21.01.2015 / 13:53

Правілы стылю і элегантнасці ад заснавальніцы агенцтва «Таранціны і сыны» 24

Ганна Трубачова – журналіст і заснавальнік агенцтва «Таранціны і сыны», а перадусім матуля двух хлопчыкаў. Як яна паспявае будаваць паспяховую кар'еру, выхоўваць сыноў і мужа і пры гэтым быць ледзь не самай элегантнай жанчынай у беларускай журналістыцы? З «Нашай Нівай» яна падзялілася сваімі сакрэтамі і распавяла пра свае правілы стылю і элегантнасці.

Гэтыя сукенкі (на гэтым і наступным фотах) дасталіся мне разам з хутарам, які мы купілі пару гадоў таму. «Купіў жонцы сукенкі па паўтысячы кожная», — жартуе мой муж. І не хлусіць, таму што хутар каштаваў роўна тысячу даляраў. Адно — смарагдавае аксамітавае, прычым аксаміт самы сапраўдны, на тканкавай аснове, такі, які рабілі ў старадаўнія часы. А другое — лазурытавага колеру, з белым карункавым каўняром. Абодзве сукенкі шытыя не сказаць каб па-майстэрску, можа, нават сама жанчына, якой яны калісьці належалі, шыла іх для «адмысловых» выпадкаў. Строям, думаю, крыху больш за паўстагоддзя: аксамітавае, мяркуючы па форме каўняра, адносіцца да шасцідзесятнікаў, а вось другое — з 70-х, калі гэты матэрыял меў у СССР найбольшую папулярнасць. Фота — Слава Поталах.

Ірваныя дызайнерскія джынсы Dolce & Gabbana і карункавая блузка Divided. Кофта — Pimkie. Шмат упрыгожванняў. Мой тыповы штодзённы выгляд.

Вельмі люблю спалучаць дзёрзкія рэчы з элегантнымі: карункавая блузка, пінжак падыходзяць да ірваных джынсаў, ботаў з заклёпкамі і ланцугамі, што вісяць збоку — мая даўняя любоў да рок-н-рола праяўляецца і ў вопратцы. Джынсы H&M, блузка Zara, куртка — Pimkie.

Прыбраная. Цалкам можа быць да дзелавой сустрэчы. Люблю старыя вінтажныя рэчы: на днях у віленскім вінтажным «Хьюмане» купіла класічны англійскі бэжавы плашч 70-х гадоў. Ён абышоўся мне ў 22 даляры. Бурштынавыя каралі — уласнай зборкі. Спадніца — H&M, здаецца, гольф — French Connections. Замшавыя боты з рыжскага сэканда.

Гэта выдатная вячэрняя сукенка Mango з польскага стоку, за якую замест 129 еўра (на бірцы) я аддала нешта каля 17 даляраў. Лакавыя туфлі да яго. Абцасы я нашу вельмі рэдка, таму што ёсць праблемы са спінай, ну і росту мне не займаць (я — 180 см), у абцасах раблюся настолькі высокай, што людзі размаўляюць са мной, моцна задраўшы галаву — не зручна.

Пышнае рыжае скураное паліто, набытае мною ў амерыканскай камісіёнцы за 20 даляраў. Апранаю яго па асаблівых выпадках: у ім няма гузікаў, павязваю поясам — не вельмі цёплы варыянт для восені, але на выхад самы раз. Гольф — Zara, штроксы — нешта японскае таксама з сэканда. Туфлі — Centro

Аднекуль даўно ў мяне ў гардэробе з'явіліся галіфэ. Вельмі люблю надзець іх час ад часу, таму што яны ламаюць усе цяперашнія разуменні аб тым, якімі павінны быць штаны. Штаны — Topshop, пінжак Mexx, вадалазка Zara, боты — Tamaris

Калі холадна. Скураныя штаны Gap, блузка H & M, кофта-кардыган набыты ў крамцы вырабаў ручной работы ў Барселоне

Мне вельмі пасуе насычана-сіні. Пад яго звычайна ідзе блакітная туш і лазурыт з караламі ў каралях уласнага вырабу. Уся вопратка — Zara. Футра — падарунак цёткі, а ёй дасталася з сэканд-хэнда.

