Спадарства, раз мы ўжо па горла ў г…е, возьмемся за рукі!

(М.Жванецкі)

Ёсць у Каэльа такая фраза: гісторыя аднаго чалавека — гэта гісторыя ўсяго чалавецтва. Яна цалкам можа быць дапаможным эпіграфам да майго аповеда, паколькі ён прэтэндуе на абагуленасць высноў. Размова пойдзе пра гісторыю забойства найстарэйшага беларускага праектнага інстытута Белдзяржпраект. Пра тое, як пацыент жыў, пакуль займаўся самалячэннем, і пра тое, як на нашых вачах выдае апошні ўздых у выніку прызначаных працэдур.

Я б хацеў сказаць, што дадзены, быццам бы асобны, выпадак на самай справе вельмі агульны, і межаў абагульнення, скажам шчыра, не відаць. Так што, як вучылі нас на ўроках матэматыкі, — трымаем цытату ў памяці.

Такім чынам. У 1933 годзе ў выніку зліцця філіяла Гіпрагора РСФСР і праектна-канструктарскай канторы трэста «Белдзяржбуд» была створана адзіная праектная арганізацыя Белдзяржпраект. Менавіта яна ад гэтага часу абслугоўвала самыя значныя будоўлі ў нашай краіне. Разрастаючыся ў гады дабрабыту да 1,5 тыс. супрацоўнікаў і ссохшыся ў тры разы ў перыяд росквіту справаздачнасці ў 2000-я, Белдзяржпраект, тым не менш, захаваў ўсе профільныя кірункі, усіх самых моцных спецыялістаў і гэтак далей.

Увогуле, здавалася, што прадпрыемства, якое мае і імя, і спецыялістаў, неяк такі выберацца з тых эканамічных перыпетыяў, у якія часта трапляюць буйныя дзяржаўныя арганізацыі з прычыны, у першую чаргу, сваёй дзяржаўнасці. Бо праблемы такіх кампаній, акрамя ўсяго іншага, абумоўлены і спецыфікай канкурэнцыі з дробнымі прыватнымі арганізацыямі. Супрацоўніцтва з дзяржаўнай кампаніяй часцяком абыходзіцца заказчыку істотна даражэй, затое такія падрадчыкі маюць магчымасць утрымліваць спецыялістаў для выканання работ поўнага цыклу. Скажам, маленькае архітэктурнае бюро не зможа запраектаваць буйны прамысловы комплекс, бо не мае сертыфікаваных спецыялістаў па ўсіх неабходных відах работ. Але паколькі рашэнні прымае ў нас шмат хто, хто ведае мала што, — таннасць ёсць першачарговым крытэрыем, а ён з пастаўленай задачай суадносіцца не павінен.

Такім чынам, дробныя кампаніі рэгулярна атрымліваюць дзяржаўныя заказы, якія драбняцца і часткова вяртаюцца ў дзяржаўныя інстытуты наглядальнымі органамі ў моманты аўралу. Інакш кажучы, не прайшоўшы з 35-га разу экспертызу, экспертны орган сам нясе праект на дапрацоўку ў профільны інстытут, які абавязваюць «жэстачайша» разабрацца і не тармазіць будаўніцтва. Зразумела — бясплатна, бо грошай у дзяржавы ў момант ікс ніколі няма.

Нягледзячы на гэтае бязладдзе, Белдзяржпраект, нават не дабіраючы заказы ў Беларусі, знаходзіў іх і ў Расіі, і ў Казахстане, даючы сваім супрацоўнікам магчымасць годна зарабляць нягледзячы на невысокія намінальныя аклады за кошт КТУ (каэфіцыента тэхнічнага ўдзелу супрацоўніка). Г.зн., ведучы прыбытковыя праекты, кіраўніцтва інстытута забяспечвала супрацоўнікаў цалкам прымальнымі заробкамі.

Але ў 2014 грошай стала сур’ёзна не хапаць. Таму пачалася аптымізацыя плошчаў, рэарганізацыя аддзелаў і гэтак далей.

У гэтым месцы заканчваецца гісторыя нумар адзін і пачынаецца другая.

