«Уразіла ступень самаарганізацыі: адразу зьявіліся вылепленыя з хлеба шахматы, самаробныя карты, на сьцяне – Пагоня, намаляваная электрыкам Віктусём… З творча-інтэлектуальных формаў баўленьня часу згадваецца вяшчаньне праз вэнтыляцыю «Незалежнага радыё Акрэсьціна», дыктарам якога быў прыроджаны актор Саша, што саладжавым голасам дзяржаўнага радыё перадаваў навіны камэры, пры канцы трансьляцыі не забываючыся нагадаць паважаным слухачам з суседніх камэр: «Слухайце нас штодня на частаце 167 лУКаВэ!...» Успамінае Сяргей Карбановіч.
Тое, што мела адбыцца восем гадоў таму, на сьвяткаваньні майго першага Дня Волі, здарылася ў ноч на 24 сакавіка. Восем гадоў майго чыну на карысьць супольнай справы, удзел у шэсьцях і дэманстрацыях дзіўным чынам засталося незаўважанымі для Яе. Яна, падступная пачвара з гідкай пысай, што нагадвае ці то Сталіна, ці то Гітлера, – цяперашняе ўвасабленьне суцэльнага й паўсюднага Ліха, жахлівай Маны й д’ябальска-бальшавіцкага, саўковага Дэбілізму, цярпліва чакала майго фармальнага паўналецьця й сталасьці – каб з задаволеным віскатаньнем запхнуць на 10 сутак, палохаць адлічэньнем з унівэрсытэту, звальненьнем з працы, ставячы за мэту такім чынам нібыта пакараць і ў нечым пераканаць. Не дачакалася!..
Чаму я прыйшоў
19-га я прыйшоў на Плошчу не таму, каб падтрымаць якога-небудзь кандыдата на пасаду галоўнага чыноўніка РБ. Прыйшоў дзеля ўратаваньня собскае Годнасьці, Сумленьня й Чалавечнасьці ад канчатковага занурэньня душы ў багну згодніцтва, абыякавасьці ды абыватальскай тупасьці. Плошча была адзіным месцам, дзе можна было выказаць нязгоду з усім, што дзеецца наўкола мяне. З гэтай прычыны я апынуўся ў намётавым мястэчку зь яго такім разнастайным, стракатым, але задзіночаным духам братэрства насельніцтвам.
У 1968 г. людзі на Краснай плошчы ў Маскве ішлі на пакуты за праяву салідарнасьці з далёкімі чэхамі, жыхары намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў 2006 г. баранілі родную Зямлю.
Там былі мае добрыя знаёмыя, мае сябры па духу, я нёс для іх гарбату, мы пілі яе, частаваліся чакалядкамі і печывам. Мы сьмяяліся, гутарылі й танчылі, каб не адмарозіць сабе чаго... Я піў гарбату і гаманіў з паэтам Андрэем Хадановічам, мастаком Ігарам Марачкіным, а таксама са Слаўкам, Андрэем, Зьмітром ды многа з кім яшчэ. Я частаваў Юлінага Вацака цукеркай (Юля – мая знаёмая, пекная маладая матуля двох шчырых беларусікаў: шасьцігадовага Вацака й трохгадовае Радкі). Мы трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, пазіравалі перад аб’ектывамі фотакамэр, мы так шчыра й проста сьмяяліся...
Але пры гэтым дзеелася штось нашмат вялікшае: згублены ў бясконцасьці Кону і Часу, «маленькі чалавек» ды ягоныя Сукрэвічы наважыліся кінуць выклік сілам Сусьветнае Цемры, што ўжо не адно стагодзьдзе квапяцца на нашу абмытую крывёю Зямлю, на мой спакутаваны Край! У розныя гістарычныя эпохі Цемра прымала размаітыя абліччы: навалы дзікіх чужынцаў, татальныя зьнішчэньні падчас крывавых войнаў, котлішчы спаленых местаў, вёсах і сяліб, страшэнныя эпідэміі і голад, згвалчаныя дзяўчаты і кабеты, забітыя чужынцамі дзяды ў курапацкіх ямінах...
