Пад Барысавам ёсьць санаторый «Бярэзіна», дзе ўжо некалькі год запар праводзяцца летнікі для інвалідаў‑калясачнікаў, так званыя «швэдзкія зборы». Тут наноў вучаць жыць людзей, якія атрымалі складаныя траўмы сьпіны і ня могуць самастойна рухацца.

На жаль, выходзіць так, што людзі, якія трапілі ў такую сытуацыю, робяцца палоннымі сваіх кватэраў. Для іх невырашальнымі праблемамі могуць стаць рэчы, пра якія здаровыя людзі нават не задумваюцца: засьцяліць ложак, апрануцца, прыняць душ… Інваліду‑вазочніку цяжка выйсьці на вуліцу, а калі ён туды трапляе, то перашкодай на ягоным шляху становіцца кожная прыступка.

Івану Кацегаву, арганізатару збораў у «Бярэзіне», 50 год, «стаж» калясачніка — 23 гады. Мае сям’ю, двух сыноў, жыве ў прыватным доме і сваім прыкладам паказвае, што чалавек у вазку можа весьці паўнавартаснае жыцьцё: касіць траву і сячы дровы, кіраваць машынай і падарожнічаць.

Ужо дзесяць гадоў «Рэспубліканская асацыя інвалідаў‑калясачнікаў» (РАІК) праводзіць летнікі для калясачнікаў, мэта якіх — дапамагчы чалавеку, што атрымаў траўму, вярнуцца да нармальнага жыцьця. Тут людзі атрымліваюць вазкі актыўнага тыпу, на якіх нашмат лягчэй рухацца па жыцьці (як у прамым, так і ў пераносным сэнсе). Патрэбныя навыкі і атрымліваюць у летніку.

Штолета за дзьве зьмены праз зборы праходзіць 60 чалавек. На жаль, сёлета з прычыны фінансавых цяжкасьцяў лічба зьменшылася ўдвая. З той самай прычыны курс рэабілітацыі скараціўся зь пятнаццаці да дзесяці дзён.

За сьціслы гэты тэрмін курсанты павінны ня толькі навучыцца кіраваць вазком актыўнага тыпу, а яшчэ атрымаць пэўныя веды з сацыяльнай абароны, фізыялёгіі чалавека на вазку… Распарадак дня вельмі насычаны: удзень абавязковыя тры паўтарагадзінныя трэніроўкі, увечары — лекцыі, мерапрыемствы, дыскатэкі…

Трэніроўкі бываюць чатырох відаў: тэхніка язды на вазку, настольны тэніс, цяжкая атлетыка, аэробіка. Карыснае для людзей з траўмамі сьпіны плаваньне, але, на жаль, басэйн цяпер на рэканструкцыі.

Заняткамі кіруюць інструктары, таксама вазочнікі. Прычым курсанта, напрыклад, з траўмай верхняга аддзелу хрыбта вучыць інструктар з падобнай траўмай, таму што ў «шыйнікаў» — свая спэцыфіка рухаў, у «сьпінальнікаў» — свая.

Тэхнічныя пытаньні дапамагаюць вырашаць валанцёры. У асноўным, гэта студэнты — звычайна мэдыкі, псыхолягі, але не абавязкова (дапамагаць можа кожны неабыякавы чалавек — было б жаданьне!). Раздаць гантэлі і эспандэры, падтрымаць пры пераадоленьні перашкодаў — іх справа.

Рамонтам вазкоў і іх «падгонам» пад курсантаў займаецца мэханік. Да траўмы гэты вясёлы камунікабэльны хлопец працаваў на мэталюргічным заводзе і, паводле ягоных словаў, «вырас на капоце, гуляючы з гайкамі і болцікамі».

Курсанты павінны навучыцца самастойна пераадольваць прыступкі, бардзюры, падымацца па пандусе і зьяжджаць зь яго. Здавалася б, ну што тут складанага? Аказваецца, каб адужаць пандус, трэба валодаць пэўнай тэхнікай. Я бачыла, як цяжка даецца курсантам кожны элемэнт і як настойліва яны вучацца. Побач інструктары, якія цярпліва дапамагаюць і даюць парады. Дарэчы, зь першага погляду ніколі б не падумала, што інструктар Косьця валодае такімі «талерантнымі» якасьцямі. Гэты хлопец з голенай галавой і выглядам тыповага «братка» мае добры і мяккі характар.

