Музыкі кажуць, што новую працу варта ўспрымаць як заклік.

У Brutto зноў новы сінгл. Ён мае назву «Будзь смелым» і складаецца з двух трэкаў: уласна «Будзь смелым» — новага, напісанага на верш Янкі Купалы, і свежай версіі «ляпісаўскай» песні «Священный огонь» з крычалкамі і спартовым запалам.

Сяргей Міхалок і кампанія кажуць, што сінгл варта ўспрымаць як заклік:

«Будзь смелым, калі ідзеш за сваёй марай, і будзе з табой святы агонь».

Песню «Будзь смелым» музыкі таксама суправадзілі lyric-відэа, піша «Еўрарадыё».

Верш «Будзь смелым!» Янка Купала напісаў у 1913 годзе.

Будзь смелым!.. Магутна ярмо друзгачы!
Ідзі сам наперад, другіх ведучы!
Будзь смелым!.. Не вер у людскую брахню,
Вер толькі ў адвагу і сілу сваю!

Будзь смелым, хоць путалі б злыдні ўвакруг, —
Адважным ваякам не страшны ланцуг!
Будзь смелым, як вецер, як воля сама!
Знай, смелых не чэпе ні крыўда, ні цьма!

Будзь смелым, як бура, што крышыць дубы,
А будзе твой верх, тваё права ўсягды!

Пра ўзнікненне гурту Brutto, новага праекта Сяргея Міхалка, было абвешчана ў пачатку восені. З таго часу гурт запісаў альбом Underdog і абвясціў пра Underdog Tour 2014 у яго падтрымку. Пасля забароны канцэртаў у Мінску і расійскай Самары Brutto рыхтуецца выступіць у Маскве (20 снежня) і Кіеве (27 снежня).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0