Вельмі люблю кранальныя шаўковыя блузкі. Асабліва гэтую — Zara. Доўга пазірала на яе і не магла наважыцца купіць, пакуль яна каштавала 30 еўра. На распродажы за 10 еўра яна стала маёй. Фота — Уладзімір Чарносаў

Яшчэ адна сукенка з віленскай вінтажнай «Хьюман», да якой павінны быць прычоска ў стылі прынцэсы Леі з «Зорных войнаў».

У Мінску заўсёды хочацца больш яркіх фарбаў. Гольф — Zara, вінтажная замшавая спадніца з 80-х (вітанне амерыканскім камісіёнкам) і пяцікапеечныя касмічныя кеды з польскай абутковай крамы, назву якой не памятаю. Замшавая куртка New England (зноў вітанне амерыканскім Salvation Army).

Гулялі ў бандытаў на «Ягуары». Гэты вобраз (на гэтым і наступным фотах) быў задуманы для здымкаў матэрыялу газеты «Аўтабізнэс». Мы тэставалі машыну, на якой у свой час ездзілі ангельскія бандыты і наркагандляры. Пазычаць рэчы для здымкаў не давялося — усё было ў маім гардэробе. Я — добрая мама, але магу быць дрэннай дзяўчынкай, адказваю часам пра сябе паўжартам.

У вобразе спецагента)). Таксама тэст-драйв, і таксама «ў скуры».

Лясны лук. Ранняй вясной — самы час закахацца, а закахаўшыся, ужо не важна, што на любімым апранута.

Вельмі люблю шэры колер. Ён зусім не «мышыны», як прынята лічыць, а вельмі элегантны. Калі я не ведаю, што надзець, гэта будуць шэрыя штаны і шэрая кофта, і мне будзе вельмі камфортна, я буду дакладна ведаць, што добра выглядаю.

Класіка: рудая ў зялёным. Блузка Atmosphere, каралі нефрытавыя ўласнай зборкі.

— Як Вы лічыце, ці варта чалавеку апранацца з густам ці ўсё ж такі, як кажуць многія, гэта проста вонкавасць, на якой не варта засяроджвацца?

— Вядома, варта. Мне вельмі не хапае ў Мінску яркіх фарбаў, прыгожых малюнкаў, смелых людзей, якія не баяцца эксперыментаваць, але ў той жа час не ставяць матэрыяльнае ў цэнтр увагі. Парадокс: беларускі неверагодна прыгожыя, але пры гэтым гэтак жа часам недарэчна і безгустоўна апранутыя. Праз адну — калхозніцы. І быццам часопісы сёння дастаць не праблема, інфармацыя з інтэрнэту даступная, ёсць выбар у крамах. Я не кажу, што адзенне з рынкаў — дрэнна, а тавар у буціках — узор высокага густу. Можна ў сэканд-хэндзе апрануцца стылёва. Але большасць пакуль істотна не вылучаецца з натоўпу, стараецца быць як усе, а «як усе» — гэта даволі паныла.

З другога боку, густу, на маю думку, складана навучыцца: трэба шмат глядзець, параўноўваць, выпрацоўваць уласнае мысленне. Але чым больш вакол будзе людзей, апранутых з густам, тым больш прыгожай і свабоднай будзе атмасфера вакол нас. Але важнае ўдакладненне: шмоткі — не самае галоўнае, галоўнае — чалавек унутры гэтых шмотак.

— Наколькі для Вас істотна выглядаць добра?

— Важна. Бывае, у мяне выдаецца пару дзён, калі я магу працаваць дома, не выбіраючыся на інтэрв'ю, сустрэчы, здымкі. Дык вось за пару такіх дзён, калі я не ўкладваю валасы, не раблю макіяж, не вылажу з хатняй байкі і спартыўных штаноў, я пачынаю хвалявацца, што неяк не вельмі выглядаю, і мяне гэта напружвае. Хоць, магчыма, я проста не хатні чалавек. Я адназначна сацыяльная істота: мне абавязкова трэба выходзіць з дому і мець зносіны з кімсьці, акрамя сям'і.

