02.01.2015 / 16:02

Рома Свечнікаў па выніках кругасветнага падарожжа зразумеў, як добра жыве Беларусь і што ад перабору ўражанняў можна звар'яцець — гутарка 81

Вольга Гарапучык гутарыць з 20-гадовым беларусам, які здзейсніў кругасветнае падарожжа.

1 ліпеня 2012 года 20-гадовы беларускі хлопец Рома Свечнікаў кінуў вучобу ва ўніверсітэце, развітаўся з сям'ёй, сябрамі і ўтульным пакоем у мінскім чатарохпавярховіку ды выправіўся ў бестэрміновае кругасветнае падарожжа, якое скончылася ў мінулым месяцы.

Падчас свайго падарожжа Рома разам з камандай моладзевага часопіса 34mag.net стварылі рубрыку, у якой хлопец распавядаў пра свае шматлікія прыгоды. Хлопец стаў для свайго кола героем, а рубрыка з цягам часу ператварылася ў паўнавартасную кнігу.

Рома аб'ехаў 25 краін свету, сярод якіх Іран, Азербайджан, Кітай і Лаос, і адолеў каля 100 тысяч кіламетраў. Мы распыталі яго пра тое, як кругасветка змяняе чалавека і ў чым прымушае расчаравацца.

«Наша Ніва»: Першае пытанне, якое часта чую: ці сапраўды ты вандраваў без грошай?

Рома Свечнікаў: Так, я выязджаў, і ў мяне было з сабой і на картцы пару баксаў. Падчас вандроўкі мне прыходзілася займацца не самымі салодкімі заняткамі, каб атрымаць грошы. Нават здаралася, што краў ежу і не плаціў па рахунках у кавярнях. Не буду хаваць, што мае сябры і тыя, хто сачыў за маімі прыгодамі, перыядычна перасылалі мне грошы. Без іх было б складана.

НН: Ты ўжо больш за месяц у Мінску. Чым увесь час займаешся?

РС: Я хаджу паміж людзьмі, знаёмымі, сустракаюся з журналістамі, але пры гэтым знаходжуся ў прастрацыі.

НН: Наколькі цяжка ідзе адаптацыя да спакойнага, «канапнага» ладу жыцця?

РС: Я не магу сказаць, што мне ўтульна і спакойна. У мяне нервы не на месцы, мала сплю, часам правальваюся ў сябе і не разумею, што са мной на вызначаны момант адбываецца. Карацей, стан так сабе, хоць падаецца, што тут можа замінаць?

НН: Ты памятаеш першае ўражанне матулі, калі яна цябе першы раз пабачыла пасля вяртання?

РС: Канечне, такое не забудзеш. Яна расплакалася і села на тумбу. Пасля паўгадзіны не магла і слова сказаць, падавала толькі талеркі з ежай.

Няма нічога больш істотнага за чыстую ваду і дах над галавой

НН: Ссумаваўся па нашай родненькай ежы?

РС: Наша ежа самая цудоўная, і я сапраўды ў гэтым упэўніўся. Ва ўсім свеце, за рэдкім выключэннем, ежа горшая па складзе і якасці. У нас самая цудоўная выпечка! Наша ежа можа быць без нейкіх там вынаходніцтваў, затое сапраўдная і ад душы.

НН: А што ўжываюць у штодзённым рацыёне, напрыклад, тыя ж аргенцінцы?

РС: Яны любяць мяса. Звычайна гэта стэйк з каровы, памерам з дупу, салата, ну і віно. Але ж гэта ўсё роўна неяк не так смачна.

НН: Можна пазайздросціць, мяса!

РС: Калі адкінуць Еўропу ды ЗША, увесь свет жыве прыкладна гэтак жа, як і мы. Вось зараз мы з табой п'ём каву за паўтара даляра, а ў Балівіі, дзе са сцяны звісала б цвіль, мы пілі б значна горшую каву з пластмасавага кубка за тры даляры. Калі шчыра, з цэнамі ў нас усё добра. І больш скажу, заробкі ў нас таксама нармальныя, што б тут ні казалі.

