07.12.2014 / 15:19

Віталь Цыганкоў: Ці будуць «багатыя» беларусы любіць «бедных» расейцаў? 14

Падзенне расейскага рубля стварае ў пэўным сэнсе новую сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Беларусі і прымушае па-новаму ацаніць розныя сцэнары прэзідэнцкіх выбараў. Задумацца аб гэтым заклікае Віталь Цыганкоў.

У гэтыя дні мы ўсе (чарговы раз) становімся сведкамі гістарычных працэсаў. Здаецца, ніхто пакуль не звярнуў увагу на ўнікальную сітуацыю, калі

ўпершыню за апошнія дваццаць гадоў беларускія заробкі і пенсіі могуць перавысіць расейскія.

Паводле дадзеных на верасень гэтага году, сярэдняя пэнсія ў Расіі складае каля 10900 расейскіх рублёў. Калі раней, пры стабільным курсе ў раёне 36 рублёў за даляр — гэта было каля 300 даляраў, то цяпер, па курсе 54 рублі, гэта 200 даляраў! Тым часам у Беларусі сярэдняя пэнсія ў лістападзе склала 2 мільёны 643 тысячы, то бок каля 250 даляраў.

Сярэдні заробак у Расіі — каля 33 тысяч рублёў (пры гэтым трэба разумець, што больш за палову насельніцтва атрымлівае да 20 тысяч, а высокая сярэдняя лічба ўтвараецца ў тым ліку дзякуючы некалькім працэнтам людзей з вельмі вялікімі даходамі). І калі да падзення рубля гэтая лічба выглядала для беларусаў неяк завоблачна, то цяпер гэта празаічныя 610 даляраў. У Беларусі сярэдні заробак у кастрычніку — 6 мільёнаў 377 тысяч, то бок 590 даляраў. Яшчэ пару пунктаў падзення расійскага рубля, і заробкі беларусаў аўтаматычна абгоняць расійскія.

Цяпер у Расіі перамогаў ужо няма, Расея пачынае бяднець, а рубель валіцца — за што любіць такую краіну практычнаму і цынічнаму беларусу?

Няма ніякіх падставаў лічыць, што бліжэйшым часам эканамічныя справы Расіі палепшацца, нават прагнозы афіцыйных расійскіх ведамстваў прадугледжваюць падзенне вытворчасці ў наступным годзе. Курс 60 рублёў за даляр на канец году многія эксперты называюць вельмі аптымістычным сцэнарам. Паводле расейскіх аналітыкаў, эканамічны крызіс, рэцэсія былі непазбежным вынікам працэсаў апошніх гадоў, а падзенне коштаў на нафту і заходнія санкцыі супраць Расіі гэты працэс толькі паскорылі і ўзмацнілі.

Калі беларусы — дзякуючы СМІ і асабістым кантактам — усвядомяць новую сітуацыю, то іхняе стаўленне да Расіі непазбежна пачне мяняцца.

Паспрабую адзначыць некаторыя найбольш відавочныя наступствы гэтага працэсу. Перш за ўсё, як я перакананы, прывабнасць Расіі ў вачах шараговага беларуса працягне падаць. Паводле сацыёлагаў, пік любові да Расіі, які наступіў у момант анексіі Крыму, ужо пройдзены. Расея перамагала, і беларусы, якія любяць пераможцаў (урэшце, гэта ўласціва многім народам, але, магчыма, беларусам у большай ступені), Расію горача палюбілі.

Цяпер у Расіі перамогаў ужо няма, Расія пачынае бяднець, а рубель валіцца — за што любіць такую краіну практычнаму і цынічнаму беларусу?

Падзенне расійскага рубля стварае кардынальна новае ўяўленне пра расейцаў у беларускай масавай свядомасці. Фактычна ўсе апошнія 20 гадоў расейцы абгрунтавана ўспрымаліся як больш заможныя, у масавым стаўленні да іх панавала прыблізна такая фармулёўка:«заробкі ў іх, канешне, большыя, затое ў нас дарогі лепшыя, парадку больш і алігархаў няма». Цяпер у гэтай формуле сярмяжнай мудрасці знікае тое амаль адзінае, што падабалася ў Расіі масаваму беларусу.

