У чэрвені 2014 года West Games, штат якой налічвае 11 чалавек, абвесціла аб распрацоўцы Areal, «духоўнага нашчадка» папулярнай серыі гульняў «S.T.A.L.K.E.R», і пачала збор грошаў. Пляцоўка Kickstarter у хуткім часе закрыла збор грошаў без тлумачэнняў. Распрацоўшчыкі Areal патлумачылі гэта скандаламі з канкурэнтамі і дзеяннямі ненавіснікаў з Расіі.

Іншыя экс-распрацоўшчыкі «S.T.A.L.K.E.R», кампанія Vostok Games, абвінаваціла West Games у махлярстве. Vostok распрацоўваюць уласнага «нашчадка Сталкера» пад назвай «Survarium».

Зараз West Games запусціла кампанію па збору сродкаў на новую гульню ўжо не на папулярным Kickstarter, а на меней вядомым World Wide Funder. Кампанія просіць ужо не мільён даляраў, а 600 тысяч. Гульня цяпер завецца «Stalker Apocalypse», але рабіцца яна будзе па напрацоўках «Areal».

Распрацоўшчыкі абяцаюць зрабіць гульню на графічным рухавіку Unreal Engine 4 і адаптаваць яе для Windows, MacOS, Xbox One і Playstation 4.

Кампанія па зборы сродкаў скончваецца 12 сакавіка 2015 года. У выпадку поспеху выхад «Stalker Apocalypse» плануецца на жнівень 2016 года.

У «Stalker Apocalypse» гульца будуць чакаць закінутыя тэрыторыі, небяспечныя мутанты, анамаліі, баі з нешматлікімі людзьмі, мноства транспарту. Чакаецца таксама падтрымка шлема віртуальнай рэальнасці Oculus Rift.

***

Серыя гульняў «S.T.A.L.K.E.R» сумна вядомая, але любімая гульцамі. Аб планах па распрацоўцы гульні па матывах апавядання «Пікнік на ўзбочыне» братоў Стругацкіх было абвешчана яшчэ ў 2001 годзе. Дата выхада гульні шмат разоў мянялася, а сама гульня паспела змяніць рухавік, назву і выдаўца. У выніку ў 2007 годзе выйшла гульня «S.T.A.L.K.E.R: Цені Чарнобыля», у якую не трапілі многія абяцаныя магчымасці (у тым ліку адкрыты сусвет). Гульня атрымала пазітыўныя водгукі як у постсавецкіх краінах, так і на Захадзе, але папулярнай была пераважна ў Расіі, Беларусі і Ўкраіне. У 2008 і 2009 годзе серыя папоўнілася гульнямі «Чыстае Неба» і «Кліч Прыпяці». Распрацоўка «S.T.A.L.K.E.R 2» была абвешчаная ў 2010 годзе, але спыненая ў канцы 2011-га праз закрыццё студыі-распрацоўшчыка GSC Game World. Правы на брэнд засталіся ў заснавальніка GSC Сяргея Грыгаровіча. Аб распрацоўцы «нашчадка Сталкера» абвесцілі дзве кампаніі, супрацоўнікі якіх маюць дачыненне да арыгінальнага «Сталкера». Фанаты тымчасам робяць мадыфікацыю «Lost Alpha», якая вяртае ў арыгінальныя «Цені Чарнобыля» ўсе абяцаныя, але не рэалізаваныя магчымасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?