Трэніроўка па цяжкай атлетыцы ўжо падыходзіла да канца, калі мы з Іванам наблізіліся да месца яе правядзеньня. Было горача, таму хлопцы падчас трэніроўкі паздымалі майкі, але ўбачыўшы незнаёмую дзяўчыну засаромеліся і хуценька пачалі апранацца. Пад кіраўніцтвам інструктара Віктара тут з дапамогай гантэляў, эспандэраў ды іншых снарадаў разьвіваюць моц рук, патрэбную для карыстаньня каляскай ды й для жыцьцядзейнасьці ўвогуле.

Сам курс навучаньня займае шэсьць дзён, у астатні час курсанты шліфуюць атрыманыя навыкі, паўтараюць элемэнты, якія даюцца цяжэй за ўсё. У гэтыя дні таксама праводзяцца спаборніцтвы: вызначаюць, хто мацнейшы ў тэнісе, дартсе, праводзяць маратон (заезды на 1, 2, 5 а то і болей кілямэтраў). Звычайна робяць таксама выезд у горад, гуляюць вуліцамі, наведваюць кавярню, рынак, парк, прымяняюць атрыманыя навыкі ў рэальных умовах. Для многіх курсантаў гэта першы «выхад у сьвет» самастойна, без бацькоў. Дарэчы, пра бацькоў. Яны часта зь неахвотай пакідаюць сваіх дзяцей у летніку, бо баяцца, што тыя ня змогуць пражыць бязь іх апекі. Як паказвае досьвед, пасьля летніку людзі мяняюцца: зь бездапаможных ператвараюцца ў самастойных.

«Выхад у сьвет» — на вуліцы гораду Барысава — выклікае ў мінакоў неадназначную рэакцыю, нават фурор. Для нашых гарадоў чалавек на вазку — штосьці надзвычайнае, а тут — цэлы натоўп! Вазочнікі гадамі сядзяць дома, бо пераважная большасьць нашых будынкаў ня мае пандусаў, у іх вузкія дзьверы або няма ліфтаў… Для дваццаці ты¬сячаў беларускіх інвалідаў‑ вазочнікаў недасяжныя тэатры, кіно, магазыны…

У летніку курсанты разам, ім лягчэй даваць рады быту ў кампаніі аднадумцаў і людзей з падобнымі фізычнымі абмежаваньнямі. Хутка праляціць зьмена, адгрыміць апошняя дыскатэка, пройдзе разьвітальны вечар — і яны разьедуцца па дамах, вернуцца ў рэальныя ўмовы. Але былыя курсанты ўжо ня будуць баяцца гэтых умоваў — яны будуць у іх актыўна жыць і пераадольваць тое, што яшчэ дзесяць дзён таму палохала.

Я глядзела на гэтых людзей і разумела, што ня трэба і немагчыма нават іх шкадаваць! Можна пазайздросьціць іх сіле волі, вытрымцы, жаданьню жыць і працаваць. Вось толькі з працай праблема. Вазочнікам цяжка яе знайсьці, бо ім трэба спэцыяльна абсталяваныя месцы. Іван кажа, што дзяржаве было б прасьцей затраціць мінімум сродкаў на абсталяваньне месцаў працы для калясачнікаў і плаціць ім заробак, чым пакідаць дома і плаціць пэнсію па нядзеяздольнасьці.

Час праляцеў хутка, і вось мне пара ад’яжджаць. Іван, як сапраўдны джэнтэльмэн, правёў мяне да прыпынку. Ціснучы яму руку на разьвітаньне, я радавалася, што прыехала сюды, што пазнаёмілася з такімі людзьмі, і спадзявалася, што наша сустрэча была не апошняй! Іван разьвітаўся і паехаў, а жанчынкі на прыпынку заквахталі: «Бедненькі, на вазку…» Я ўсьміхнулася: ні‑чо‑га яны не разумеюць у гэтым жыцьці…

Аляксандра Ліс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0