Сястра, якая правяла колькі начэй на Плошчы, сьцьвярджала, што там перабывалі ўсе мае аднаклясьнікі з Кастрыцы! Цяпер мне ня будзе сорамна перад маімі будучымі дзецьмі, піша Зьміцер Панкавец.

Дагэтуль у вулічных акцыях апазыцыі я не ўдзельнічаў. Задавольваўся рэплікамі з канапы пра тое, што мітынгі з кожным годам драбнеюць, а на іх ходзяць адныя і тыя ж людзі. Гэтым разам не прыехаць у Менск не дазволіла сумленьне, хоць розум памятаў словы аднаго вусатага дзядзькі пра тое, што дэстабілізатарам сытуацыі адкруцяць, як качанятам, галовы. Я пераадолеў страх і прыехаў на Плошчу. Пра што зусім не шкадую.

«Напішыце яму памякчэй»

Сястра, якая правяла колькі начэй на Плошчы, сьцьвярджала, што там перабывалі ўсе мае аднаклясьнікі з Кастрыцы! Такой людзкой еднасьці я ня бачыў ніколі!

Прычым пры такой колькасьці і цякучцы людзей у лягеры не было ні крадзяжоў, ні боек. Параўнайце са звычайнай дыскатэкай і знайдзіце 10 адрозьненьняў. Хлопцы мужна трымалі гадзінамі ланцугі, а мілыя дзяўчаты разносілі гарбату і ежу. І дзе тыя культавыя адмарозкі-алькаголікі, якія штодня мільгаюць на БТ?

Прадчуваньне таго, што ў ноч на 24 сакавіка павінна адбыцца нешта нядобрае, зьявілася тады, калі на Плошчу пачалі падыходзіць сьмецьцеўборачныя трактары. Але ніхто не сышоў, усе трымаліся разам.

Страшэнныя аўтазакі падышлі раптоўна, і праз імгненьне патрыёты ўжо апынуліся ўнутры машын.

Ніхто ня ведаў, куды нас вязуць. Нават калі нас высадзілі ля сьцяны на Акрэсьціна, мала хто ведаў, што гэта культавы спэцпрыёмнік. Большасьць, як і я, упершыню прыйшлі адстойваць сваю свабоду.

Праз чатыры гадзіны стаяньня на марозе, нейкі сяржант урэшце павёў мяне складаць пратакол. Іншы сяржант аказаўся земляком, зь Весялова. Мы разгаварыліся. Старшына потым махнуў у мой бок рукой: «Напішыце на гэтага памякчэй». І АМОНаўцы не прыпісалі мне ні выкрыкваньня антыдзяржаўных лёзунгаў, ні супраціву міліцыі. Але гэта не дапамагло ў судзе. Празь некалькі дзён судзьдзя Сьвятлана Ганчар прысудзіла 10 стак арышту -- яна штампавала прысуды як на канвэеры.

Менск – Жодзіна

На Акрэсьціна ў камэры было 16 чалавек на 6 спальных месцаў. Тут я пазнаёміўся з салігорскім прадпрымальнікам сп.Шылам – чытачом «Нашай Нівы». Ніколі раней ня бачыў настолькі начытанага і эрудаванага чалавека. Сп,Шыла расказаў, што прыехаў на пляц празь дзяцей, якія сказалі, што абавязаны там быць. Прыемна, што некаторыя сукамэрнікі, даведаўшыся маё прозьвішча, казалі, што чыталі мае допісы ў «НН».

Па абедзе некаторых пачалі адвозіць на суды. Шасьцёх накіравалі ў Жодзіна. Мы былі перакананыя, што нас вязуць туды на прысуды, бо менскія суды не спраўляюцца, і ўвечары мы будзем зноў на Акрэсьціна. Надзіва марудная дарога скончылася ля брамы СІЗА, дзе было напісана «...атэль», пачатак слова я не заўважыў. Згадаліся словы гаранта Канстытуцыі, што ўсіх апазыцыянэраў ён зьмясьціў у гасьцініцы.

Шмон пры ўваходзе. Мянты так і не знайшлі бел-чырвона-белага значка ў кішэні джынсаў. Пасьля вобшуку мы пайшлі доўгімі халоднымі калідорамі. Падумалася, што такі градус будзе і ў камэрах. Але, на шчасьце, найгоршыя прагнозы ня спраўдзіліся і ў камэрах было цёпла. Былі й матрац з коўдрай, празь некалькі гадзінаў прынесьлі й бялізну. Вячэры я так і не дачакаўся -- валіўся з ног ад стомленасьці, ня спаўшы каля 40 гадзін.

Салігорац спаў на стале

Назаўтра ахоўнікі правялі больш дасканалы надгляд камэры – нас было шасьцёра – ды звадзілі ахвотных у душ. Стас Пачобут і Дзяніс Пугач аб’явілі галадоўку. Іх перавялі ў асобныя камэры. Перад імі ў адзіночку пасадзілі мужчыну са Смалявічаў, які, апроч галадоўкі, пастаянна патрабаваў адваката ды адмаўляўся выконваць загады міліцыянтаў. Нас засталося трое, празь некаторы час зайшлі ахоўнікі: «Вам, мабыць, сумна? Перавядзём вас у іншыя месцы». Нас спусьцілі на паверх ніжэй, у камэру №87.