Мы пілі гарбату й частаваліся чакалядкамі, мы танчылі пад «Мрою», мы дранцьвелі ад усёпранікальнага холаду, мы змагаліся з страхам і панікай, калі чорная хеўра зьнявечаных душою і розумам гестапаўцаў хапала, зьдзекавалася й зьбівала сваіх суродзічаў... А пахаваныя пад нагамі продкі моўчкі пазіралі на нас скрозь таўшчыню пліткі, пазіралі і маліліся за нас, глядзелі на нас сваімі пустымі вачніцамі, паўнюткіх сьлёзаў жальбы й болю за нашчадкаў...
«Ойча наш...»
Потым нас хапалі і запіхвалі ў аўтазакі ня нейкія абстрактныя «паслугачы рэжыму», а ашуканыя Цемрай тутэйшыя простыя хлопцы, якіх мне было папросту шкада. Далі па нырках, тых, хто супраціўляўся, жорстка зьбівалі, у гурток дзяўчат кінулі дымавую шашку... Усё гэта спарадзіла ў мяне прыступ дзікай нянавісьці ня столькі да іх, колькі да Яе, Цемры, што так зьнявечыла душы гэтых апрычнікаў нашага часу і разьяднала мой народ.
Калі нас атачалі чорныя «омэны», пэўны час па-над плошчай панавала злавесная мёртвая цішыня, але неўзабаве сотні моцных ног сталі зладжана пячатаць цьвёрды рытм, тупат соцень ног ня толькі рабіў уражаньне на омэнаў, але й надаваў мужнасьці нам. Усе счапіліся яшчэ мацней, перасільваючы страх, дрыготкімі, але моцнымі голасамі людзі крычэлі «Жыве Беларусь!»...
Хлопцы баранілі дзяўчат, што зграмадзіліся ўсярэдзіне, каля аднае зь іх я ўпаў, паспрабуючы адхіснуцца ад омэна. Дзяўчына роспачна закрычала: «За што яны так, Божа, за што?!!.. Што вы робіце, адумайцеся!!!..» Я ўкленчыў на адно калена, захінуўшы дзяўчыну ад «касманаўта» з дручком, і не сваім сіпатым голасам, зьбіваючыся, ў чаканьні ўдару па галаве прамаўляю у адзін голас з усімі: «Ойча наш, каторы ёсьць у небе...».
Ня ведаю, ці падзейнічала гэтая сцэна на омэна, але ўдару па галаве я так і не дачакаўся: ён неяк, як мне здалося, зьніякавеў, няўпэўнена схапіў мяне за руку і пацягнуў да аўтазака бруднага зялёнага балотнага колеру. Я выгукнуў нешта кшталту: «Рукі прэч! Спакойна, я сам!», – і паспрабаваў азірнуцца назад, але іншы омэн моцна штурхануў мяне і ўдарыў па сьпіне... Дзе яна цяпер, дзе тая дзяўчына, што дапамагла мне на кароткую хвілю адчуць страчаную еднасьць з Богам?..
«Пэўна, вязуць у Курапаты...»
Аўтазакі былі забітыя напоўніцу. Паехалі. Мяне прыціснулі да сталага веку жанчын, што ўсю дарогу натхнёна сьпявалі «Магутны Божа». Мы, як маглі, падпявалі. Потым пачулася скрыгатаньне: галіны на дрэвах драпалі кузаў аўтазака, нібыта намагаючыся яго затрымаць. «Пэўна, у Курапаты вязуць».
Прыехалі на Акрэсьціна. Нейкі разьятраны омэн загадаў пашыхтавацца тварам да сьцяны.
Далей было шматгадзіннае стаяньне ў калідоры (некаму пашанцавала менш – яны гадзінамі мерзьлі на падворку, тварам да плоту), блуканьне па кабінэтах, канвэернае штампаваньне аднолькавых пратаколаў, прыніжальная канфіскацыя асабістых рэчаў...
У калідоры я стаяў побач з вэтэранам Руху, 40-гадовым вернікам-пратэстантам. У яго нядаўна нарадзілася дачушка, жонка засталася адна, а ён усьміхаецца, моліцца, спрабуе жартаваць... Я гляджу ў вочы нейкай жанчыне ў міліцэйскай форме, яна выйшла паглядзець на нас – а нас па два шчыльныя шэрагі на кожным паверсе! Яна не вытрымлівае пагляду і адводзіць вочы.
Чорныя омэны сноўдаюць між намі, пагрозьліва тупаючы цяжкімі ботамі. «Мы там у вас пустыя шпрыцы знайшлі, порначасопісы» – адусюль чуецца дэбільны рогат. «Колькі вам заплацілі?» – у адказ цішыня. «Тварам да сьцяны, рукі з кішэняў!» Дастаеш рукі і да болю ў пальцах сьціскаеш іх у кулак...