Але ўпрыгожвацца проста для выхаду з хаты таксама не стану: на працы я імкнуся выглядаць стылёва, а ў двор з дзецьмі, у краму на рагу вуліцы магу выйсці ў садовых «кроксах», у байцы і старых «трэніках».

— А як Вы лічаце, вось нашыя жанчыны, якія так прыгожа дэфілююць па вуліцах сталіцы, апранаюцца для сябе ці для мужчын?

— Азіраючыся, думаю, што многія беларускія жанчыны апранаюцца нават не столькі для мужчын, а для сваёй асноўнай мэты і балючай тэмы — выйсці замуж. «Уж замуж невтерпёж». Памятаеце? Асабліва калі хочаш патрапіць за мяжу.

— Вяртаюся да Вашага стылю. Які ваш самы любімы элемент гардэробу?

— Ірваныя дызайнерскія джынсы і элегантныя блузкі. Менавіта ў такім спалучэнні. Ну, і панкаўскія боты да іх. З тых часоў, як я стала сама купляць сабе вопратку, я прымерала на сябе некалькі кардынальна супрацьлеглых вобразаў. Спачатку купляла класічныя дзелавыя касцюмы, думаючы, што стану сталейшай і больш сур'ёзнай. Потым паспрабавала стаць рамантычнай і жаноцкай, насіла сукенкі, спадніцы і высокія абцасы (хто памятае мяне ў тым перыядзе, ніколі не паверыць, што ў падлеткавым узросце я была брудны гранж). У апошнія гадоў пяць я вызначылася-такі. Вельмі люблю спалучаць дзёрзкія рэчы з элегантнымі: карункавая блузка, пінжак цудоўна падыходзяць да рваных джынсаў, ботаў з заклёпкамі і ланцугамі на баку — мая даўняя любоў да рок-н-рола праяўляецца і ў вопратцы.

— Якая тады рэч робіць жанчыну сапраўды жаноцкай?

— Не ведаю, усе жанчыны вельмі розныя. Але я ведаю адно, што любая, нават самая дарагая, рэч згубіцца, калі за ёй не будзе яркага чалавечага зместу. Мне здаецца, куды істотней, ХТО ты, НАВОШТА ты, чым тое, што на табе апранута. Ніякая рэч не здольная замяніць індывідуальнасць. Яна можа раскрыць яе, але замяніць — не.

— А як часта Вы набываеце новае адзенне?

 — Не часта. Хутчэй, толькі падчас падарожжаў, паездак за мяжу. Назваць мяне «модніцай» таксама складана: я хутчэй з тых, хто выразна бачыць, ШТО хаваецца за руплівай працай маркетынгавых аддзелаў — новы айфон у пацверджанне статуса або гучнае імя на бірцы шмоткі нічога для мяне не значаць. Я ўпэўнена, што грошы варта марнаваць на вандроўкі і адукацыю сваіх дзяцей — зрэшты, гэта ўзаемазвязаныя паняцці.

Ну добра, але ўсё ж такі колькі Вы грошай выдаткоўваеце на адзенне?

— Большасць з таго, што ёсць у маім гардэробе, каштавала невялікіх грошай, і рэдка за штосьці я гатовая заплаціць больш за 20 даляраў. Даўно шукаю цёмна-сіні аксамітавы або велюравы пінжак, за які аддала б значна больш, але нідзе пакуль не сустрэла тое, што хацелася б. Верагодна, трэба звярнуцца ў атэлье.

— Дзе Вы набываеце адзенне? Можа, ёсць любімыя маркі і брэнды?

