На штогадовай сустрэчы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, якая праходзіла з 7 па 9 красавіка ў горадзе Блед (Славенія), была прынята рэзалюцыя з заклікам да беларускіх уладаў спыніць пераслед супрацоўнікаў беларускіх і замежных медыяў. Рэзалюцыя, ініцыяваная Дацкім і Нарвежскім саюзамі журналістаў, была прынятая адзінагалосна. Падчас абмеркавання тэксту старшыня бельгійскай асацыяцыі журналістаў Філіп Леру падкрэсліў, што апошнія падзеі ў Беларусі сведчаць аб пагаршэнні сітуацыі са свабодай медыяў у нашай краіне, і міжнародная супольнасць не можа стаяць убаку ад гэтых працэсаў. Могенс Бліхер-Бьергарт, старшыня Дацкага саюза журналістаў, падкрэсліў, што за некалькі год супрацоўніцтва з Беларускай асацыяцыяй журналістаў ён назіраў, як высокапрафесійна і гераічна працуюць беларускія калегі.

Апроч беларускага пытання, ЕФЖ прыняла шэраг рэзалюцый адносна рэгуляцыі правоў журналістаў на агульнаеўрапейскім узроўні. У прыватнасці, вялікую ўвагу Федэрацыя і яе асобныя сябры надаюць статусу пазаштатных журналістаў (freelance journalists). У адмысловай рэзалюцыі падкрэсліваецца, што журналістам, якія працуюць па-за штатам, павінны прадастаўляцца роўныя са штатнымі супрацоўнікамі заробкі за аднолькавы аб’ём працы, а таксама магчымасці для адпачынку і шпітальных лістоў. Яшчэ адной важнай тэмай для абмеркавання стала будучая рэвізія дырэктывы Еўрапейскай камісіі «Тэлебачанне без межаў». Апроч таго, падчас сустрэчы закраналіся пытанні выканання стандартаў якаснай журналістыкі, збалансаванага падыходу да асвятлення ролі жанчын у палітыцы і працы журналісцкіх саюзаў у шматнацыянальных асяродках.

На сустрэчы Федэрацыі прысутнічалі прадстаўнікі большасці постсацыялістычных краін. Падчас дыскусій на тэматычных секцыях было вырашана надаць праблемам журналісцкіх асацыяцый гэтых краін больш увагі і арганізаваць адмысловую сустрэчу да канца бягучага года. ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае падзяку Міжнароднай федэрацыі журналістаў, Еўрапейскай федэрацыі журналістаў і Нарвежскаму Саюзу журналістаў за магчымасць удзелу ў сустрэчы.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Тэкст рэзалюцыі па Беларусі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў

Еўрапейская федэрацыя журналістаў (ЕФЖ) на штогадовай сустрэчы, якая адбылася з 7 па 9 красавіка 2006 года ў горадзе Блед (Славенія)

АСУДЖАЕ

беларускі ўрад за тое, што ён адпраўляе журналістаў у турму без выбачальных прычын. Шмат журналістаў было арыштавана падчас прэзідэнцкіх выбараў і паслявыбарчых падзеяў у сакавіку 2006 года. Некаторыя з іх былі адпушчаныя на волю. Аднак да апошняга моманту ў няволі на вуліцы Акрэсціна ў Мінску заставаліся 11 журналістаў - 2 беларускія, 3 расійскія, 2 украінскія, па адным з Грузіі, Польшчы і Канады.

ПАТРАБУЕ

ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць журналістаў, адклікаць усе абвінавачванні супраць іх і папрасіць прабачэння за гэты недапушчальны напад на свабоду прэсы.

ПРОСІЦЬ

Еўрапейскі Саюз, Савет Еўропы і Арганізацыю аб’яднаных нацый прыняць меры адносна беларускага ўраду, каб забяспечыць усім медыям магчымасць працаваць без умяшальніцтва ўладаў.

БАЖ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0