Там ужо было сямёра хлопцаў (двое таксама трымалі галадоўку), але толькі адны свабодныя нары. Мне пашанцавала, і іх заняў я. 18-гадоваму салігорцу давялося ўвесь тэрмін спаць на стале. Што праўда, і мой «ложак» быў ня самы зручны – сьценкі не было ні з аднаго з бакоў, і першыя ноч ыбаяўся зваліцца.

Першыя дні, да аўторка, жылі выключна на хлебе і вадзе, толькі аднойчы далі досыць прыстойны гарохавы суп. Кашы, рассольнік ці боршч есьці было няможна. Ну і сумнавядомы «гіт» – бігас.

У камэры сабралася цудоўная кампанія. Адукаваная і разумная моладзь (маладзейшаму было 18, старэйшаму – 30). Пасядзець зь імі было надзвычай прыемна. Ужо ў першы дзень мы зьляпілі з хлеба шахматы, раскрэсьлілі поле, у аднаго хлопца аказаўся аловак. Сёньня дома на паліцы ў мяне красуюцца пешка, ладзьдзя і кароль.

Сын па мянушцы «Пшэк»

Вельмі хутка ўва ўсіх сукамэрнікаў зьявіліся мянушкі. Першым яго атрымаў барысаўскі хлопец з Мастацкай вучэльні імя Глебава, які ўвесь час панікаваў і быў самым занепакоеным. Таму ён стаў «Кітайцам». Менскі праграміст паказаў надзвычайныя веды геаграфіі Афрыкі падчас гульні ў «Гарады», таму і стаў «Афрам». Астатнія былі больш банальныя: я – «Журналіст», беларускі студэнт, які вучыцца ў Польшчы – «Пшэк», хлопец зь Сьветлагорску – «Расьцік», студэнт БДУіРа – «Хакер», палітоляг-другакурсьнік – «Адвакат», бо запатрабаваў яго на судзе, самы малодшы – «Малы».

Чыталі кніжкі, якія перадалі родныя і прынесьлі з турэмнай біліятэкі ахоўнікі, і газэты. Напрыклад, чытаў казкі Ўласа Дарашэвіча. Некаторыя казачныя сюжэты нагадвалі беларускую сытуацыю. Іншыя чыталі Зошчанку, Маміна-Сібірака, Рэмарка.

Навіны пра сьвяткаваньне Дня Волі надавалі аптымізму. У пятніцу, 31 сакавіка ў камэры зьявіліся два асобнікі «Нашай Нівы», якія былі зачытаныя ледзьве не да дзірак.

У аўторак пачаліся харчовыя перадачы. Усім. Увесь стол быў застаўлены каўбасой, салямі, мясам, сокам, печывам, садавінай, чакалядам, арэхамі і шмат чым яшчэ. Столькі ежы разам можна ўбачыць толькі на сьвяточных сталах.

Ахоўнікі надзвычай прыстойна ставіліся да нас, адзін маёр нават размаўляў з намі па-беларуску. Яны дазвалялі нам ляжаць увесь дзень на нарах і заўсёды былі карэктнымі.

На чацьверты дзень раптам высьветлілася, што Пшэк – сын Іны Кулей, які стараўся не афішаваць сябе. Я, дарэчы, першым раскусіў яго.

Дзе нагаворышся, як не ў турме

У камэры мы спрачаліся, але ніколі не сварыліся. Гаварылі пра ўсё: палітыку, спорт, авіяцыю, эканоміку, гісторыю. Сапраўды, дзе будзе яшчэ шанец так нагаварыцца, як не ў турме? Асабліва палкія размовы пачыналіся пасьля адбою, калі выключалі сьвятло. Было нават весела. Да поўнага шчасьця не хапала толькі гітары, каб стварыць атмасфэру не вязьніцы, а, напрыклад, паходу. Страх саступіў месца ўпэўненасьці ў правільнасьці таго, што мы робім – і мы некалі пераможам. Улады спрабуюць разьвіваць у краіне экатурызм, але пакуль тут магчымы турызм «палітычны».

Апошнія суткі былі самыя доўгія і неспакойныя. А 3.30 мы, як кажуць, «адтапырыліся». А ў камэры засталося яшчэ чацьвёра хлопцаў, якім трэба было адседзець яшчэ 5 сутак. На волі мяне сустракалі маці, сястра, дзядзька, праваабаронец Алесь Абрамовіч.

Цягам усіх 10 сутак мы адчувалі людзкую салідарнасьць. І ніводзін не расчараваўся ў сваім змаганьні. Цяпер мне будзе ня сорамна глядзець у вочы сваім будучым дзецям.

Кастрыца, Барысаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0