— У мяне шмат рознага адзення, якое я набывала ў камісіёнках ЗША, Еўропы, Тайланда. Люблю старыя вінтажныя рэчы: днямі купіла класічны англійскі бэжавы плашч 70-х гадоў. Ён абышоўся мне ў 22 даляры. Гэтак жа з апошніх набыткаў — выдатная вячэрняя сукенка Mango з польскага стоку, за якую замест 129 еўра (на бірцы) я аддала нешта каля 17 даляраў. Я люблю прабегчыся па народных марках: Zara, Mango, Lindex — часам там можна знайсці недарагія і добрыя рэчы. На жаль ці не, але пакуль мне не па кішэні (і наўрад ці будзе з прычыны асаблівасцяў маёй свядомасці) паходы па дарагіх буціках, крамах брэндаў. Яшчэ раз: мне ёсць чым напоўніць недарагую рэч. З іншага боку, я ведаю, што фірмовае, дызайнерскае, ручной працы сапраўды становіцца самым любімым у гардэробе.

Асобнае захапленне — упрыгожванні: частку з іх збіраю сама з камянёў, якія танней і цікавей купляць у Азіі, нейкія ж купляю ўжо гатовымі. Упрыгожванняў у мяне шмат, іх сарцірую па колерах і адценнях.

— На якую рэч гардэроба варта не шкадаваць грошай?

— У мяне ў гардэробе ёсць некалькі сапраўды якасных, дызайнерскіх, дарагіх рэчаў, і, мяркуючы па тым, наколькі доўга яны жывуць, не трэба шкадаваць грошай на любыя добрыя рэчы. Іншае пытанне, што менавіта на рэчы я шкадую грошы, таму што, як я ўжо казала, асабіста для мяне падарожжа важнейшае. І пакуль я не зарабляю велізарных грошай, даводзіцца выбіраць, на што іх траціць.

Якія асноўныя памылкі дапускаюць жанчыны пры выбары свайго ўбрання?

— Часта жанчыны бачаць рэч, але не бачаць сябе ў ёй, ад чаго ў выніку выглядаюць недарэчна. Гэтак жа яны баяцца прымаць уласныя рашэнні, думаць самастойна: мода усіх пагалоўна апране ў штаны slim, незалежна ад таго, пасуе гэтая мадэль чалавеку ці не. Мне вельмі падабаецца, калі жанчына апранутая ў нейкім унікальным, сваім стылі, няхай яна тройчы выглядае дзіўна, эпатажна і нават неахайна… Калі за ўсім гэтым хаваецца вобраз і ўласнае бачанне таго, як трэба спалучаць рэчы — выдатна!

— Ці есць у Вас нейкія табу ў стылі? Што з чым вы ніколі не будзеце спалучаць?

— Я баюся леапардавых і іншых звярыных прынтоў, баюся з прычыны таго, што іх перанасілі ўсе калхозніцы свету. Наўрад ці ў маім гардэробе з'явіцца такая рэч. Наогул, я стараюся адразу ж перадорваць або адкладаць рэч, якая з часам становіцца папсовай. Гэта з падлеткавага часу так склалася, я заўсёды хацела выглядаць не як усе — гэта вызначальны крытэр. Мама глядзела на мяне часам і казала: ну чаму ты не хочаш быць, як усе дзяўчаткі? «Як усе дзяўчаткі» мне ніколі не хацелася быць і далей па жыцці. У маім дзяцінстве не было магчымасці купляць тое, што хацелася, таму я насіла нейкія татавы і матуліны рэчы, штосьці з рынкаў і самае таннае.

Першыя рэчы, якія я набыла за ўласныя грошы, прыйшліся ўжо на Амерыку і на выдатныя сэканд-хэнды, дзе цэны дазвалялі як заўгодна эксперыментаваць і выпрацоўваць уласны стыль. Дарэчы, супердарагія брэндавыя рэчы прыйшлі да мяне менавіта праз амерыканскія сэканд-хэнды і камісіёнкі. Верагодна, усё гэта заклала ўва мне цяперашняе стаўленне да рэчаў і да таго, як я іх нашу.

Але калі ўсё ж такі з вобразам у жанчыны не атрымалася, то якія дадатковыя рэчы ці колеры могуць выратаваць самую безнадзейную сітуацыю?

