Нярэдка даводзіцца чуць, што беларуская эканамічная мадэль — гэта такая экзатычная птушка, якая жыве паводле сваіх уласных, нікому не зразумелых законаў. Аднак, як выявілі адмыслоўцы Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту (ІПМ), такая думка ня мае пад сабой падставаў. Насамрэч, беларускую эканоміку можна мадэляваць.

Мадэль, створаная эканамістамі ІПМ, дазваляе прагназаваць, як будзе паводзіць сябе эканоміка краіны ў залежнасьці ад пэўных фактараў.

«Яна працуе паводле тых самых законаў, што і іншыя эканомікі, — кажа эканаміст ІПМ Аляксандар Чубрык. — Людзі паўсюль аднолькавыя, і яны аднолькава рэагуюць на пэўныя эканамічныя стымулы. Калі стымулы такія, як у Беларусі, то рэакцыя цалкам прадказальная. Мы нават самі дзівіліся, як блізка да некаторых — хоць і ня ўсіх — тэорыяў у нас выходзяць каэфіцыенты, знакі ў нашых ураўнаньнях».

Мадэль, збудаваная адмыслоўцамі Дасьледчага цэнтру ІПМ ужо атрымала захопленыя водгукі ад замежных арганізацыяў, якія займаюцца эканамічнымі дасьледваньнямі. Гэтак, у Стакгольмскім інстытуце пераходнай эканомікі адзначаюць, што экспэрты Дасьледчага цэнтру ІПМ — бадай, адзіныя ў СНД, хто здолеў стварыць такую пасьпяховую мадэль.

Сама мадэль выглядае як спалучэньне графікаў ды матэматычных формулаў, якія навуковец можа інтэрпрэтаваць для таго, каб, скажам, прадбачыць магчымае ўзьдзеяньне энэргетычных шокаў на эканоміку Беларусі. Для стварэньня мадэлі выкарыстоўваліся дадзеныя Мінстату ды Нацбанку з 1996 г. да першага кварталу 2007 г. «Прааналізаваўшы гэтыя дадзеныя, мы атрымалі ўнікальную базу», — кажа А.Чубрык.

Прагнозы на базе досьведу

Эканамісты Дасьледчага цэнтру ІПМ вырашылі паспрабаваць змадэляваць, як паўплывае на эканоміку краіны энэргетычны шок, якога нам, бадай, не мінуць. У чым будзе складацца гэты шок? «Мы зыходзілі з таго, што будзем мець 100 % эўрапейскай цаны на газ у 2011 годзе, а таксама падвышэньне цаны на нафту як наступства пагадненьня паміж Беларусьсю ды Расеяй аб тым, што мыта на нафту будзе паволі падвышацца да 2009 г.», — тлумачыць А.Чубрык.

Другі фактар, які улічаны ў мадэлі — будучыя прэзыдэнцкія выбары. Як падказвае досьвед, перад выбарамі ўрад заўжды ідзе на пэўныя эканамічныя захады з мэтай падвысіць узровень заробкаў. Паводле мадэлі, выбары адбываюцца ў чацьвертым квартале 2010 г. Ну і самая галоўная перадумова функцыяваньня мадэлі — імкненьне дзяржавы максымальна пазьбягаць дэвальвацыі беларускай валюты. Гэта важна ўлічваць яшчэ і таму, што ў 2007 г. праляцела першая ластаўка, якая сыгналізуе пра тое, што беларусы пачалі губляць давер да свайго рубля: колькасьць укладаў у нацыянальнай валюце пачала скарачацца, а ў замежнай валюце — узрастаць.

Акрамя гэтага, у мадэль трэ было закласьці меркаваную цану на энэрганосьбіты для Беларусі ў 2011 г. Зрабілі гэта на падставе прагнозаў МВФ. Паводле іх, цана газу дасягне амаль 240 даляраў у 2011 г. за тысячу кубоў, а нафты — прыкладна 370 даляраў за тону. «МВФ схільны недаацэньваць рост цэнаў на расейскія энэрганосьбіты, — адзначае А.Чубрык, — але для нашай мадэлі дакладнасьць гэтых лічбаў істотна не ўплывае на вынік».

