Павел Касцюкевіч, фота Радыё Свабода

Павел Касцюкевіч, фота Радыё Свабода

— Госпадзе, ну чаму ў Буніна пры любых амурных раскладах вылазіць рэвальвер?! Гімназісты, афіцэры, інтэлігенцыя — вечна там усе страляюцца. Яна разлюбіла ці дала драла з іншым, а каханак — ах, ох, жыццё пад адхон, рулю ў рот або там у скроню — трах-бах… У адным апавяданні Бунін паслужліва пхнуў у рукі герою ажно два пісталеты. Быццам як кантрольны стрэл. Або возьмем «Русю» — выглядае на ціхамірную пастараль, камар’ё, балаты, дачнае каханне. Не! Нават тут як Піліпаўна з канапель выскоквае бажавольная маман і ў фінальнай сцэне шмаліць па доччыным залётніку са старасвецкага мушкета. Проста Дзікі Захад, а не царская Расія!

Спадарожнік гадоў сарака пяці адклаў кнігу і глянуў з усмешкай. У купэ начніка «Мінск—Віцебск» нас было толькі двое. Ён працягнуў:

— І чаго здзіўляцца, што хутка сталася рэвалюцыя — такая колькасць смаркатых гімназістаў са зброяй! І яшчэ цікава, хто скажа, чаму Бунін так не любіў, каб каханкі заставаліся цэлыя і жывыя пасля таго, як моцна пакахалі?

Я пасміхнуўся зазыўнай усмешкай прафесійнага суразмоўцы. Мы засяродзіліся на гарбаце: спадарожнік піў са шклянкі, пастаўленай у старамодны, укрыты вензелямі «Б» і «Ч», падшкляннік, я — з пенапластавага кубачка. Недзе за вакном у белай цемры без усякай шкоды ля нас прамінала Паганае возера. Паўсюль было вельмі снежна, глуха і чыста. Нерушна. Кончыкам языка сабраўшы цукровыя драпкі з левага ўказніка, мужчына дадаў:

— Пра што гэта я? Маё прозвішча таксама Бунін. Толькі я не з тых, не з расійскіх. Я віцебскі габрэй. І давайце я вам раскажу сваю гісторыю пра каханне.

Кіўнуўшы, я прытуліўся да сценкі вагона скроняй. Колькі там таго сну ў нашых начных экспрэсах?

І вось што распавёў мой суразмоўца:

— Гэта ўсё было на пачатку 2000-х. Я нядаўна рэпатрыяваўся ў Ізраіль. У Ерусаліме ўладкаваўся начным ахоўнікам. Няпыльная, хоць цягамотная праца, дазваляла вучыць начамі іўрыт.

Была якраз другая інтыфада — тэракты ў горадзе амаль штодня: то з аўтамата пусцяць чэргі па мінаках, то нажом пырнуць пакупніка на рынку. Пад рознымі выкрутамі ізраільскія ўлады масава раздавалі зброю: мужчынам, жанчынам, каму толькі можна. А яшчэ — электрашокеры, балончыкі з газам. Пасяленцаў аснашчалі каскамі. Па вулках хадзіла ўзброеная да зубоў грамада. Аўстрыйскія, чэшскія, амерыканскія, італьянскія рукаяткі вытыркаліся з-пад джынсаў, спадніц і шортаў ерусалімскіх абываталяў. Хадзілі чуткі, што ў аднаго дзеда, прадаўца свежых сокаў з Маханэ-Егуда, бачылі пад прылаўкам «ППШ». Разлік просты — тэрарыста, які выйшаў на крывавую дарогу і сее навокал смерць, хто-небудзь з наваколля пры нагодзе абавязкова ды падстрэліць.

Дык вось, абцяжараны старэнькім венгерскім парабелумам, у той дзень я вартаваў нейкі Богам забыты абутковы склад у Гіват-Раме. Яна была начным інспектарам: прыехала спраўдзіць, ці ўсё са мною ў парадку і ці ж не сплю я на варце. У яе былі распушчаныя чорныя валасы, што крыху завіваліся на скронях. Скура ад празрыстасці ажно звінела. Насіла чорныя боты на тоўстых падэшвах і куртку вайсковага фасону. На ўсю даўжыню вуха блішчэў ланцуг завушніцаў. Яе было лёгка прыняць за панкушку.

Адразу праз мяне, праз мае пальцы прайшоў такі ток! Ад тых радзімак, па якіх можна вывучыць усе сузор’і яе далікатнага, крыху меланхалічнага твару, мяне перапоўніла чыстая мілота — аж да поўнага зацінання дыяфрагмы. Яна глядзела сваімі зялёнымі светлафорамі, і я падумаў, што дарогу мне дае сам Госпад Бог.

