03.12.2014 / 18:12

Курэйчык: Уручэнне нацыянальнай тэатральнай прэміі прайшло па-ярмошынску! Дудараў: Усё нармальна! 8

Трэці рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія», які прайшоў 30 лістапада ў Мінску, выклікаў пытанні да яго арганізатараў.

Шэраг незалежных тэатральных дзеячаў і крытыкаў адразу заявіў, што правядзенне конкурсу ў новым фармаце – гэта вяртанне ў Савецкі Саюз.

«Калі гэтую прэмію толькі стваралі, то хацелі адысці ад савецкага шаблона і зрабіць па прынцыпу еўрапейскіх і амерыканскіх акадэмій. То бок, узнагароджваць пераможцаў павінна было не вузкае журы, а амаль уся тэатральная супольнасць», — кажа сцэнарыст і драматург Андрэй Курэйчык.

Нагадаем, што ў 2011 годзе, напярэдадні першага конкурсу была сфарміравана Беларуская тэатральная акадэмія, якая і прызначала пераможцаў прэміі. Прадстаўнікі ўсіх тэатраў Беларусі, прычым па некалькі чалавек ад кожнага тэатра, прадстаўнікі творчых саюзаў плюс драматургі — агулам гэта больш за сотню чалавек — з’язджаліся ў Мінск на тыдзень, глядзелі ўсе спектаклі-намінанты, а ў апошні дзень праводзілася таемнае галасаванне і ўзнагароджванне пераможцаў.

Прычым, для арганізацыі мерапрыемства наймалі незалежную кампанію, якая прафесійна займаецца правядзеннем канцэртаў, фестываляў і іншых імпрэзаў. А падлікам галасоў займалася таксама незалежная юрыдычная кампанія.

«Першыя дзве прэміі і ўручаліся па такой сістэме. І гэта выклікала шок.

Бо, высветлілася, што ні Мінкульт, ні мэтры ніяк не могуць паўплываць на вынік, — распавядае Курэйчык. — Гэтай структурай кіраваць было немагчыма. І чыноўнікі прыпынілі гэтую прэмію, год яна не прысуждалася.

Хутка з пасады сышоў міністр Латушка, і старыя наменклатурныя львы паднялі галовы. Святлоў, новы міністр культуры, вярнуў усё да савецкіх шаблонаў. Цяпер прэмію ўручае журы з адзінаццаці чалавек, якія прызначаюцца Мінкультам. Большасць з іх даўно ўжо актыўна ў тэатральным жыцці не ўдзельнічаюць».

Да таго ж, падкрэслівае драматург, адразу палезлі «нюансы». Арганізоўваў прэмію Купалаўскі тэатр, і, з гэтай нагоды яго і не разглядалі сярод магчымых пераможцаў — бо гэта б глядзелася «ўжо занадта». Нарабіў шмат шуму спектакль «Дзяды» — але ён нічога не атрымаў, бо быў пастаўлены прыватным тэатрам «Ч», а прыватны тэатр атрымаць галоўную ўзнагароду не можа, кажа Курэйчык.

«Я працаваў некаторы час у Саюзе тэатральных дзеячаў, і ведаю, як тэатральныя прэміі ўручаліся раней.

Прынцып быў просты — вузкае кола абмяркоўвала, што ў гэтым годзе трэба пашанаваць вось гэтага мэтра, а ў гэтым — вось таго харошага хлопца. І цяпер мы зноў да гэтага вяртаемся. Галоўны прыз уручала Ярмошына, раней з’яўленне на сцэне такога чалавека было немагчыма. А цяпер… Гэта выглядае як суперіронія. Цяпер гэта былі сапраўды ермошынскія выбары».

Дудараў: «Я заўсёды быў супраць натоўпу!»

Вядомы драматург, сцэнарыст і тэатральны дзеяч Аляксей Дудараў не пагадзіўся са сваім малодшым калегам.

«Рэфармаваць прэмію трэба было. Бо тое, што ў нас раптам аказалася больш за сотню гэтых акадэмікаў, гэта ненармальна. Пакуль сур’ёзныя дзеячы былі занятыя, прыязджалі другасныя артысты і адміністратары, якія вырашалі лёс гэтай прэміі, — кажа Аляксей Ануфрыевіч.

— Я ж заўсёды быў супраць натоўпу. Мне ж падаецца, што выбіраць пераможцаў павінны мэтры, і іх не трэба багата. Можа дзесяць, можа пятнаццаць чалавек, але не сто. Калі сто чалавек з усёй краіны, якія так ці інакш адносяцца да тэатральнага мастацтва, прыязджаюць і вырашаюць праблемы прэміі — на маю думку, гэта няправільна».

Што ж тычыцца вынікаў сёлетняй прэміі, то Дудараў сказаў, што паўнавартасна ацаніць іх не можа. Ён прызнае, што сам бачыў не ўсе спектаклі.

«Я глядзеў не ўсе пастаноўкі. Але, на маю думку, тое, што адзначылі спектакль Тэатра беларускай арміі «Снежная Каралева», да якога я маю дачыненне, — гэта справядліва, балет «Вітаўт» з маім лібрэта — таксама справядліва. Што тычыцца «Дзядоў», то я спектакля не бачыў. Але меркаванні аб ім чуў даволі розныя», — пракаментаваў сітуацыю Дудараў.

Фота «Настаўніцкай газеты».

Далейшая працэдура вылучэння журы пакуль невядома. Той жа Дудараў прапанаваў, каб кожны тэатр абіраў нейкага «мэтра», які і будзе ўдзельнічаць у галасаванні. Аднак, чарговы раскол на «сваіх» і «чужых» у тэатральнай сферы хутчэй за ўсё непазбежны — пазіцыю Курэйчыка падтрымлівае моладзь і незалежныя тэатральныя ініцыятывы.

За пазіцыяй Дударава стаяць «мэтры» беларускага тэатра, і, што важна, — Міністэрства культуры.

УШ

0
сімптаматычна / Адказаць
03.12.2014 / 18:40
Як я зразумеў сп. Дударава, справядліва толькі тое, што адзначылі спектаклі з удзелам Дударава...
0
belariy / Адказаць
03.12.2014 / 19:02
ну так хай зробяць дзьве прэміі. адну хай вырашаюць 10 пенсіянераў і ўручае ярмошына. а другую хай вырашае моладзь.
0
гарадзень / Адказаць
03.12.2014 / 19:08
..задудзела старая дуда.. i палезла са шчылiн нуда..
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру