Іран патрабуе ў беларускіх уладаў экстрадыцыі свайго грамадзяніна. На радзіме яго вінавацяць у забойстве маці і брата — а гэта значыць, яго чакае смяротнае пакаранне.

Алена і Мерхдад пазнаёміліся ў студзені 1993 года. Іранцу тады было 27 гадоў, ён прыехаў у Мінск з Японіі, дзе працаваў некалькі гадоў на аўтамабільным прадпрыемстве.

У нашай краіне Мерхдад вырашыў адкрыць невялікі бізнэс. Мінчанка Алена, маладзейшая за свайго будучага мужа на 4 гады, ужо мела за плячыма развалены шлюб і гадавалую дачку.

Знаёмства было не надта тыповым для Беларусі: маладыя людзі сустрэліся за гульнёй у «Бінга». Алена даўно захаплялася ёю, а ў адзін з вечароў на гульню завітаў і Мерхдад з перакладчыкам. Слова за слова, недзе праз перакладчыка, недзе па-англійску… Карацей, закруцілася.

«Шчыра кажучы, сур’ёзных зносін я не планавала, — прызнаецца Алена. — Так, здавалася, захапленне. Ды і я не зусім яшчэ адышла ад свайго няўдалага шлюбу… Але страшна не было — я адчувала, што гэта зусім іншы чалавек, чым мой былы муж».

Мерхдад з Аленай пачалі сустракацца. Так прайшло паўгода.

Улетку яны вырашылі з’ездзіць разам адпачыць. Выбралі Крым. Але вярнуліся адтуль ужо не адныя — падчас паездкі Алена зацяжарыла. Калі высветлілася, што Алена чакае дзіця, маладыя людзі з’ехаліся. Нарадзілася дачка, але афармляць свае зносіны пара не спяшалася.

«Я не была надта ўпэўненая, ці варта распісвацца. Усё ж такі вопыт першага шлюбу ў мяне быў даволі непрыемны. Мне здавалася, што лепш будзе пэўны час проста пажыць разам», — тлумачыць Алена.

Так яны пражылі некалькі гадоў. За гэты час у сям’і нарадзіўся яшчэ і сын.

Бацька ў гэты час займаўся бізнэсам. У яго была фірма «Моніка», праз якую ён вазіў з Ірана ў Беларусь разнастайныя прамысловыя тавары: ад станікаў да мэблі. Неўзабаве справу давялося закрыць. Мерхдад прывёз з Ірана не адну фуру тавару, як звычайна, а дзве. Але ён не ўлічыў, што якраз перад тым у Беларусі ўзняўся кошт размытнёўкі. Адкладзеных грошай не хапала, іранец звярнуўся па дапамогу да знаёмых, але ў выніку застаўся без тавару.

Пасля ён стаў займацца візамі, дапамагаў ахвотным атрымаць канадскую.

Некалькі гадоў гэты занятак карміў сям’ю. Алена тым часам нарадзіла яшчэ адну дачку.

Але ў 2005 годзе высветлілася, што адна з віз, да афармлення якой меў дачыненне Мерхдад, была фальшывай. Іранца пасадзілі на 8 гадоў за махлярства.

Мерхдада выпусцілі праз 4,5 года, але дэпартавалі ў Іран і на 5 гадоў забаранілі ўезд у нашу краіну. «Калі б у свой час мы ажаніліся, можа, такога б не здарылася — ён атрымаў бы права на жыхарства», — наракае Алена.

Высылкай Мерхдада праблемы не абмежаваліся. Яшчэ раней, пакуль іранец быў у турме, Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў. Прычына простая — алкаголь.

Як прызнаецца сама жанчына, у яе проста скончыліся сілы, і яна не вытрывала. «Я проста згубілася. Без жылля, чацвёра дзяцей на руках…» — узгадвае яна.

У 2009 годзе Алена атрымала 3 гады «хіміі». Гаспадары дома ў Ратамцы, які яна здымала разам з іранцам, узялі да сябе іх дзяцей.

