Яго мяркуецца прыняць на Кангрэсе ў абарону незалежнасці, які мае адбыцца 21 снежня. Яго арганізуюць Рада беларускай інтэлігенцыі і Таварыства беларускай мовы. Да іх нечакана далучылася лукашэнкаўская Ліберальна-дэмакратычная партыя.

Месца правядзення форуму пакуль невядомае.

Прапануем Вам азнаёміцца з праектам Маніфеста.

Праект

Маніфест у абарону незалежнасці Беларусі

Мы, удзельнікі Усебеларускага кангрэса, усведамляючы сваю адказнасць за лёс Беларусі, жадаючы захаваць нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі беларускага народа,

усведамляючы прыярытэт нацыянальных інтарэсаў перад прыватнымі палітычнымі амбіцыямі, кіруючыся імкненнем забяспечыць сувэрэнітэт і свабоду нашай Бацькаўшчыны, і вярнуць дзяржаўныя структуры Рэспублікі Беларусь на шлях служэння беларускаму народу,

дзейнічаючы ў межах нашых законных правоў, прымаем гэты Маніфест.

* * *

Мы нагадваем, што ў найноўшай гісторыі дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны быў абвешчаны ў Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларусі 27 ліпеня 1990 года «Аб дзяржаўным суверэнітэце».

У артыкуле 1 Дэкларацыі адзначаецца, што Беларусь - суверэнная дзяржава, якая паўстала на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу.

Носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з'яўляецца беларускі народ, які складаюць грамадзяне усіх нацыянальнасцяў (арт.2 Дэкларацыі).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г., пацвердзіла асноўныя палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Так, у частцы другой артыкула 1 Канстытуцыі замацоўваецца, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Аднак змены ў выніку рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў прывялі да парушэння фундаментальных нормаў Дэкларацыі і Канстытуцыі Беларусі.

Сур'ёзная пагроза суверэнітэту дзяржавы ўзнікла ў сувязі з заключэннем дамоваў з Расійскай Федэрацыяй аб стварэнні так званай «саюзнай дзяржавы». Яна выклікала арганізаваны пратэст дэмакратычнай грамадскасці і скліканне Усебеларускага з'езда 29 ліпеня 2000 года. На ім быў прыняты Акт аб Незалежнасці Беларусі, у якім адзначалася, што «суверэнітэт краіны не можа быць абмяжаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, а нават праз рэферэндум». У ім таксама была прызнана, што не маюць законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне сверэнітэту Беларусі.

Новая сур’ёзная пагроза незалежнасці краіны звязаная найперш з значнымі зменамі ў геапалітыцы, калі распачаліся спробы ўсталявання новага сусветнага парадку, выкліканыя дзеяннямі кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі.

Мы, удзельнікі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, звяртаем увагу на тое, што рэальную пагрозу нясе ў сабе падпісаны Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Шэраг палажэнняў гэтага Дагавора супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, эканамічныя інтарэсы нашай краіны істотна разыходзяцца з палітыка-эканамічнымі арыенцірамі такіх дзяржаваў, як Расія і Казахстан.

Мы заяўляем:

Беларусь - гэта наш дом, у якім мы хочам будаваць сваё жыццё і гадаваць наступныя пакаленьні. Наша зямля не павінна быць «шчытом», «фарпастом» ці «буферам» для суседніх дзяржаваў. Размяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю. Беларусь – краіна, у найбольшай ступені пацярпелая ад Чарнобыльскай катастрофы, і гэта адбіваецца на здароўі нашых суайчыньнікаў. Кіраўніцтва краіны павінны спыніць шматгадовую практыку замоўчвання ды ігнараваньня наступстваў чарнобыльскай праблемы.

Нашу занепакоенасць і вялікую трывогу выклікае таксама будаўніцтва атамнай станцыі на тэрыторыі Беларусі, рашэнне аб якім было прынята без уліку меркавання беларускага народа.

Мы не можам заставацца абыякавымі да дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Нацыя старэе і паступова вымірае. Нам неабходна зрабіць палітычныя і эканамічныя захады, якія б спрыялі ўмацаванню моладзі на радзіме, давалі магчымасць для яе самарэалізацыі, стварэння сям’і, нараджэння і гадавання дзяцей.

Мы заяўляем, што наша зямля і яе нетры не павінны бескантрольна аддавацца ва ўласнасць ці арэнду замежным грамадзянам або дзяржавам. Усе інвестыцыйныя праекты, звязаныя з новым будаўніцтвам, павінны прымацца са згоды і пад кантролем мясцовага насельніцтва.

* * *

Прымаючы пад увагу, што ўступленне ў сілу з 1 студзеня 2015 года Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе можа стаць асновай для страты дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, прывесці да страты дзяржаўнасці беларускай мовы, ператварыць Беларусь у адзін з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, пазбаўлены права самастойна ажыццяўляць сваю ўнутраную і знешнюю палітыку, патрабуем ад уладаў неадкладна скасаваць Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Мы заяўляем, што ўсе пагадненні і Дагаворы, якія былі заключаны з парушэннем Канстытуцыі і якія ставяць пад пагрозу незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны, павінны быць перагледжаны.

Мы аб'яўляем ўсім краінам і народам, міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца дзяржавай суверэннай, нейтральнай і без’ядзернай.

Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і рухі, патрыятычна настроеных грамадзян падтрымаць сапраўдны Маніфест і ўліцца ў агульнанацыянальную кампанію ў абарону незалежнасці нашай краіны.

Маніфест прыняты на пасяджэнні Кангрэса і адкрыты для падпісання іншымі суб'ектамі грамадзянскай супольнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0