Расійская Федэрацыя выдзеліла Беларусі $900 тыс. на рэалізацыю дэмаграфічнага праекта Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).

Сёння ў Мінску адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб фінансаванні праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Подпісы пад дакументам паставілі дырэктар рэгіянальнага офіса ЮНФПА для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Хейма Лааконен і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў. 

Праект разлічаны на 30 месяцаў. Агульны аб'ём фінансавання — $1 млн 140 тыс., з іх Расійскай Федэрацыяй выдзелена $900 тыс., Фондам ААН у галіне народанасельніцтва — $180 тыс., Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) — $60 тыс.

Як адзначыў Аляксандр Сурыкаў, нягледзячы на дадатныя тэндэнцыі ў развіцці дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі, патрэбны дадатковыя намаганні для таго, каб гэтыя тэндэнцыі сталі «канчатковымі і беспаваротнымі». Дэмаграфічныя праблемы актуальныя не толькі для Беларусі, але і для Расіі, краін Еўрасаюза, іншых краін свету. Аляксандр Сурыкаў выказаў удзячнасць структурам ААН — ЮНФПА і ЮНІСЕФ — за ўдзел у суфінансаванні праекта, нацэленага на забеспячэнне ўстойлівага прыросту колькасці насельніцтва.

Хейма Лааконен падкрэсліў, што гэта першы такі маштабны праект з удзелам расійскага боку, хоць раней Расійская Федэрацыя штогод аказвала фінансавую падтрымку ў рамках супрацоўніцтва з ЮНФПА ў памеры $300 тыс. кожны год. Ён выказаў упэўненасць у тым, што садзейнічанне такім праектам будзе пашырацца. Так, у бліжэйшай перспектыве плануецца фінансаванне расійскім бокам праектаў ЮНФПА ў Таджыкістане і Кыргызстане.

Начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вера Лабковіч канстатавала, што

апошнія гады запаволіліся тэмпы змяншэння насельніцтва, павышаецца нараджальнасць, зніжаецца смяротнасць, павялічваецца працягласць жыцця, расце дадатнае сальда міграцыі.

«Дэмаграфічную палітыку, правадзімую ў рэспубліцы, неабходна прадаўжаць і ўдасканальваць, — лічыць яна. — Цяпер распрацоўваецца канцэпцыя Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на наступнае пяцігоддзе. У яе павінны быць уключаны новыя меры і мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне і прымнажэнне чалавечага капіталу, павелічэнне колькасці насельніцтва».

Новы праект стане лагічным прадаўжэннем і развіццём вынікаў, дасягнутых у ходзе супрацоўніцтва паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Фондам ААН у галіне народанасельніцтва. Першы аналагічны праект рэалізаваны ў 2010-2012 гадах і быў нацэлены на эфектыўную рэалізацыю Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Асноўны акцэнт тады быў зроблены на адукацыйны кампанент. Сфера інтарэсаў новага праекта значна шырэйшая і больш маштабная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?