Атрымалася, што, калі Мерхдад выйшаў з турмы, свой тэрмін адбывала ўжо Алена. Іранцу дазволілі вярнуцца ў Беларусь не праз 5 гадоў, а ўжо праз год. У лістападзе 2010, калі ён прыехаў у Мінск, ягоныя дзеці жылі ў іншай сям’і, іх маці адбывала тэрмін на «хіміі». Сітуацыю простай не назавеш, але гэта былі яшчэ не ўсе праблемы.

Калі Алена рэгістравала дзяцей, яна давала кожнаму з іх сваё дзявочае прозвішча. У выніку, даказваць сваё бацькоўства Мерхдаду прыйшлося з дапамогай аналізу ДНК. Праз суд іранец забраў іх да сябе.

У 2011 годзе Алена і Мерхдад усё ж вырашылі зарэгістраваць шлюб, хоць нявеста яшчэ была на «хіміі». За добрыя паводзіны жанчына атрымала тры дні выходных. Падчас іх і згулялі вяселле. Праз год сям’я нарэшце ўз’ядналася. І Мерхдад паехаў у Іран на заробкі. Да таго ж, у Тэгеране ў яго засталіся маці і старэйшы брат, хацелася наведаць і іх.

Жыццё сям’і перавярнулася 27 снежня 2012 года. Аказалася, што ў Іране зніклі маці і брат Мерхдада, а яго самога падазраюць у іх забойстве. Па словах Алены, пазней стала вядома, што зніклых сваякоў знайшлі замураванымі ў сцяну іх уласнага дома ў Тэгеране.

Іранца пакінулі ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Дазвалялі перадаваць толькі цыгарэты і ваду, але ніякіх лістоў і спатканняў. Мерхдад не вытрымаў і наглытаўся таблетак. Нібыта хацеў скончыць жыццё самагубствам. Іранца адправілі ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінках, а пасля выпіскі адтуль яго нарэшце адпусцілі.

Мерхдад звярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай прызнаць яго бежанцам.

Пакуль гэтая справа разглядалася, жыццё Джамшыдзіянаў нарэшце пачало прыходзіць у норму. Алена аплаціла свае даўгі па аліментах, аднавіла бацькоўскія правы і ўладкавалася працаваць на кухню казіно «Вікторыя». Мерхдад займаўся ўнутраным аздабленнем катэджаў. Не шыкавалі, але грошай хапала.

Сёлета ў чэрвені іранца зноў затрымалі, бо ў статусе бежанца яму адмовілі. Мерхдад зноў апынуўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

«Я жыву адна з двума непаўналетнімі дзецьмі на здымнай кватэры. Грошай не хапае, бо заўсёды зарабляў Мерхдад, — расказвае Алена. — Мне нядаўна тэлефанаваў інспектар з АВІРа і прапаноўваў, каб я за свае грошы набыла Мерхдаду квіток на самалёт у Іран, уяўляеце?»

Па яе словах, Мерхдад спачатку быў гатовы ехаць на радзіму. Але потым зразумеў, што яму можа пагражаць смяротнае пакаранне, таму і вырашыў застацца ў Беларусі. Сама яна не верыць у тое, што ён мог забіць сваіх сваякоў.

«У самой справе ёсць нюансы: напрыклад, спачатку ў дакументах стаяў адзін тэрмін, у які было здзейснена забойства. Але ў гэты час Мерхдад ужо знаходзіўся ў Беларусі! І ў наступных дакументах тэрмін змяніўся на той, калі ён наведваў Тэгеран», — распавядае Алена.

Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, будучыня Мерхдада пакуль не вырашана.

Ён падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека пры ААН. Адтуль прыслалі беларускім уладам ноту аб ужыванні часовых мер: іншымі словамі, параілі не спяшацца з высылкай Мердхдада.

«Разглядаць такую справу могуць на працягу некалькіх гадоў. Нашы ўлады могуць выслаць Джамшыдзіяна з краіны яшчэ да рашэння ААН, наша права гэта дазваляе», — кажа Раман Кісляк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?