Паралельна з Белдзяржпраектам жыў сабе ўласным жыццём і ішоў па ўласным шляху іншы заслужаны інстытут пад назвай Дзіпрасельбуд. І было ў яго, на першы погляд, усё тое ж. Свая гісторыя, свой будынак, свае супрацоўнікі. Але ў дэталях былі некаторыя адрозненні. Напрыклад, у яго не было замоваў і кліентаў. Гэта значыць, грошай. Тым не менш, аклады там былі істотна вышэйшыя, чым у Белдзяржпраекце. Настолькі вышэйшыя, што цяжка было зразумець, навошта адны людзі працуюць за прыбаўку КТУ (умоўна кажучы, за «адсотак ад рэалізацыі») да сваіх маленькіх акладаў, калі можна не працаваць, але мець аклад вялікі і гарантаваны. Схема гэтага дабрабыту, дарэчы, знаёмая нам у маштабах краіны. Дзіпрасельбуд, які ўжо доўгі час не мог збудаваць на паперы нічога, акрамя, груба кажучы, кароўніка, браў крэдыты. І браў упэўнена. І, калі прыйшла пара крэдыты аддаваць, высветлілася, што вяртаць не проста няма чаго, а наогул няёмка пра гэта казаць. Гэта як сказаць, што ў цябе ў кашальку адмоўныя значэнні, у галаве адмоўныя веды, а з плячэй растуць адмоўныя рукі.

Адказ на пытанне, як плаціць зарплату, калі няма чым плаціць зарплату, быў не столькі нават знойдзены, колькі зноў паўтораны. Чыноўнікі ўсё разумелі. І разумелі, як заўсёды, — адно. Метад выратавання быў квадратна просты, але сфармуляваны мудрагеліста: «для павышэння канкурэнтаздольнасці і ўстойлівасці ва ўмовах эканамічнай сітуацыі, што склалася на дадзены момант».

Было загадана аб’яднаць Белдзяржпраект і Дзіпрасельбуд. Усяго дзялоў.

Таксама Белдзяржпраекту варта было прыняць на сябе і доўг Белгіпросельбуда, памер якога быў высветлены трохі пазней.

Незразумела, чаму гэтая геніяльная схема выкаранення галечы пакуль не апрабавана на фізічных асобах. Бярэцца, да прыкладу, на вуліцы дзядзечка, апрануты багацей, і замацоўваюцца за ім адзін-два бамжы. Разам з нядаўна ўзятым на іх імя сацыяльным крэдытам. Чакаецца, што бомж перастае галадаць, а дзядзечка, калі хоча жыць, будзе і далей круціцца, але з падвоенай сілай. Далей — абвяшчаецца, што цяпер гэты гібрыд, які пахне «Шанэллю» з аднаго боку і фекаліямі — з другога, зробіцца моцна канкурэнтным «ва ўмовах эканамічнай сітуацыі, што склалася на дадзены момант».

Так у свой час дзівілася камісія МВФ з наяўнасці ў нашага Нацбанка на балансе дзесяці стратных калгасаў. Так, я ўпэўнены, дзівіліся работнікі Мінскага завода пеністых вінаў, калі ім перадавалі як сацнагрузку малочную ферму.

Але што зробіш. Для азнаямлення з памерамі трагедыі была сфарміраваная камісія, якая адправілася вывучаць спадчыну Белдзіпрасельбуда.

Першыя вынікі інвентарызацыі не прымусілі сябе доўга чакаць.

Па-першае, імгненна выявілася нястача на суму больш за паўмільярда рублёў.

Па-другое, аказалася, што правесці інвентарызацыю абавязацельстваў немагчыма з прычыны непрадастаўлення першаснай дакументацыі.

Далей, галоўбух інспектаванай арганізацыі ўхітрылася ў аднабаковым парадку «знайсці» ўсю зніклую маёмасць праз два тыдні пасля сканчэння інспекцыі (праўда, знайсці выключна на паперы).

Асаблівае ўражанне на камісію зрабілі скрыні з нераспакаванай мэбляй, незразумела кім і для чаго набытай, якія валяліся проста ў калідорах.

Карацей кажучы, карціна ў справаздачах паўстала, калі праз коску, такой:

— Дзіпрасельбуд — гэта арганізацыя, якая мае праекты, незавершаныя ажно з 2012 года;

— не мае ніякага бізнэс-плана і сістэмы дамоў з кліентамі,

— пастаянна бярэ крэдыты пад бясконцыя матэрыяльныя добраўпарадкаванні і зарплаты работнікаў, 60 % якіх нават не ўмеюць карыстацца камп’ютарам і аплата працы якіх не залежыць ад колькасці атрыманых замоваў,

— размяшчае супрацоўнікаў па 2—3 чалавекі ў вялізных памяшканнях і ніяк не спрабуе скараціць свае выдаткі.

Акрамя таго, стала ясна, што доўг, які патрабуецца адначасова пагасіць — ні мала ні многа — 2 млрд рублёў, а дадатковыя плацяжы па арэндзе складуць 91 млн рублёў.