Манголія.

НН: А ўсё ж такі, чым яшчэ мы адметныя?

РС: Без жартаў, але сапраўды ў нас вельмі чыста. Тут можна лізаць тратуар. Мы, пэўна, гэтага недаацэньваем, але ў нас можна піць ваду з крана! І я не піў лепшай вады ўжо год. Падаецца, драбяза, але мы не звяртаем на гэта ніякай увагі. Я, як чалавек «кустоў», магу сказаць дакладна, што няма нічога больш істотнага за чыстую ваду і дах над галавой. Калі вы маеце хоць нейкую працу, гэта ўжо тое, за што варта трымацца. Хаця нам усім хочацца чамусьці ад гэтага з'ехаць.

НН: Усё пазнаецца ў параўнанні.

РС: Менавіта. Мая апошняя частка падарожжа прайшла праз Цэнтральную і Паўднёвую Амерыку. І я скажу шчыра, што нам варта падцерці соплі, якія мы тут пусцілі, і проста падымаць сваю краіну. Плакаць тут няма чаго, тут усё крута.

НН: У сваёй кнізе ты пісаў: «У Іране заблакаваная большасць сайтаў, нават «Наша Ніва» не адкрываецца. Думаю, не варта тлумачыць пра «ВКонтакте», «Фэйсбук», «Твітар» і «ЮТуб». Пры спробе злучэння з забароненым сайтам ты аўтаматычна перанакіроўваешся на старонку з рэлігійным кантэнтам. Цікава, якая ў яе наведвальнасць?»

Я вось да чаго. З гэтага аповеду вынікае, што ты імкнуўся сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі?

РС: У залежнасці ад сітуацыі. У некаторых краінах, калі ўсё было добра, я з асалодай чытаў нашыя навіны. А былі моманты, калі было так кепска, што там было не да Беларусі.

Манголія.

НН: Рома, скажы, ты адчуваеш, што пасталеў падчас вандроўкі?

РС: А як гэта вызначаецца, па якіх крытэрах? Фізічна — безумоўна. Я вось кепска хаджу цяпер, кожны крок аддаецца болем у спіне, бо ўвесь час цягаў цяжкі заплечнік. Я згубіў пару зубоў і, магчыма, пару гадоў жыцця. Але ці пасталеў я ўнутрана — не ведаю. Я не памятаю, хто з'язджаў адсюль. Магчыма, я пасталеў, але тое вогнішча, якое было ўнутры перад выездам, пачало гарэць яшчэ больш.

Я пражыў тысячы жыццяў

НН: Ты казаў у іншых сваіх інтэрв'ю, што ў цябе адбылося пераасэнсаванне многіх прынятых каштоўнасцяў. А ці паўплывала ўсё тое, што ты бачыў вакол, на ўспрыманне такіх каштоўнасцяў, як сям'я і каханне?

РС: Канечне, я пісаў пра гэта. Я не хачу верыць у гэтыя каштоўнасці. Я прымаю іх і прымаю гэта у галовах людзей, бо гэта цуд. Але я не магу стаяць на гэтых рэчах, я расчараваўся ў іх.

НН: Дык а што тады галоўнае?

РС: Ды проста людзі. Вось менавіта той момант, калі ты сустракаеш вартага чалавека, ад якога захапляе подых. Гэта можа быць звычайны жабрак, але ты паглядзіш у ягоныя вочы і проста адчуеш у іх увесь космас. Няма месца, дзе нам бы было аднолькава добра, паўсюль насамрэч кепска, але ёсць людзі, якія апраўдваюць нашае жыццё.

Кітай.

НН: Ты сустракаў больш кепскіх людзей ці добрых?