Я адчуў, што мы з ёй выдатна ведаем адно аднога. Нават залёты лішнія. Я распавёў пра сябе, як я ўвесь час не ведаю, чаго хачу. Яна — што гэта яе апошняя змена, што ёй усё абрыдла, што яна ўжо звольнілася і з’ехала з арандаванай кватэры ў Рэхавіі, а заўтра вечарам зляціць у Штаты назаўжды. Амерыка ёй даспадобы больш за гэтую вечна закутую ў бронь краіну.

У яе быў мілы, але моцны беларускі акцэнт — на іўрыце яна амаль паўсюль вымаўляла «ц» замест «т» і «дз» замест «д». Гаманілі мы ўсю ноч, пілі распушчальную каву, жартавалі і смяяліся. Паводле негалоснай дамоўленасці засталіся ў іўрыце. У гутарцы з ёй мне спадабалася паслугавацца простымі неабчасанымі словамі, падоўгу выбудоўваць патрэбную фразу. Мы нікуды не спяшаліся. Увесь астатні свет шчанюком скруціўся ля нашых ног. І няважна — ці захочам мы застацца тут, ці перамятнемся ў Еўропу, ці, можа, вярнемся назад у Віцебск, і, ат, ведаеце, — хай сабе! — з'імчым у блаславённую Амерыку.

У думках я ўжо быў з ёй, жыў разам. У мроях мною кіравала не толькі жарсць, але і цвярозы расклад. У нас жа надзейнае заплечча: мы аднаго веку, аднаго паходжання, у нас агульныя тэмы, а яшчэ савецкае дзяцінства і эрбэшная маладосць. Мы абавязкова паразумеемся. З цягам часу эмоцыі заменяцца на замілаванне, каханне — на глыбокую прывязанасць.

Але на досвітку, калі яшчэ не аціхлі начныя цыкады, яе выклікалі па рацыі. Яна мусіла ехаць глянуць сігналізацыю, што спрацавала на далёкім канцы горада.

Усё роўна як нейкі клей скуў яе рухі. Замаруджана, нібы праз сон, яна апусціла кардонны кубак з дапітай кавай у нікеляваны сметнік. Сыходзячы па калідоры, двойчы азірнулася і, як мне падалося, марна намагалася нешта сказаць.

Я таксама завалаводзіўся — ведаеце, гэтая нашая рахманасць… Я бачыў, як яна даліцца па гулкім калідоры абутковага складу. Стаяў, не ў змозе спыніць яе — сказаць гэтую, простую як тры капейкі, фразу. Родны, любы чалавек пакідаў мяне назаўжды, а я нават не дазнаўся імені. Адчуў яшчэ, як маё новае прасветлае жыццё вось так, не пачаўшыся, заканцоўваецца. І яно шчэзне дазвання ў момант, калі мая каханая схаваецца за дзвярмі. І заўтра драпежная птушка-самалёт назаўжды згоніць яе за небакрай. Усё на гэтай зямлі раптам падалося мне пазбаўленым сэнсу.

Я знерухомеў — толькі правая рука незалежна ад мяне шнарыла па сцягне. Я адчуў халодную важкасць жалеззя — як яно паслужліва тыцкаецца ў руку. У горле брыняў камяк — я па-ранейшаму не мог вымавіць ні слова, каб спыніць, вярнуць яе.

І тады я зняў пісталет з засцерагальніка і стрэліў. Ёй у спіну.

Калі я падбег, яна, узлокціўшыся на спіне, паволі прыўзнялася. Дзіўна пасміхнулася. Я абняў яе, а ейныя рукі моцна абвілі шыю ў адказ. Я адчуў, як жаночыя пальцы пяшчотна лашчаць спіну і вусны злёгку, але горачна цалуюць маё плячо праз пінжак. Уваччу ў нас абаіх стаялі слёзы. Я жэстам паспрабаваў сцішыць яе, маўляў, пачакай, зараз табе нельга варушыцца, і амаль прымусова прыціснуў яе спіну да падлогі. Як мага асцярожна перакуліў тулава на бок і стаў марудна расшпільваць куртку вайсковага фасону, на якой чамусьці не было ніводнай кроплі крыві.

Яна яшчэ раз квола пасміхнулася знябытай усмешкай. Дала пяшчотную буську і нечакана жвава скочыла на ногі. Пад курткай выпіналася шэрая пласціна бронекамізэлькі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0