Далей.

Падзенне заробкаў у Расіі ў доларавым вылічэнні прывядзе да рэзкага памяншэння беларускіх гастарбайтэраў.

Навошта рызыкаваць, ехаць у чужую краіну за сотні кіламетраў ад дому, жыць і працаваць часта ў невыносных умовах — каб атрымаць у выніку не нашмат болей, як на радзіме. Дзесяткі, а то і сотні тысяч беларусаў, пераважна працоўнага, актыўнага ўзросту вернуцца з Расіі ў сваю краіну. Які ўплыў гэта зробіць на рынак працы, на сацыяльную стабільнасць? — Пакуль цяжка сказаць. Але факт, што гэта дадатковы выклік і праблема для беларускай улады, бо гадамі праблемы беспрацоўя і сацыяльнай напружанасці аўтаматычна вырашаліся працоўнай міграцыяй самых актыўных грамадзянаў.

Наступны аспект — на фоне праблем з бюджэтам відавочна будзе павялічвацца эканамічны эгаізм расійскіх уладаў.

Цяперашні канфлікт з беларускімі прадуктамі — гэта толькі першыя ластаўкі. На фоне зніжэння даходаў уласнага насельніцтва любыя захады супраць Беларусі будуць успрымацца больш пазітыўна і бізнесам, і расейскім насельніцтвам — маўляў, «самім не хапае». Урэшце, ролі будуць мяняцца, бо з-за падзення рубля цяпер ужо Беларусь будзе вымушаная адбівацца ад нелегальнага імпарту праз Расію танных заходніх і ўсходніх тавараў.

Выглядае, што пасля некалькіх гадоў адноснага зацішша мы ўступаем у эпоху новых гандлёвых войнаў з Расіяй.

Падзенне расійскай валюты ўжо цяпер ускладніла жыццё беларускіх экспарцёраў. Знікае галоўная перавага беларускага экспарту ў Расіі — танны кошт.

Ужо ў кастрычніку беларусы прадалі ў Расію больш у таварным вылічэнні, але атрымалі за гэта менш грошай.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі яшчэ 11 лістапада заяўляў, што Беларусь не выйграé, а нават страчвае ад экспарту ў Расію з-за дэвальвацыі расійскага рубля (які быў тады 45). Даходы бюджэту ад экспарту ў Расію відавочна знізяцца, а сітуацыя на прадпрыемствах, завязаных выключна на Расію, кардынальна пагоршыцца, што адпаведным чынам будзе ўплываць на настроі іхніх супрацоўнікаў.

…Агульным месцам стала казаць, што прэзідэнцкая кампанія 2015 года не можа мець ніякіх сюрпрызаў, што яе хада і вынік загадзя прадвызначаныя. Аднак падзенне рубля і тыя чыннікі, якія ўсплываюць у гэтай сувязі, ствараюць у пэўным сэнсе новую сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Беларусі.

Падаецца дастаткова імаверным, што кампанія пройдзе на фоне антырасійскай рыторыкі з боку афіцыйнага Мінску,

на фоне гандлёвых войнаў, пагаршэння эканамічнай сітуацыі, росту сацыяльнай напружанасці і змены ўспрыняцця Расіі з боку большасці насельніцтва. Таму — не так усё і адназначна, як здавалася яшчэ некалькі месяцаў таму.

0
мясцовы2 / Адказаць
07.12.2014 / 15:38
дык зразумела ж, што кошт расейскага рубля пацягне за сабой кошт Беларускага рубля, і нашыя заробкі ды пенсіі хутка вернуцца на сваё месца адносна расейскіх
0
Мордехай В / Адказаць
07.12.2014 / 16:09
Да будет тоже самое эпифонное "мы - русскіе люди", но только тот поросенок, который built a house from bricks.
0
RRR / Адказаць
07.12.2014 / 16:11
Автор не понимает, что вслед за девальвацией российского рубля последует ещё более значительная девальвация рубля белорусского.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру