйнейшым археалагічным адкрыццём апошніх дзесяцігоддзяў —

пахавальны комплекс дыяметрам 158,4 метра абнесены мармуровай сцяной даўжынёй 497 метраў, у пахаванні знойдзеныя мазаіка, скульптуры сфінксаў, карыятыды. 

Раскопкі тут вядуцца з 2012 года, аднак ў жніўні, калі аказаўся зразумелы маштаб пахавання, да іх прыкавана ўвага грамадства ўсёй Грэцыі.

Знаходкі

«Гэта важнае археалагічнае месца вядомае з 1950—1960-х гадоў. Мы пачыналі ў 2012 годзе, мясцовыя жыхары казалі, што тут царскае пахаванне», — сказала Перыстэры.

Яна распавяла, што на працягу двух гадоў археолагі вялі раскопкі навакольнай сцяны, а сёлета пачалі работы ў пахаванні — паступова ачысцілі ад пяску і зямлі тры ўнутраных памяшканні пахавання, знайшлі сфінксаў, карыятыды, унікальную мазаіку з выявай сцэны выкрадання Пасейдонам Персефоны, дзе прысутнічае Гермес, які суправаджае іх на сваёй калясніцы. «Гэтыя творы сапраўды ўражваюць», — адзначыла археолаг.

У выніку ў ходзе раскопак быў знойдзены шкілет, які перададзены для даследавання антраполагам.

Паводле Перыстэры, летам яна распавяла аб унікальнай знаходцы прэм'ер-міністру Антонісу Самарасу. «Самарас зразумеў важнасць помніка і забяспечыў меры па яго ахове», — адзначыла кіраўніца раскопак.

Археолагі датуюць пахаванне апошняй чвэрцю IV стагоддзя да нашай эры, разам з тым у пахаванні знойдзеныя манеты трох перыядаў — з выявай Аляксандра IV ст. да н. э., II ст. да н. э. і III ст. н. э.

Перыстэры ў ходзе дакладу паказала фатаграфіі толькі часткі знаходак. Прысутныя навукоўцы запатрабавалі, аднак, паказаць фатаграфіі шкілета.

«Фотаздымкаў няма», — заявіла Перыстэры, выклікаўшы бурнае абурэнне часткі навукоўцаў.

«Вы што, не фіксавалі як ён размешчаны? Як гэта магчыма?», — заявіла адна з археолагаў.

У рэшце рэшт Перыстэры ўсё ж такі паказала два здымкі костак ў зямлі, але што-небудзь вызначыць па іх, на думку спецыялістаў, немагчыма.

У ходзе дыскусіі высветлілася, што быў знойдзены чэрап. А на пытанне, ці былі знойдзеныя усе часткі шкілета, кіраўніца раскопак адказваць не стала.

У выніку ўмяшалася генеральны сакратар Мінкультуры Ліна Мендоні, яна растлумачыла, што цэласнасць шкілета была «парушаная», чэрап знаходзіўся побач з саркафагам, былі знойдзеныя іншыя косткі, але вызначыць, каму належыць шкілет — мужчыну або жанчыне — археолагі не могуць, і трэба, каб парэшткі вывучылі спецыялісты.

Акрамя гэтага высветлілася, што ў пахаванні знойдзеная і кераміка, што дазваляе даволі дакладна датаваць знаходку, аднак фатаграфіі керамікі таксама не былі прадстаўленыя.

Зброі ў пахаванні не было, але, як лічаць археолагі яе маглі выкрасці рабаўнікі магіл, паколькі былі выяўленыя толькі часткі шчыта.

Навукоўцы заявілі, што незадаволеныя тым, што ім не даюць поўнай інфармацыі і, на іх думку, хаваюць унікальныя знаходкі.

Кіраўніца раскопак прызнала, што пад узгоркам могуць быць і іншыя пахаванні.

«Завершанае даследаванне менавіта дадзенага пахавання. Я не выключаю, што мы ўпусцілі нешта. Помнік мае і іншыя элементы, цяпер толькі пачаліся іх геафізічныя даследаванні», — заявіла Перыстэры, на думку якой, іх вынікі будуць гатовыя праз два-тры месяца.

Хто?

Галоўнае пытанне, якое хвалявала ўсіх, — хто пахаваны ў Амфіполі?

Перыстэры катэгарычна адмовілася назваць якія-небудзь імёны і агучыць версіі, але сказала, што пакуль нічога нельга выключыць.

«Мы не ведаем нават хто менавіта — мужчына або жанчына — пахаваны тут», — сказала яна. Перыстэры не выключыла, што гэта магіла вядомага палкаводца. «Леў на вяршыні і такі вялізны помнік сведчаць, што тут можа быць пахаваны военачальнік. Я не кажу пра тэорыі, што тут можа быць пахаваны Аляксандр Вялікі», — сказала Перыстэры.

На пытанне, ці не пахаваны тут хто-небудзь з членаў сям'і Аляксандра Македонскага або нават сам Аляксандр Вялікі, яна адказала: «Нічога нельга выключыць і нічога нельга сказаць з упэўненасцю».

Раней з'яўляліся паведамленні, што нябожчык не быў забальзамаваны. Гэта выключала версію, што парэшткі належаць Аляксандру Македонскаму, які памёр у Егіпце. Аднак, у той жа час, паводле словаў удзельнікаў канферэнцыі, даследаванні шкілета яшчэ не пачаліся.

Археолагі пакуль не могуць назваць і аўтара манументальнага збудавання.

На іх думку, аўтараў магло быць некалькі. Што тычыцца вядомага архітэктара і скульптара Дынакрата, які жыў у час праўлення Аляксандра Македонскага, то ён тварыў у Александрыі і наўрад ці мае дачыненне да гэтага помніка, заявілі навукоўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?