Далей я браў удзел у масоўцы спэктаклю ці то тэатру абсурду ці то тэатру маразму пад назвай «Суд, або Не судзіце й нясуджаныя будзеце». Рэжысэр: Усе-Ведаюць-Хто. У ролях: стомлена-абыякавая кабеціна ў ролі нібыта судзьдзі, дзяўчынка-дурнічка ў ролі сакратаркі, шчыра ўражаная маімі прызнаньнямі даволі прывабная маладая жанчына ў ролі адваката (толькі дзякуючы ёй мае родныя ўведалі, што я ня ў моргу), інтэлігентны хлапец у ролі імпазантнага праваабаронцы.
Пасьля суду намі наладавалі навюткі аўтобус і, пэўна, наўмысна павезьлі па праспэкце, паўз Плошчу, на якой не засталося нічога, апроч пліткі і тых, хто спачывае пад ёй, тых, хто надаваў нам сілы й мужнасьці ў ноч штурму.
Радыё лУКаВэ
Далей быў малапрыемны камэрны побыт зь пяцьцю двухяруснымі нарамі, страшэнным холадам уранку, сечкай на сьняданак і баландай ці то на абед, ці то на вячэру... Аднак я быў шчасьлівы, бо Нехта Далёкі і Такі Блізкі – пэўна, сам Пан Бог – падараваў 10 сутак жыцьця сярод дзевяці аднадумцаў. Розных, але праўдзівых: малады унівэрсытэцкі выкладчык, мэнэджар, актор, электрык, студэнты... Ніхто не сумаваў, ні на што ня жаліўся, ніхто з нас ні пра што не шкадаваў.
Уразіла ступень самаарганізацыі: адразу зьявіліся вылепленыя з хлеба шахматы, самаробныя карты, на сьцяне – Пагоня, намаляваная электрыкам Віктусём, побач – ім жа напісаны прыгожым почыркам тэкст гімну «Магутны Божа»... На афіцыёзную хлусьню, трансьляваную праз радыёкропку, абачліва схаваную за краткаю, Акрэсьціна рэагавала шматгалосным хорам: «Жыве Беларусь!», «Ганьба!». Ня могучы болей трываць дэцыбэлы нашых галасоў, ахоўнік пасьпешліва вылучалі радыёмацюгальнікі.
З творча-інтэлектуальных формаў баўленьня часу можна згадаць «этэр» праз вэнтыляцыю «Незалежнага радыё Акрэсьціна», дыктарам якога быў прыроджаны актор Саша, што саладжавым голасам дыктара дзяржаўнага радыё перадаваў навіны камэры, пры канцы трансьляцыі не забываючыся нагадаць паважаным слухачам з суседніх камэр: «Слухайце нас штодня на частаце 167 лУКаВэ!...».
«Евтушенко – в карцер»
У камэры панавала сапраўдная дэмакратыя, і пацьверджаньнем таго ёсьць парадыйныя выбары Пахана Рэспублікі Акрэсьціна. Яны былі сапраўды дэмакрытычнымі і празрыстымі: былі дазволеныя дэбаты, міжнародны назіральнік не заўважыў аніякіх парушэньняў, а камэрны АМОН нікога не затрымліваў і не зьбіваў.
Камусьці прыгадаўся вершык Еўтушэнкі:
- Ему бы корма образцовые,
Ему бы почище хлева.
Свобода нужна образованному,
Неграмотному – жратва.
Перапісалі на паперку, павесілі на дзьверы. Увайшоў старшына: «Кто напісал?» «Евтушенко». Позірк старшыны пераводзіцца на сьпіс з нашымі прозьвішчамі: «Евтушенко, в карцер!» Мы ня можам утрымацца і дзіка рагочам.
Надыходзіць дзень вызваленьня, у душу закрадаецца дзіўнае зьмяшанае пачуцьцё спакою, рашучасьці й тугі. Адчыняеш дзьверы, выходзіш – вакол натоўп, сполахі фотакамэр, воплескі, вочы, рукі, абдымкі родных, сяброў. «Жыве Беларусь!» – вырываецца з тваіх грудзей гучны кліч.
«Жыве!!!» – адгукаецца шматгалоснае чалавечае рэха...