Рак у глыбіні галавы альбо шыі часта прызнаецца неаперабельным – занадта цяжка дасягнуць пухліны, абмінуўшы жыццёва важныя органы, сасуды, нервы, занадта цесна пераплеценыя розныя функцыянальныя сістэмы, граніцы анатамічных вобласцяў умоўныя. Таму любая, нават добра выкананая аперацыя ў глыбінях галавы ці шыі непазбежна нясе калецтва і істотна пагаршае якасць жыцця чалавека. Але з’явілася надзея пераадолець гэтую праблему.

Рэвалюцыйны метад трансаральнай робатахірургіі абяцае мінімальнае ўмяшанне: навучаны хірург аперыруе дыстанцыйна, маніпулятарамі робата пад кантролем 3D-камеры. Кіраванне адбываецца пры дапамозе электроннай прыстаўкі, функцыя рэтракцыі тканак дазваляе палепшыць агляд аперацыйнага поля.

Робат распрацаваны ў Лос-Анджаласе доктарам Эбі Мендэльсан, кіраўніком аддзела чэрапна-тваравай робатахірургіі. Па сцвярджэнні аўтара, для пацыента аперацыя па выдаленні пухліны будзе нагадваць візіт да стаматолага, і ўжо праз колькі дзён будзе наступаць поўнае аднаўленне без будзь-якіх цяжкіх наступстваў.

Добры шанец у сувязі з новай тэхналогіяй атрымаюць найперш пацыенты з пухлінамі заглоткавай прасторы, праблема якіх прылягае да аснавання чэрапа – вобласці буйных сасудаў і нэрваў. Непараўнальную палёгку новы метад прынясе і тым, каму традыцыйная анкахірургія прапануе папросту выразаць траціну ці палову твару плюс чвэрць шыі – дзеля папярэджання рэцыдыву і метастазаў.

Значна зменшацца паказанні да хімія- і промневай тэрапіі праапераваных хворых, а калі дадатковае лячэнне ім усё ж такі спатрэбіцца – з-за мінімальнай ранявой паверхні не ўзнікнуць праблемы з зажыўленнем. Паколькі шлях да пухліны ідзе праз рот, на скуры не застаецца рубцоў і ў далейшым не патрабуюцца рэканструктыўныя аперацыі.

Ужо больш за 100 пацыентаў праапераваныя пры дапамозе гэтага робата. Яны спадзяюцца, што перамаглі сваю хваробу. Але калі нават і сутыкнуцца з ёю ізноў, іх не скалечанае лячэннем цела і не здратаваны пакутамі дух дадуць ім добры шанец у барацьбе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?