Такім чынам, заклаўшы гэтыя дадзеныя ў сваю мадэль, эканамісты Дасьледчага цэнтру ІПМ атрымалі тры сцэнары разьвіцьця беларускай эканомікі да 2011 г. — базавы (асноўны, сярэдні варыянт), адмоўны (калі справы — дрэнь) ды станоўчы (калі ўсё ідзе найлепшым чынам).

Рост дэфіцыту

Такім чынам, у 2011 г. паводле базавага сцэнару дэфіцыт замежнага гандлю таварамі складзе каля 7 млрд даляраў, паводле адмоўнага — каля 8 млрд, паводле станоўчага — каля 5 млрд.

Гэты дэфіцыт трэба нейкім чынам фінансаваць. Якім чынам? Паводле базавага сцэнару да канца 2009 г. узьнікне недахоп фінансаваньня ўнутранага попыту на валюту. Той попыт складаецца з патрэбы фінансаваць імпарт, а таксама з жаданьня насельніцтва набываць валюту. Гэта асабліва моцна адчуваецца ў пэрыяды, калі ёсьць пэўныя эканамічныя праблемы, і людзі кідаюцца да абменьнікаў. Дык вось, згодна з асноўным сцэнаром, у краіне будзе бракаваць валюты для фінансаваньня ўнутранага попыту. Гэта значыць, што Нацбанк будзе вымушаны прадаваць частку сваіх рэзэрваў. Згодна з адмоўным сцэнаром, валюты будзе бракаваць нават на фінансаваньне імпарту, таму дэвальвацыя будзе проста непазьбежная. Паводле станоўчага сцэнару, валюты нам хопіць. Так, у 2011 г. Нацбанк будзе вымушаны прадаць крыху рэзэрваў, але ня больш за паўмільярда даляраў, што не зьяўляецца для нас істотнай праблемай.

У розных сцэнарах фінансаваньне дэфіцыту адбываецца з розных крыніцаў. У базавым сцэнары — за кошт падвышэньня замежнай пазыкі і прыватызацыі паводле прынцыпу «калі трэба грошы, то нешта прадамо, калі ня трэба — то прадаваць ня будзем». Паводле адмоўнага сцэнару, дзяржава імкнецца захаваць сваю ўласнасьць, і фінансаваньне дэфіцыту ідзе выключна за кошт павелічэньня вонкавай пазыкі. У станоўчым сцэнары даволі вялікі адсотак фінансаваньня ідзе за кошт простых замежных інвэстыцыяў.

Згодна з адмоўным сцэнаром, каля 20 % чыстага прытоку будзе прыпадаць на простыя замежныя інвэстыцыі, згодна са станоўчым — блізу 60%, і 40—50% — згодна з базавым.

Курс рубля

Да якой дэвальвацыі беларускага рубля прывядуць такія сцэнары? Згодна са станоўчым сцэнаром, будзе невялічкая дэвальвацыя у 2010—2011 гг. Паводле базавага сцэнару, рубель чакае даволі вялікая дэвальвацыя. Яна можа скласьці амаль 10 % у 2009 г., і ў выніку ў 2011 г. мы маем назапашаную дэвальвацыю больш за 50 %. «Базавы сцэнар — гэта прыкладна тое, што адбываецца цяпер», — адзначае Аляксандар Чубрык. І, нарэшце, паводле адмоўнага сцэнару мы сутыкаемся з патаньненьнем беларускага рубля да даляра амаль у два разы ў параўнаньні з 2006 г.

