Баі ў Грозным 4 снежня прымусілі свет ізноў узгадаць пра сітуацыю ў Чачне, якая апошнім часам фармальна лічылася адной з самых спакойных каўказскіх рэспублік Расіі.

У значнай ступені за гэты вонкавы спакой адказваў Рамзан Кадыраў, які з'яўляецца поўнаўладным кіраўніком рэгіёну, сфармаваў вялікія і добра фінансаваныя сілавыя структуры з мясцовых ураджэнцаў, не быў заўважаны ў вялікай прыхільнасці да «дробязяў» заканадаўства пра абарону правоў чалавека ці свабоды слова і мае шчодрыя датацыі з фэдэральнага бюджэту.

Часта крытыкі называюць Кадырава асабістым васалам, «апрычнікам» Уладзіміра Пуціна — за адносны спакой у Чачні, адданасць кадыраўскай «гвардыі» і адсутнасць патрэбы ваяваць там сіламі расійскіх прызыўнікоў прэзідэнт РФ даў мясцоваму ўраджэнцу поўную свабоду рук у рэгіёне, дый не толькі ў ім.
З чачэнцамі, якія трымаюцца адзін за аднаго і маюць пратэкцыю сярод сваіх «кадыраўцаў», баяцца канфліктаваць расійцы нават у Маскве.
Падчас масавых пратэстаў у Маскве ў 2011—2012-х супраць пуцінскага рэжыму і расійскія лібералы, і расійскія нацыяналісты не выключалі, што ў выпадку «маскоўскага Майдану» менавіта чачэнскія міліцыянеры і спецназаўцы па загадзе Кадырава стануць без хваляванняў страляць па масквічах.
Агрэсія Расіі супраць Украіны таксама не абышлася без заяваў пра тое, што кадыраўцы ўдзельнічаюць у баях супраць украінскіх войск.
Такі статус кадыраўскія фармаванні займелі падчас так званай Другой чачэнскай вайны, якая пачалася ў 1999 годзе. Тады частка баевікоў пад кіраўніцтвам муфція Чачні Ахмата Кадырава, які ваяваў супраць РФ у 1994-1996 гадах, перайшла на бок федэральнай улады.
Пра Ахмата Кадырава кажуць, што падчас першай вайны супраць Расіі ён заклікаў: «Кожны чачэнец павінен забіць 150 расійцаў, і тады вайна скончыцца!». Сам ён, ужо калі быў прамаскоўскім прэзідэнтам Чачні, абвяргаў гэтыя абвінавачанні: «Я казаў: колькі можаце, столькі забівайце, без абмежаванняў».
У 1999 годзе старэйшы Кадыраў — бацька Рамзана — заявіў, што ён супраць вахабізму, які ёсць радыкальнай сектай, несумяшчальным з традыцыйным каўказскім ісламам.
Адначасова ён пачаў насычаць сваімі людзьмі мясцовую прамаскоўскую міліцыю і спецслужбы. Канфлікт няўхільна «чачэнізаваўся» - чачэнцы пачалі ваяваць супраць іншых чачэнцаў.

У 2003 годзе на выбарах пад кантролем расійскіх войскаў Ахмат Кадыраў быў абраны прэзідэнтам Чачні як суб'екта РФ, аднак 9 траўня 2004 года загінуў падчас выбуху. Але ягоную справу працягнуў сын, які падпарадкаваў ці нават фізічна знішчыў іншых прамаскоўскіх канкурэнтаў у барацьбе за кантроль над рэспублікай. Як казалі праваабаронцы ці незалежныя журналісты, якія выжылі ці ўцяклі з Чачні, метадаў змагання з антырасійскімі ворагамі ён таксама не абіраў.
Камбінацыя аднаасобнай улады, жорсткага тэрору, напрыклад, калектыўнай адказнасці за правіны сваякоў, і фінансавых мэтадаў матывацыі моладзі прывялі да таго, што недзе пасля 2005-2006 году ісламісты з Чачні ў асноўным пачалі дзейнічаць у іншых расійскіх рэспубліках Паўночнага Каўказу.
Паступова амаль усе сілавыя функцыі ў Чачні перайшлі ў рукі кадыраўскіх узброеных частак, якія фармальна прыпісаныя да ФСБ ці МУС РФ — але фактычна з'яўляюцца асабістай «гвардыяй» Кадырава. Яны і сталі ці не найбольш страшнымі пудзіламі для ўнутраных, а таксама і знешніх праціўнікаў пуцінскага рэжыму.
Іх вернасць гарантуецца нефармальнымі прывілеямі, якія яны маюць у Расіі, становішчам новай сілавой эліты, шчодрым маскоўскім фінансаваннем Чачні, тым, што малады чалавек у разбуранай пасля 20 гадоў войнаў рэспубліцы, калі хоча добра зарабляць, мусіць быць воінам — і ісці служыць Кадыраву.
Ці захаваецца гэтая вернасць, калі паток федэральных датацый рэзка зменшыцца, ці застанецца сам Кадыраў верным Маскве, калі яе эканамічны, вайсковы і адміністратыўны ўплыў упадзе — пажывем і пабачым.
Каментары