РС: Ды што за падзел? Кепскіх людзей няма, ёсць проста іншыя. Есць людзі, якія блізкія ў чымсьці, а есць проста далёкія для мяне асобы. Вось і ўсё. Нейкія трансгендары ці баевікі будуць мне часам бліжэйшыя, чым сусед па пляцоўцы. Памылкова ляпіць на ўсё вызначаныя цэтлікі. Мы ўсе памыляемся, супакойся. Мне хочацца, каб нам усім тут было добра.

НН: Скажы, ці знайшоў ты тое, што шукаў падчас сваіх прыгод? Проста калі так, то гэта ўсё апраўдана, калі ж не, то для чаго ты бег ад усяго? Каб у выніку вярнуцца ў пункт адліку?

РС: Я зайздрошчу тым людзям, якія ведаюць, што робяць і дзеля чаго. Магчыма, ты пераацэньваеш маю місію. Я не ведаю, што я рабіў. Шмат хто лічыць, што за гэтым стаіць нейкая глабальная ідэя сусветнага падарожжа, але яе проста не было. Гэта пустое і гэта неістотна.

НН: А што тады істотна?

РС: Гэта быў своеасаблівы выхад у космас. Калі я думаю пра сябе, мне падаецца, што я проста нейкі пакет, які ляціць над акіянам і не можа нічога вырашаць, ён проста ляціць.

Нью-Ёрк.

НН: Табе падабаецца гэты стан?

РС: Я пражыў тысячу жыццяў. Я быў усімі адначасова. Я бачыў вельмі кепскіх людзей, пра якіх я казаў, я бачыў сотні, тысячы, мільёны. І я быў імі. Гэта ўменне, якое немагчыма атрымаць, калі знаходзішся тут. Бо тут ты жывеш толькі сваё жыццё.

НН: Камфорт і грамадства перашкаджаюць нам зразумець жыццё?

РС: Людзей ад нараджэння ставяць на пэўныя рэйкі, у межах якіх і па якіх яны мусяць рухацца далей. Нам адразу кажуць, кім мы павінны быць. А калі ты адсякаеш усе гэтыя кропкі залежнасці, ты становішся свабодным ва ўсім. І зараз я магу быць любым жывым. Я не маю больш звыклых для ўсіх каштоўнасцяў і адчування маралі. Я зразумею нават забойцу.

НН: Мая сяброўка, калі даведалася пра тое, што я будуць з табой гутарыць, назвала цябе сваім гуру.

РС: Насамрэч, я б не хацеў прымяраць на сябе касцюм гуру ці нейкага чалавека, які можа павесці за сабой. У гэтым мала прыемнага. Самае прыемнае месца ў гэтым горадзе — «Чэбурэчная», бо там мяне не пазнаюць.

Нью-Ёрк.

Не варта ісці маім шляхам. Кругасветка не для ўсіх

НН: Ты пісаў у кнізе пра момант адчування сапраўднай свабоды: «Раптам я адчуваю такую пустэчу, цяжар і боль унутры. Адчуваю тое, што мы называем сапраўднай свабодай. Мы жывём гэтым ідэалам, гатовыя біцца за яго і спрачацца да пены на вуснах. А высвятляецца, што свабода — гэта край. Ад свабоды ты раптам губляеш сябе, і лепей, каб у гэты момант ты не ехаў на матацыкле». Няўжо яна такая невыносная?

РС: Я ўжо пісаў, што Свабода — гэта ідэал для слабакоў. Гэта сапраўды так, бо насамрэч гэта страшна! Гэта тое, з-за чаго лічаць, што кругасветка не для ўсіх. Бо з гэтым не кожны можа справіцца. З сабой вельмі цяжка жыць.

НН: Што менавіта страшна?

РС: Гэта ўжо будзе метафізіка. Я проста баюся звар’яцець. Акрамя вар’яцтва ўжо больш нічога не страшна. Я трымаюся толькі за сваё жыццё. І я не кажу пра страх смерці, мяне хацелі і забіць, і я сам па дурасці ледзь на той свет не адправіўся, страшна згубіць сябе, свой уласны подых. Не варта, карацей, ісці маім шляхам.