— Пачуцце гумару, густ, верагодна, могуць, а рэчы — сумняваюся. Я не ведаю, чым, акрамя пачуцця гумару, можна выратаваць строй «шпілька-спартыўныя штаны-кофта са стразамі». Ёсць хітрыкі, якія могуць выратаваць у сітуацыі, калі няма часу нешта зрабіць з валасамі — напрыклад, хустка, павязаная на галаву.

— Вы заўсёды вельмі добра выглядаеце, і гэта пры тым, што выхоўваеце дзяцей. Чаму так шмат жанчын пасля нараджэння дзяцей пачынаюць кепска за сабой сачыць?

— Дзякуй за камплімент. Рада, што мае звычайныя вокамгненныя зборы ў выніку выглядаюць «добра». А чаму «многія жанчыны…»? Ды таму што быць і мамай, і гаспадыняй, і працаваць — гэта ўсё займае шмат часу. Асабліва, калі жанчына гадуе дзіця адна… І калі пры тым, што ў яе (адной) усё атрымліваецца з першымі трыма пунктамі, яна яшчэ і выдатна выглядае, то я ёй у думках цісну руку. Я па сабе ведаю, што часам, укладваючы ўвечары дзяцей, адчуваю сябе настолькі стомленай за дзень, што махаю рукой і вырашаю, што здыму макіяж заўтра. І гэта пры тым, што ў мяне ёсць выдатны муж, які цалкам мяне падмяняе ў палове выпадкаў.

Я разумею, што яшчэ справа ў прыярытэтах, у выхаванні: у маёй сям'і не было прыкладаў жанчын-жанчын, якія сачылі б за сабой годным чынам, таму я вучуся любіць і шанаваць сябе як жанчыну ужо ў сталым узросце. А прыярытэты ва ўсіх і сапраўды розныя: безумоўна, можна знайсці час на нешта большае, чым базавы догляд скуры, асабліва раніцай і ўвечары, але я ў большасці выпадкаў вырашу прабавіць гэты час з дзецьмі, з кнігай, з сябрамі або хм… за чарговым тэкстам для рэдактуры. І гэта мая праблема, а не вынік таго, што ў мяне ёсць дзеці. Усё гэта фігня: можна і з дзецьмі займацца сабой. Зноў жа выключэннем служаць аб'ектыўныя сітуацыі недахопу часу і сіл у маці-адзіночак і тых, хто нават з мужам цягне на сабе ўсю сям'ю — у такіх сітуацыях я ніколі не стану даваць парадаў, як трэба выглядаць, як займацца сабой. Тым больш, што я не найлепшы дарадца ў гэтых пытаннях — у самой мары аб спа-працэдурах не сыходзяць далей традыцыйнай і неабходнай мне праўкі хрыбетнікаў раз на паўгода, але я стараюся выглядаць добра, таму што прыгажосці павінна быць больш вакол, бо я хачу, каб мае хлапчукі ведалі, што іх мама і жонка самая выдатная ў свеце не толькі ўнутрана, але і звонку.

Гутарыла Вольга Гарапучык

0
Слаўка / Адказаць
21.01.2015 / 14:00
Трохі б вагі ёй яшчэ набраць!
0
belariy / Адказаць
21.01.2015 / 14:16
Слаўка, ага. тое ж самае падумаў. а то шчокі настолькі ўціснуліся ад недаяданьня, што твар стаў як у тэрмінатара )))
0
чытачка / Адказаць
21.01.2015 / 14:22
"У мяне шмат рознага адзення, якое я набывала ў камісіёнках ЗША, Еўропы, Тайланда. Люблю старыя вінтажныя рэчы: днямі купіла класічны англійскі бэжавы плашч 70-х гадоў." Голь на выдумку х ітра -- усе модніцы Беларуси апранаюцца ў сэкандах. Калі навешаць паверх некалькі нітак пацкерак, то выглядае быццам бы так і трэба... Вось толькі б я не рызыкнула апрануць сукенкі памерлай гаспадыні, нават калі яны і дасталіся разам з домам.
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру