Нафтагазавая вайна з Расеяй мела станоўчы эфэкт што да стасункаў між уладай і бізнэсам. Да такой высновы прыйшлі карыстальнікі парталу belbiz.by. Яны вызначылі 10 сёлетніх падзей, што мелі найбольшы ўплыў на бізнэс і дзелавое асяродзьдзе нашае краіны.

Энэргетычны шок, паводле версыі belbiz.by, падштурхнуў урад да шэрагу крокаў насустрач бізнэсу. Так, пачаўся дыялёг пра рэформу адміністрацыйных працэдураў, прыняты дэкрэт аб заяўляльным ("умоўна заяўляльным", падкрэсьлівае эканаміст Яраслаў Раманчук) прынцыпу рэгістрацыі, усталявалі спрошчанае падаткаабкладаньне для пэўных катэгорыяў суб'ектаў гаспадараньня ды інш.

А вось расейскі крэдыт на паўтара мільярды, лічаць экспэрты, наадварот, можа размагніціць уладу. Нашто нейкія пераўтварэньні, калі падваліла дурніца?

Адначасна свае вынікі году падвялі сёньня аналітычны цэнтар "Стратэгія" і Навукова-дасьледчы цэнтар Мізэса. Вылучу трэнд году паводле іхняй вэрсыі. Гэта — экспансыя расейскіх банкаў у Беларусі. У гэтым сэнсе сымбалічным пунктам нядаўняга візыту Пуціна стаў удзел двух прэзыдэнтаў ва ўрачыстым адкрыцьці галаўнога офісу банку ВТБ (Беларусь). ("Слова ў дужках хай нікога не падманвае, — зазначыў я тады ў блогу. — Расейцы бяз шуму й пылу набылі 64,9% акцый".)

На думку аналітыкаў, мае месца стварэньне магутнага пляцдарму дзеля ўсталяваньня кантролю над фінансавай сыстэмай нашае краіны. Фармуюцца трывалыя ўзаемавыгадныя сувязі між расейскімі фінансыстамі і беларускай намэнклятурай, сьцьвярджаюць незалежныя экспэрты. Гэта ёсьць рэалізацыяй новай стратэгіі Масквы ў дачыненьні да Беларусі. Праз два-тры гады можа мець месца рэалізацыя схемы "даўгі ў абмен на акцыі".

Карацей, выглядае на тое, што Расея наважылася скупляць нас бяз шуму й пылу.

Тэарэтычна ёсьць альтэрнатыва — даць волю нацыянальнаму бізнэсу і пайсьці на шырокую супрацу з Эўропай (не такую, як гэта мае месца ў выпадках вядомых ўгодаў з аўстрыйскімі ды іншымі кампаніямі — продаж "Вэлкому" і да т.п.). Але спадзявацца на мэнтальную эвалюцыю кіроўнай вярхоўкі цяжка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?