Дзяніс Дук

Паселішча людзей на месцы Полацкага гарадзішча існавала ў VII ст. да нашай эры.

Такія высновы зроблены на аснове радыёвугляроднага аналізу глебы і артэфактаў, знойдзеных падчас сёлётніх раскопак у старажытным горадзе, паведаміў карэспадэнту БЕЛТА кіраўнік раскопак, загадчык катэдры айчыннай і усеаагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Дук.

Аналіз, праведзены ў Інстытуце геафізікі НАН Беларусі, пацьвердзіў выснову навукоўцаў пра тое, што задоўга да 862 г. — агульнапрынятай даты заснаваньня Полацку — гэтае месца было актыўна заселена людзьмі. Паводле вэрсіі Дзяніса Дука, ажно да IV ст. нашай эры тут жылі балты, на зьмену ім прыйшлі славянскія плямёны. Гэта пацьвярджаюць і рэчавыя знаходкі — фрагмэнты керамікі. Падчас летніх раскопак у цэнтры Полацка на месцы, якое завецца Рагвалодава (Полацкае) гарадзішча, было знойдзена шмат прадаметаў. У найбліжэйшы час яны будуць падвергнутыя радыёвугляроднаму аналізу, што дазволіць больш дэтальна апісаць гісторыю старажытнага гораду, дадаў Дзяніс Дук.

Комплекснай праграмай разьвіцьця Полацка на 2008—2012 гады, з 2008 прадугледжана арганізацыя пастаянна дзеючай архэалягічнай экспэдыцыі па вывучэньні Полацкай зямлі. На думку Дзяніса Дука, неабходнасьць такой экспэдыцыі насьпела даўно. Раней архэолягі вывучалі асобныя гістарычныя кропкі ці аб’екты Полацка, цяпер можна казаць пра сыстэмны падыход, а гэта дазволіць зрабіць нямала новых адкрыцьцяў, упэўнены Дзяніс Дук.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0