Калі на мінулым тыдні прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прыляцеў у Менск для перамоваў зь беларускім лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам, яны разам па‑сяброўску схадзілі ў лазьню і пасьнедалі на лыжным курорце, а пасьля прагаварылі да сьвітаньня.

Дыскусія зацягнулася далёка за поўнач, бо лідэры распрацоўвалі пляны па зьліцьці сваіх краін. Але дамовіцца не ўдалося — яны не змаглі прыйсьці да адзінай думкі пра тое, хто будзе галоўным. Абодва імкнуліся да найвышэйшай пасады.

Пуцін — ягоны прэзыдэнцкі тэрмін сканчаецца вясной наступнага году — вярнуўся дамоў у Расею і палічыў за лепшае стаць прэм’ер‑міністрам сваёй уласнай краіны.

Лукашэнка вярнуўся да сваіх абавязкаў на пасадзе прэзыдэнта Беларусі — краіны, вядомай у Эўропе як «апошняе апірышча тыраніі».

Але, паводле слоў назіральнікаў, плян зьліцьця дзьвюх краін зусім не пахаваны. Дакладней кажучы, багата хто прадказвае, што ў 2008 годзе раман Расеі зь яе найбліжэйшым хаўрусьнікам інтэнсыфікуецца, прычым гэта Расея ў асноўным будзе абходжваць Беларусь, а не наадварот.

«Цягам наступнага году Расея будзе працягваць сваю экспансію ў Беларусь», —сказаў Аляксандар Фадзееў, экспэрт па Беларусі з маскоўскага Інстытуту краін СНД.

Пакуль Беларусь выдае зь сябе недатыку, але, паводле ацэнак назіральнікаў, Расея займае больш выгоднае становішча. Мэта Расеі — аслабіць суседку ў фінансавых адносінах, не пакінуць ёй іншага выйсьця, акрамя будучага аб’яднаньня.

«Расея імкнецца да саюзу зь Беларусьсю», — сказаў Яраслаў Раманчук, прэзыдэнт менскага незалежнага аналітычнага «Навукова‑дасьледчага цэнтру «Мізэса». Замінка на перамовах на мінулым тыдні адбылася, бо Лукашэнка не пагадзіўся на саюз, калі роля лідэра ня будзе аддадзеная яму.

«Лукашэнка гэтай плятформы не падзяляе, — расказаў Раманчук. — Ён хоча мець сваё ўласнае апірышча для ўлады».

Пуцін — як кажуць, ён недалюблівае Лукашэнку і не давярае яму — адрынуў патрабаваньне свайго хаўрусьніка і вярнуўся дамоў.

Мэта Расеі — аслабіць суседку ў фінансавых адносінах, не пакінуць ёй іншага выйсьця, акрамя будучага аб’яднаньня.

Ідэя аб’яднаньня Расеі й Беларусі — былой рэспублікі СССР — прапануецца ўжо каля дзесяці гадоў. Як мінімум на паперы між гэтымі краінамі ёсьць шмат супольнага. У 1996 годзе Расея й Беларусь падпісалі пагадненьне пра стварэньне саюзнай дзяржавы, якое мела на ўвеце шчыльныя палітычныя, эканамічныя й вайсковыя сувязі. У ельцынскія часы ў Расеі Лукашэнка ледзьве не ўгаварыў тагачаснага прэзыдэнта Расеі дазволіць яму ўзначаліць саюзную дзяржаву, але тады дамоўленасьць таксама сарвалася.

Для Расеі прыцягальнасьць Беларусі відавочная. Расея выкарыстоўвае беларускія трубаправоды для дастаўкі сваёй нафты й газу эўрапейскім спажыўцам. Да таго ж, што значна важней, Расея бачыць у гэтай невялікай краіне буфэр для супрацьдзеяньня экспансіі NATO ва Ўсходнюю Эўропу.

За апошнія дзесяць гадоў Расея прыгаломшана назірала, як дзьве былыя рэспублікі СССР, Украіна й Грузія, адрынулі прарасейскіх лідэраў і ў выніку так званых «каляровых рэвалюцый» прывялі да ўлады прэзыдэнтаў, якіх падтрымлівае Захад.

