У Расіі пры ўдзеле праваслаўнага духавенства цэнтралізавана фармуюцца ваенізаваныя групы добраахвотнікаў для закіду на тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей.

Нягледзячы на сталыя запэўніванні расійскага палітычнага і царкоўнага кіраўніцтва аб нейтралітэце адносна ваеннага супрацьстаяння на тэрыторыі Украіны, у Расійскай Федэрацыі пры ўдзеле праваслаўнага духавенства цэнтралізавана фармуюцца ваенізаваныя групы добраахвотнікаў для закіду на тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей, паведамляецца ў сенсацыйным відэарэпартажы Таццяны Корнявай і Алега Мутаўкіна на Томскім тэлеканале ТВ2.

«Першая група добраахвотнікаў адправілася сёння з Томска ў Луганскую вобласць», — гаворыцца ў рэпартажы расійскіх тэлежурналістаў, апублікаваным 7 снежня 2014.

Група складаецца з 31 чалавека ва ўзросце ад 23 да 50 гадоў, многія прайшлі Афганістан і Чачню. Арганізаваў адпраўку ўсерасійскі Саюз ветэранаў Афганістана. Па інфармацыі журналістаў, цяпер такія атрады добраахвотнікаў адпраўляюцца ва Украіну з усёй Сібіры. Напрыклад, у рэпартажы згадваецца, што з Барнаула на Данбас паехала група з 200 чалавек.

Падрыхтавалі томскі атрад, як паведамляецца, на грошы спонсараў. Добраахвотнікаў бласлаўляе праваслаўны святар, які раздае ім абразкі, з прамовамі выступаюць афіцэры. Адпраўка на расійска-ўкраінскую мяжу ажыццяўляецца арганізавана — усіх перавозяць аўтобусамі.

«Крыўдна за нашых. Што нейкая … дазваляе сабе забіваць дзяцей і цяжарных жанчын. Мы не можам на гэта глядзець» — кажа адзін з добраахвотнікаў з Томска, якія накіроўваюцца ў Луганск: «Мы займаліся, мы трэніраваліся, мы рыхтаваліся. І, паверце, мы падрыхтаваліся вельмі добра. Мы не едзем туды зарабіць. Мы едзем туды, каб скончыць усё гэта, іхняе гэтае бяспраўе»

Міхаіл Калмакоў, старшыня праўлення «Расійскага саюза ветэранаў Афганістана», прызнаў, што «вельмі шмат хлопцаў паехала туды паасобку, і ўжо некаторыя вяртаюцца, таму было прынятае рашэнне цэнтралізавана накіраваць групу». З ёй будзе падтрымлівацца сувязь у Расіі.

«З гэтай прапановай у маштабе Расійскай Федэрацыі выйшлі «Расійскі саюз ветэранаў Афганістана», «Саюз дэсантнікаў Расіі» і «Баявое братэрства», — заяўляе Калмакоў.

Паводле яго, ініцыятыва была ухваленая на самым высокім узроўні:

«Афіцыйна наша кіраўніцтва з Краснай Плошчы аб гэтым заявіла па цэнтральных каналах, што сапраўды трэба аказаць дапамогу народам Луганскай і Данецкай рэспублікі. З усіх фактычна сібірскіх рэгіёнаў нашы хлопцы туды паехалі».

«Тое, што адбываецца, здаецца нерэальным, бо афіцыйна расіяне на чужой вайне ў чужой краіне не ваююць» — даюцца дзіву журналісты. «Магчыма, што новы атрад добраахвотнікаў з Томска паедзе ва Украіну ўжо пасля Новага года» — паведамляецца ў рэпартажы. Добраахвотнікі сцвярджаюць, што не адмаўляюцца ад матэрыяльнага ўзнагароджання за ваенную дапамогу, але і не патрабуюць яго.

На сёння, паводле артыкула 359 Крымінальнага кодэкса РФ «найміцтва», «вярбоўка, навучанне, фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне найміта, а роўна яго выкарыстанне ва ўзброеным канфлікце або ваенных дзеяннях — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад чатырох да васьмі гадоў з абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў альбо без такога… Удзел найміта ва ўзброеным канфлікце або ваенных дзеяннях — караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з абмежаваннем волі на тэрмін да аднаго года альбо без такога».

На пытанне пра магчымы крымінальны пераслед за ваенныя дзеянні на тэрыторыі іншай дзяржавы адзін з добраахвотнікаў адказаў, што сярод расійскіх дэпутатаў разглядаецца пытанне аб надзяленні расійскіх добраахвотнікаў афіцыйным статусам.

Дадзены сюжэт таксама ужо паспеў выклікаць рэзананс у глабальным сеціве. Так, яго пракаментаваў расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў:

«Пуцін распавядае Аланду пра мірны працэс на Данбасе, а сам працягвае адпраўляць рускіх забіваць ўкраінцаў. Цяпер цэнтралізавана праз «Саюз ветэранаў Афганістана», «Саюз дэсантнікаў Расіі» і «Баявое братэрства».

Паглядзіце рэпартаж з Томска. Вядома, што ўсе гэтыя ветэранскія арганізацыі знаходзяцца пад апекай Міністэрства абароны і атрымліваюць ад Шайгу сур’ёзную падтрымку. У мабілізацыі «добраахвотнікаў», якія едуць забіваць, найважнейшую ролю адыгрываюць федэральныя ТБ. Без нянавісці да некалі брацкага народа ніхто не паедзе.

Нянавісць трэба пастаянна распальваць… Вайна скончыцца роўна тады, калі дзяржТБ памяняе карцінку, вярнуўшыся ў Расію».

Аднак пасля гэтага старшыня цэнтральнага праўлення Расійскага Саюза ветэранаў Афганістана Аляксандр Разумаў размясціў на сайце сваёй арганізацыі адказ Барысу Нямцову, які датаваны чамусьці 12 жніўня 2014.

Лідэр расійскіх «афганцаў» абвінаваціў Барыса Нямцова ў «чарговым паклёпе і русафобскім трызненні ў абарону ўкраінскіх карнікаў».

Ён сцвярджае, што гаворка ў відэасюжэце «ідзе зусім пра іншае, а менавіта пра тое, што каля 200 добраахвотнікаў, у тым ліку, членаў грамадскіх арганізацый «Расійскі Саюз ветэранаў Афганістана», «Баявое братэрства», «Саюз дэсантнікаў Расіі», адпраўляюцца на Данбас абараняць каштоўнасці рускага свету і мірнае насельніцтва паўднёвага Усходу Украіны ад украінскіх неафашыстаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?