«Мілкі» Рыбака замілавалі аўдыторыю.

«Мілкі» Рыбака замілавалі аўдыторыю.

«Мілкі» — свежыя твары на «Еўрабачанні». І матыў Рыбака запамінальны.

Другі дзень Нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2015» збірае зорак беларускай эстрады: большасць з іх падалі заяўкі на ўдзел у апошні момант, таму і апынуліся ў хвасце праслухоўвання. Сваё рашэнне чарговы раз стаць прэтэндэнтамі на паездку на конкурс артысты тлумачаць па-рознаму.

Напрыклад, Дарыя кажа, што такім чынам спрабуе перамагчы свае страхі і няўпэўненасць і збіраецца ўдзельнічаць да таго часу, пакуль не дасягне выніку.

Спявачку Жанет, якая сёлета выступае на Нацыянальным адборы ў 5 раз, прымусіла прыйсці сюды «незвычайная песня ад шведскіх аўтараў». А нейтаймаваная Гюнэш пасля двухгадовай паўзы вяртаецца на конкурс пры падтрымцы мужа з песняй-гімнам пра веру ў цуд.

«Еўрабачанне» — непрадказальны конкурс, — лічыць Гюнеш. — Я, напрыклад, не магла падумаць, што выйграе Канчыта, бо барадатая жанчына — гэта ўсё ж неяк не прыгожа. Але патэлефанаваў мой бацька і сказаў, што яму спадабалася Канчыта. Для мяне гэта быў шок. Але Канчыта зачапіла шыкоўнай песняй і вакалам, бо мне падаецца, што Еўропе ўсё ж даспадобы больш не шоу, а прыгожая мелодыя і вакал. Вось і ў мяне атрымалася такая прыгожая і шырокая песня».

На тым, што добрая песня заўсёды будзе ў трэндзе, настойвае і старшыня журы беларускага адбору Аляксандр Ціхановіч. На думку народнага артыста, мінулагодняя перамога Канчыты Вурст на «Еўрабачанні» абавязана менавіта песні, а не знешняму выгляду ці еўрапейскай талерантнасці.

«Калі ёсць цудоўны музычны матэрыял, можна апранаць на сябе што заўгодна», — перакананы Аляксандр Рыгоравіч.

Сёлетнія праслухоўванні на «Еўрабачанне-2015» праходзяць у надзвычай дружалюбнай атмасферы. Журы даруе канкурсантам розныя агрэхі, адзінае, просіць уважлівей чытаць правілы адбору. Дарэчы, на правілах «папаліліся» гурты Artefaсt і «Рокаш», якія ў першы дзень адбору хацелі скарыць журы жывым выкананнем сваёй музыкі. Але згодна з рэгламентам конкурсу, музыкі мусяць выступаць «пад мінус». Праўда, каманды не разгубіліся. Artefaсt за ноч прыдумалі шоў і на другі дзень паўсталі ў вобразах спайдэрмэнаў. А гурт«Рокаш» напісаў цэлую фанаграму!

«У нас нечакана атрымалася напісаць песню на 3 хвіліны! А гэта досыць цяжка, бо хочацца ўвесь час разгарнуцца і зрабіць нешта манументальнае. Але ў той жа час фармат 3 хвіліны правярае аўтараў песні на своеасаблівую ўнутраную дысцыпліну, — каментуе прысутнасць на адборы«Рокаша» лідар гурту Лявон Казакоў. — Нам было цікава паўдзельнічаць у гэтым конкурсе, таму што, як паказваў досвед мінулых гадоў, вельмі мала тут было і беларускай мовы, і беларускай музыкі. Цяпер сітуацыя змянілася. І я спадзяюся, сёлетні пераможца, які паедзе на «Еўрабачанне», будзе спяваць менавіта па-беларуску, бо настаў ужо час».

Сапраўды, 40 адсоткаў выступоўцаў спяваюць па-беларуску. Раз-пораз на сцэну ўздымаюцца артысты ў строях з беларускімі арнаментамі. «Беларускасць» сёлетняга праслухоўвання адзначае і Аляксандр Ціхановіч.

«Мая музыка, хоць і завуаліравана, але базуецца заўсёды на нашых нацыянальных інтанацыях, таму што толькі так мы можам сказаць праўду», — перакананы неаднаразовы фіналіст адбору Юзары, які гэтым разам прэтэндуе на перамогу ў дуэце з цемнаскурай прыгажуняй-скрыпачкай Маймунай.

На думку музыкі, нацыянальныя матывы -— гэта тая фішка, якая заўжды вітаецца ў фінале «Еўрабачання». Але Канчыта Вурст у нейкім сэнсе абнуліла ранейшыя прыярытэты, таму невядома, у які бок гэтым разам падзьме вецер.

«У гэтым ёсць, напэўна, свой плюс — можна спрабаваць і шукаць, можна рабіць што заўгодна, — працягвае думку Юзары сябра журы, музычны рэдактар радыё «Рокс» Андрэй Халадзінскі. — І гэта вельмі добра насамрэч. Горш, калі ёсць нейкія межы, бо калі ўсе аднолькавыя — у выніку сумна глядзець. А тут, я спадзяюся, усе пастараюцца здзівіць нечым новым і шоў сапраўды атрымаецца».

Праўда, смяецца Андрэй, наўрад ці прадстаўнік Беларусі паўторыць поспех Канчыты. Маўляў, будзем адпраўляць на «Еўрабачанне» таго, хто ўмее спяваць.

Вынікі праслухоўвання, якія становяцца вядомымі ўвечар 5 снежня, пацвярджаюць словы Халадзінскага. Большасць з 15-кі — менавіта «спяваючыя» артысты: Гюнеш, Дарыя, Жанет, Аляксей Грос, Юзары і Маймуна, Анастасія Меляшкевіч, гурт Віктара Рудэнкі RostanyTasha Odi,каманда Napoli.

Агульную карціну разбаўляюць нефарматныя, але надзвычай свежыя для сёлетняга адбору Muzzart з Брэста, «мегабаян» Віталь Варанко з песняй у духу Eurythmics і мілыя Milki Аляксандра Рыбака.

Многія шкадуюць, што не прайшлі зомбі з гурту Sweet Brains, якія настолькі палюбіліся беларусам, што тыя збіраюцца ствараць петыцыю на change.org і патрабаваць вярнуць каманду ў фінал.

Віталь Варанко з баянам.

Віталь Варанко з баянам.

Нягледзячы на «беларускі» трэнд у Нацыянальным адборы, адзінай беларускамоўнай песняй фіналу, які ні дзіўна, апынулася «My Accent» у выкананні гурта Milki. Праўда, у выпадку перамогі кампазіцыі 26 снежня (у гэты дзень пройдзе фінал адбору), яе трэба будзе аддаць на разгляд беларускім паэтам. Падкарэктаваць тэкст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?