Па віне п’янага кіроўцы ў Мінску мінулай ноччу на прыпынку грамадскага транспарту загінула дзяўчына, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Паводле інфармацыі ДАІ, 27 снежня ў 00.00 насупраць дома № 60 па вуліцы Алтайскай нецвярозы вадзіцель 1979 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем «Хонда Акорд», не справіўся з кіраваннем і выехаў за межы праезнай часткі на прыпынак грамадскага транспарту. На прыпынку знаходзілася дзяўчына 20—25 гадоў, якая загінула на месцы ДТЗ. Кіроўца ужо быў пазбаўлены правоў за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане.

Таксама ва УДАІ ГУУС паведамілі, што 26 снежня ў бальніцы памёр мужчына 1965 года нараджэння, які 12 снежня пераходзіў дарогу па пешаходным пераходзе насупраць дома № 2 па вуліцы Дзянісаўскай і быў збіты аўтамабілем. Аўтамашынай кіравала жанчына 1963 года нараджэння.

За мінулыя суткі ў Мінску адбылося 104 дарожна‑транспартныя здарэнні, з іх сем — з пацярпелымі. Загінулі два чалавекі, цялесныя траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі шэсць чалавек.

У сталіцы 26 снежня выяўлена 1.087 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Затрымана 16 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, 12 — не мелі права кіравання транспартным сродкам, 129 — за перавышэнне хуткасных рэжымаў руху, 82 пешаходы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пераходу праезнай часткі, з іх 17 — за невыкарыстанне ў цёмны час сутак святлоадбівальных элементаў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0