Калі ты спасцігаеш самога сябе, праз тое, што амаль увесь час адзін і з табой пераважна толькі базавыя інстынкты, ты пачынаеш тануць у сабе. Я то ў адным свеце, то ў іншым. І я шчыра сумняваюся ў існаванні ўсіх нас.

НН: Ну. тут усе чакалі споведзі пра сэнс жыцця і спазнанне жыццёвых ісцін, а ты кажаш, што ўсё не мае сэнсу.

РС: Ну так і ёсць. Калі прыдумаў сэнс — ён твой. А так ёсць проста жыццё і ўласны подых. Гэта і ёсць багацце.

Дагестан, Расія.

НН: Адыдзем ад метафізікі. Скажы, ты прывёз нешта для сябе з гэтай вандроўкі?

РС: Падчас вандроўкі я ўвесь час сустракаў на вуліцах розных гарадоў карту «Джокер», вось пару штук, якія засталіся, я і прывёз. Не хачу мець рэчы нейкія пры сябе.

НН: Разлічваеш на тое, што кудысьці паедзеш яшчэ?

РС: Дык гэта неістотна, паглядзім, як складзецца. Есць пару прапаноў, але казаць пра іх пакуль не магу.

НН: Для цябе ўвогуле ў чымсьці ёсць сэнс?

РС: Я шукаю людзей. Вось і ўсё. Мне нецікавыя людзі, якія жывуць выключна паняццямі дабрыні і добрых учынкаў, я шукаю такіх як я, хто паспеў ва ўсім гэтым расчаравацца. Я не ведаю, дзе я іх сустрэну, але калі здараецца, ты адчуваеш, што вашыя сэрцы пачынаюць займацца каханнем.

НН: Пытанне ад дзяўчат. Ты сустрэў дзяўчыну, якую кахаеш?

РС: Так, я шмат каго расчарую гэтым. Увогуле, я зараз скажу рэчы, якія могуць паставіць на мне крыж у вачах некаторых. Але я больш чым упэўнены у тым, што людзі палігамныя, асабліва мужчыны. Я гляджу на людзей, як на звяроў. Грамадства так уладкавана, што мы ствараем манагамныя пары, але шмат каму ў гэтым некамфортна. І я не магу ісці супраць сваёй прыроды. Пра гэта прынята не размаўляць. Знайшоў, і жыві. Тое, што я знайшоў сваё каханне, не значыць, што мяне не цікавяць іншыя. Іншая справа, што мяне з маёй дзяўчынай трымае духоўная еднасць, якую не пераплюнуць.

У свеце немагчыма памерці з голаду

НН: У цябе была сітуацыя ў Азербайджане, калі тое, што ты апеляваў да міжнародных нормаў дыпламатыі, выратавала сітуацыю. «Міліцыянты сказалі, што мы не можам тут сядзець, бо побач дом прэзідэнта. Мы адмаўляемся сыходзіць. Яны яшчэ доўга палохаюць нас тым, што зараз прыедзе машына і павязе нас усіх у пастарунак, але я тлумачу ім, што паслы Беларусі, Ірана, Англіі ды Францыі будуць вельмі незадаволеныя. І Азербайджан застанецца без трактароў, газаправода ў Турцыю, нафтаздабываючых станцый, а Францыя таксама нешта прыдумае. Міліцыянты раптам змяняюць гнеў на ласку, просяць не карыстацца таблічкай і ў выпадку якіх-небудзь праблем звяртацца да іх па дапамогу. Я ім адразу кажу, што мы сёння не елі. Міліцыянты купляюць нам восем донэраў і па бутэлечцы колы». Ну вось і скажы, ці адчуваў ты сябе абароненым як грамадзянін Беларусі, за якім стаіць краіна?

