Да канца гэтага тыдня тэрыторыя нашай краiны будзе заставацца пад уплывам зоны павышанага цiску, — паведамiлi ў службе гiдраметэапрагнозаў Рэспублiканскага гiдраметцэнтра. Таму ападкаў у блiжэйшыя тры днi не прадбачыцца, за выключэннем асобных раёнаў, дзе магчымы невялiкi снег.

У чацвер, пятнiцу i суботу захаваецца слабамарознае надвор’е. Тэмпература паветра ўначы мiнус 3—9, удзень — 1—7 марозу.

У нядзелю да заходнiх раёнаў краiны падыдзе малаактыўны атмасферны фронт, таму ў Брэсцкiм i Гродзенскiм рэгiёнах пройдзе невялiкi снег. Тэмпература паветра ўначы мiнус 1—7, удзень — ад мiнус 3 да плюс 3 градусаў.

31 снежня сiноптыкi прадказваюць месцамi невялiкi снег. Тэмпература паветра ўдзень — 0—5 марозу. У навагоднюю ноч захаваецца слабамарознае надвор’е, калi тэмпература паветра будзе мiнус 1—7 градусаў. У першы дзень студзеня тэмпература паветра каля 0, месцамi невялiкi снег.

Сяргей Куркач, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0