Але самае галоўнае, незразумела, куды падзець далучаных супрацоўнікаў, якія даўным-даўно ніякай кваліфікацыі не маюць. «Ратавальнікі» з міністэрства прапанавалі Белдзяржпраекту іх у штат, а ў будучыні ці за свой кошт іх перанавучыць, ці звольніць з выплатай трох «дзіпрасельбудаўскіх» акладаў.

Жахнуўшыся, Белдзяржпраект пачаў пісаць лісты, у якіх паказаў, што ў выпадку, калі на яго павесяць ўсю гуманітарную дапамогу, — ён проста страціць уласных супрацоўнікаў, і прапанаваў ліквідаваць Дзіпрасельбуд праз працэдуру банкруцтва. Натуральна, высокаму начальству на гэта прапанову было пляваць.

Дырэктару Белдзяржпраекта, які пачаў зачытваць у Міністэрстве архітэктуры свой зварот аб немагчымасці аб’яднання, прамову скончыць не далі і прапанавалі скласці з сябе паўнамоцтвы, што ён і зрабіў 10 кастрычніка.

Пасля распачатай працэдуры аб’яднання, усе самыя змрочныя прагнозы пачалі спраўджвацца. Супрацоўнікі, якія атрымлівалі голыя аклады без надбавак, сталі шукаць іншыя месцы працы. Дарэчы, будзе нялішнім прывесці велічыню гэтых самых акладаў:

Інжынер — 2,5 млн рублёў;

Вядучы інжынер — 3,5 млн рублёў;

Галоўны спецыяліст — 3,7 млн рублёў;

Нам. дырэктара — 4,6 млн рублёў;

Галоўны інжынер інстытута — 4,8 млн рублёў.

Сітуацыя ўскладнялася і тым, што Белдзяржпраект не так даўно пабудаваў для сваіх супрацоўнікаў жылы дом, і вялікая частка спецыялістаў мела вялікія крэдыты, якія наўрад ці можна пагашаць трохсотдаляравымі заробкамі. Таму ўсе, у каго скончыліся кантракты, пачалі масава звальняцца, а тыя, хто пакуль звязаны кантрактнымі абавязальніцтвамі, чакаюць першых парушэнняў з боку працадаўцы. І такія парушэнні, вядома ж, неўзабаве з’явяцца. Бо інстытут не зможа своечасова выплаціць нават мізэрныя, гарантаваныя аклады, паколькі абавязаны ў найбліжэйшы час пачаць выдаваць выхадныя дапамогі былым работнікам Дзіпрасельбуда, якія, як і загадана клапатлівымі чыноўнікамі, прынятыя ў штат і, натуральна, адразу ж з-за непатрэбнасці звольненыя па скарачэнні.

На дадзены момант у інстытуце, як я разумею, працягваюць працаваць пенсіянеры, энтузіясты і «тыя, што чакаюць апакаліпсісу». Яны і завяршаюць самыя значныя аб’екты тыпу прэзідэнцкай бальніцы ў Ждановічах, цэнтра пажарнай бяспекі і г.д. Аб’екты, праектаваць якія ва ўмовах падазронай ліквідацыі аднаго праектнага інстытута за адным, проста больш няма каму.

У Белдзяржпраекце, напрыклад, запраектаваны цэлы мікрараён Лябяжы. Цяпер будаўніцтва рэзка пачатае, і гэта добра. Але вось людзі, якія праектавалі гэты аб’ект — звольніліся, дый сам інстытут хутчэй мёртвы, чым жывы. Хто будзе ажыццяўляць нагляд і суправаджаць такую маштабную будоўлю, няясна і, мабыць, нікому не цікава, раз перад «грамадствам» паўстае такая высакародная задача, як выратаванне збанкрутавалага інстытута.

Усё гэта, вядома, сумна. Але вось думаць пра тое, як бессэнсоўныя людзі ў бессэнсоўных кабінетах генеруюць свае бясконцыя клопаты за чужы кошт, клопаты, якія па сваёй разбуральнай сіле цалкам сувымерныя з дзейнасцю дасканалай элітнай дыверсійнай групы — сумна ўдвая. Думаць пра тое, як яны, айцы родныя, пішуць справаздачкі, дакладзікі, у якіх слоўцы і сказікі. І высноўкі. Агульныя і прыватныя. Але нязменна радасныя і поўныя надзеі. Як мы дапамаглі, як мы палепшылі, як мы выратавалі таварышаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?