«Прычым мы ня ўлічваем эфэкту сьпіралі, — зазначае эканаміст. — Калі дэвальвацыя пачынаецца, падвышаецца попыт на замежную валюту, а гэта, у сваю чаргу, патрабуе яшчэ большай дэвальвацыі. Складана ацаніць, наколькі далёка зойдзе гэтая сьпіраль».

Згодна з базавым сцэнаром, у 2011 г. занятасьць зьнізіцца на 1 %, згодна з адмоўным — на 2 %. Пры станоўчым сцэнары спачатку адбываецца невялікае падзеньне занятасьці, бо адбываецца рэструктурызацыя прадпрыемстваў, прыцягненьне замежных інвэстыцыяў — таму захаваць былы ўзровень занятасьці будзе цяжкавата. Але разьвіцьцё эканомікі будзе ісьці далей і дасьць падвышэньне занятасьці ў 2011 г.

Рост заробкаў

«Галоўнае пытаньне, якое хвалюе людзей, — колькі яны будуць зарабляць у адпаведнасьці з нашымі сцэнарамі, — кажа А.Чубрык. — Гэта ўжо своеасаблівы прагноз на падставе гэтай мадэлі. Калі вы памятаеце, пры канцы 2010 г. нам усім абяцалі сярэдні заробак у 500 даляраў. Дык вось, згодна і з базавым, і са станоўчым сцэнарамі ўлады здолеюць выканаць свой плян і забясьпечыць гэтыя 500 даляраў пры канцы 2010 г. Толькі згодна з адмоўным сцэнаром яны ня здолеюць гэта зрабіць».

Здаецца, Беларусь мае дастаткова добрыя шанцы прыйсьці ў 2011 зь неблагімі эканамічнымі вынікамі. Але праблема ў тым, што адмоўны сцэнар будзе адбывацца ў тым выпадку, калі нашая эканоміка, разьвіваючыся ў адпаведнасьці з базавым сцэнаром, раптам перажыве нейкі эканамічны шок. «Скажам, калі Расея ўсё‑такі вырашыць пасьля 2009 г. увесьці для Беларусі такое ж мыта на экспарт нафты, як для іншых краінаў, мы з базавага сцэнару скоцімся ў адмоўны», — прагназуе А.Чубрык.

Такім чынам, эканамісты ІПМ бачаць рэцэпт посьпеху ў прыватызацыі праз прыцягненьне простых замежных інвэстыцыяў. Яна дазволіць пазьбегнуць рэзкага павелічэньня замежнай пазыкі і прафінансаваць інвэстыцыі ў асноўны капітал, падвысіўшы, такім чынам, унутраны попыт і канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў.

Крызісны момант

«На наш погляд, самы хісткі момант для скатваньня ў нэгатыўны сцэнар — 2010 год, — мяркуе эканаміст. — Невядома, як вырашыцца пытаньне з нафтай, таксама могуць узьнікнуць праблемы з экспартам у Расею — скажам, новы віток гандлёвай вайны. Расея ж для нашай прамысловай прадукцыі застаецца асноўным рынкам (калі ня браць нафтапрадукты)».

А.Чубрык лічыць, што мэнтальнасьць уладаў пакуль што не зьмянілася настолькі, каб у краіне пачаліся сыстэмныя рэформы. Але ў выпадку палітычнага прэсінгу з боку Расеі на Беларусь гэтая мэнтальнасьць, магчыма, будзе ламацца, бо будзе ўзьнікаць патрэба абароны палітычнага сувэрэнітэту.

Мадэль, распрацаваная Дасьледчым цэнтрам ІПМ — гэта не гараскоп ці гаданьне на картах, а вынік дасканалага аналізу. «Людзі думаюць, што з гэтых дадзеных можна атрымаць нейкую абсалютную ісьціну, — кажа А.Чубрык. — Гэта ня так, абсалютна дакладны прагноз немагчымы. Аднак гэтыя дадзеныя, раскладкі, дапамагаюць мадэляваць варыянты разьвіцьця падзеяў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?