Усе ведаюць, што з гадамі мы маладзейшымі не робімся. Як цела, так і мазгі старэюць, і з узростам мы страчваем працаздольнасць. Гэта — усеагульнае меркаванне і ўсеагульная памылка.

Бо сталасць не ёсць часам самоты, дэпрэсіі ды заняпаду, а ў сім-тым жыццё сталага чалавека робіцца і больш якасным.

Задаволенасць жыццём не памяншаецца з узростам, а нават наадварот. Карэн Фінгерман, даследчыца з Тэхаскага ўніверсітэта, упэўненая: з узростам людзі адзначаюць лепшы і больш стабільны настрой, выразнае адчуванне дабрабыту, сяброўства робіцца больш цесным, паразуменне таксама ўзрастае. Працягваюць назапашвацца веды і развіваецца інтэлект, глыбіня і рознабаковасць ацэнкі падзей, мудрасць (здольнасць бачыць канфлікты з розных пунктаў гледзішча).

Натуральна, хранічныя хваробы старых — у тым ліку дыябет, гіпертанія, дэменцыя — б’юць і па інтэлекце. Тым не менш, класічны вобраз «бурклівага, раздражнёнага старога, заклапочанага толькі працай сваіх вантробаў» датычыць не больш як 10% людзей ва ўзросце.

Старыя вечна ў дэпрэсіі? Лухта. Даследаванні паказваюць, што з узростам людзі навучаюцца бачыць больш добрага і светлага вакол. З успамінаў таксама астаюцца пераважна пазітыўныя. Нават у дамах састарэлых, дзе дэпрэсія — не рэдкі госць, старыя людзі хутчэй прымаюць сваё становішча і лепей адаптуюцца да яго.

Старыя людзі – старыя мазгі. Маруднае мысленне, цяжкасці з успамінамі. Куды ўжо старым да маладых, што імгненна вырашаюць кагнітыўныя тэсты. Вы згодныя? А навукоўцы – не. Так, у лабараторных умовах старыя людзі прайграюць маладым. Але быць крутым на тэстах – не значыць добра вырашаць жыццёвыя праблемы, адказна заяўляе Лін Хэшэр, прафесарка з Таронта.

Лабараторныя выпрабаванні пабудаваныя так, каб ані старым, ані маладым не дапамагаў папярэдні жыццёвы досвед. У рэальнай жа сітуацыі часцей выйграе больш дасведчаны і спрактыкаваны, здатны да ўсебаковага аналізу чалавек.

Тыя, хто праяўляе актыўнасць, не выходзячы за межы «зоны камфорту», страчваюць пазіцыі хутчэй за аднагодкаў, якія імкнуцца засвойваць новае, складанае, незвычайнае (навучаюцца ўпраўляцца з гаджэтамі, засвойваюць новыя праграмы і г.д.).

Але вось што цікава: найбольшыя страты мазгавой дзейнасці нясуць тыя, хто перакананы, што з узростам мозг мусіць старэць. Іх паказчыкі, паводле даследаванняў, апублікаваных у 2012 годзе навукоўцамі з Ельскага універсітэта аховы здароўя і Нацыянальнага інстытута па праблемах старэння, горшыя на 30% за тых, хто не лічыў узрост перашкодай для нармальнай працы мозга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?