У Беларусі не было росквіту дэмакратыі. Мала таго, Лукашэнка, які ўчэпіста трымае Беларусь ужо 13 гадоў, кінуў за краты многіх палітычных праціўнікаў — іншыя проста зьніклі бязь вестак — і пашырыў сваю ўладу, адмяніўшы закон, які пастанаўляў кіраўніку дзяржавы складаць паўнамоцтвы пасьля двух тэрмінаў працы.

Сёньня гэтая краіна з 10‑мільённым насельніцтвам усё больш адчужаецца ад сваіх эўрапейскіх суседзяў. Беларуская эканоміка кантралюецца дзяржавай, у сфэры паставак энэрганосьбітаў краіна знаходзіцца ў моцнай залежнасьці ад Расеі. Узровень жыцьця нашмат ніжэй, чым у большай частцы краін Эўропы або ў Расеі: сярэдні месячны заробак прыкладна эквівалентны 330 далярам.

Замест таго, каб чэрпаць палітычнае натхненьне на Захадзе, Беларусь хінулася да Расеі й падтрымала яе ў зьнешнепалітычных звадах з Злучанымі Штатамі й Эўропай. Лукашэнка далучыўся да барацьбы Расеі супраць плянаў ЗША па разьмяшчэньні сыстэмы ПРА ў Польшчы й Чэхіі, а таксама падтрымаў рашэньне Расеі пра выхад з Дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Эўропе.

Але калі Расея падняла тарыфы на газ, партнэрства дало расколіну. Слабая беларуская эканоміка разьлічвала на недарагія энэрганосьбіты, якія пастаўляюцца з Расеі, але летась Расея прыгразіла падняць тарыфы ўдвая.

У Беларусі ідэя аб’яднаньня зь вялізнай, магутнай суседкай ня дужа ўкаранілася за межамі атачэньня прэзыдэнта. Большасьць шараговых жыхароў Беларусі, паддаўшыся прапагандзе дзяржаўных СМІ, мяркуюць, што жывуць у раі, дзе ўсё наладжвае дзяржава, адзначае Раманчук.

«Раней у нашага народу быў такі дэвіз: «Чарка гарэлкі і шкварка сала — вось мерыва стабільнасьці», — тлумачыць ён. Гэтыя невысокія запыты не пабуджаюць заклікаць да пераменаў. Большасьць лічыць, што «ў нас ёсьць мір і стабільнасьць».

Хаця на мінулым тыдні на саміце не ўдалося дамовіцца наконт саюзнай дзяржавы, спрэчка між бакамі пра тарыфы на энэрганосьбіты вырашылася. Расея пагадзілася павысіць цэны на газ толькі ва ўмераным памеры, а таксама дала суседцы крэдыт памерам у 1,5 мільярда даляраў ЗША, каб тая магла купляць гэты газ.

Наўзамен Беларусь пагадзілася дапамагаць Расеі ў ейнай барацьбе з проціракетным шчытом ЗША, хаця Лукашэнка не ўдакладніў, у якой форме будзе выражацца гэтая падтрымка.

Беларусь больш як калі‑кольвек аказалася у фінансавай пазыцы перад Расеяй.

Лукашэнка сказаў, што Беларусь гатовая сыграць сваю ролю што да пытаньняў плянаванага разьмяшчэньня амэрыканскай сыстэмы ПРА ў Эўропе.

Расея, з свайго боку, пакінула саміт, ніколькі ня зрокшыся сваіх мэтаў. Беларусь больш як калі‑кольвек аказалася у фінансавай пазыцы перад Расеяй. І аднойчы настане дзень, калі Беларусь ня зможа дазволіць сабе такую раскошу, як няўвага да патрабаваньняў Расеі пра аб’яднаньне.

«Расея хоча, каб Беларусь заставалася слабой, — тлумачыць Раманчук. — Расея імкнецца да саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю, але ведае, што Лукашэнка й электарат гэтага ня хочуць. Адзіны спосаб трымаць Беларусь мацней — гэта павялічыць ейную залежнасьць ад Расеі. Для гэтага і быў выдадзены крэдыт у 1,5 мільярда даляраў».

Паводле: Джэйн Армстронг (JANE ARMSTRONG), «The Globe And Mail» via ИноСМИ.Ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0