РС: Такога адчування не было. Я ведаў, што калі я пачну качаць правы з беларускім пашпартам, мяне гэта не выратуе. Нашы амбасадары не будуць выцягваць цябе з-за кратаў і не купяць квіток дамоў, ну калі добры амбасадар, то магчыма ў пазыку і набудзе. Нашай краіне проста не хапае людзей, якія трапілі ў кепскую сітуацыю. Нашы міжнародныя адносіны зусім не на вартым узроўні, і спадзявацца на іх нельга.

НН: Ці ведаюць Беларусь увогуле ў свеце?

РС: Напрыклад, у Тайландзе — так, бо нашых баксёраў там паважаюць. А бокс для іх – святое. У Нікарагуа таксама ведаюць, там трактары нашыя ёсць. Але агулам пра нас амаль нідзе не ведаюць. Былі выпадкі, калі мытнікі на мяжы сумняваліся, ці існуе такая дзяржава. Я нават хацеў наклеіць мапу ў пашпарт, каб паказваць людзям, што мы ёсць.

НН: Да чаго павінны быць падрыхтаваныя беларусы, якія, як і ты, збяруцца ў кругасветку?

РС: Ну тут усё асабіста для кожнага. Хтосьці адзін раз у намёце пераночыць, і ўсё жыццё ўзгадваць будзе. А насамрэч усё будзе добра, ніхто вам нічым не абавязаны, але заўсёды знойдуцца тыя, хто дапаможа. Ну, я абнадзею яшчэ тым, што з голаду вы не адкінецеся дакладна. Беларусы ўвесь час ныюць, што грошай няма. Вельмі складана ў свеце памерці ад голаду, гэта немагчыма. Проста падыдзіце і папрасіце купіць хлеба. У чым праблема?

НН: А што тычыцца збору заплечніка?

РС: Я пералічу тэзісна. Самае галоўнае — гэта спальнік, на яго грошай не шкадуйце ніколі. Намёт увогуле браць неабавязкова, бо амаль заўсёды вы знойдзеце нейкі дах. Не забудзьцеся флікеры, іх шмат не бывае. Калі едзеце ў краіну, дзе холадна, абавязкова трэба набыць добрую тэрмабялізну. Звярніце ўвагу на абутак, усё іншае неістотна. У першую вандроўку не бярыце заплечнік большы за 50 л. Дарэчы, ўзважце заплечнік, калі ён важыць больш за 10 кг – нікуды не едзьце. З цягам часу і вопытам ягоны памер будзе не большым за 7 кг. Ліхтарык вазьміце, ну і нож. Мапы і компас браць не трэба, вы ў ХХІ стагоддзі.

* * *

Кнігу «Рома едзе» можна набыць у кнігарні «ЛогвінаЎ».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Гутарыла Вольга Гарапучык

0
Anatol Starkou / Адказаць
02.01.2015 / 16:18
"У мяне нервы не на месцы, мала сплю, часам правальваюся ў сябе і не разумею, што са мной на вызначаны момант адбываецца." Думаю, што Рома не прачнецца... Ў сэнсе рана ці позна яго ўнутраны Маленькі Сьвет ізноў пацягне яго ў вандраванне, ў Вялікі Сьвет. Што да таго, што "па выніках кругасветнага падарожжа зразумеў, як добра жыве Беларусь", дык, каб зразумець гэта мне дастаткова было пажыць у ЗША, хоць шмат дзе до того пабываў...
0
Хведар / Адказаць
02.01.2015 / 16:28
>а ў Балівіі, дзе са сцяны звісала б цвіль, мы пілі б значна горшую каву з пластмасавага кубка за тры даляры. Рома, не хлусі. Сумняюся, што ты быў у Балівіі. Я вось быў, і ў Ла-Пасе на паўтара даляры можна добра паесці, якая кава за 3? Гэта самая бедная і самая танная краіна ЛА. Далей не стаў чытаць. Ганарысты танны пазёр, ды яшчэ і хлус.
0
Алекс / Адказаць
02.01.2015 / 16:32
Нудный философ.
Паказаць усе каментары/ 81 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру