16.12.2014 / 22:30

У інтэрнэце з’явіўся сервіс для збору грошай на вяселле, лекаванне ці вучобу

Краўдфандынгавая платформа Ingiegogo прадставіла новы сэрвіс Ingiegogo Life, на якім грошы будуць збірацца не дзеля вытворчасці пэўнага прадукту, а для патрэб прыватных асоб.

Новы сэрвіс мае спрошчаную працэдуру стварэння праектаў і прываблівання інвестараў, а таксама персаніфікаваную падтрымку. З яе дапамогай можна папрасіць грошы на адукацыю, спраўленне свята ці лекаванне.

Платформа не будзе збіраць адсотак ад сабраных сродкаў.

Праект ужо мае пэўныя поспехі. Напрыклад, на лекаванне дзяцей Эрыка Гарнера, што пацярпелі ад паліцэйскага свавольства, сабрана 33,5 тысяч даляраў з 25 мінімальна неабходных.

***

Краўдфандынг – метад фінансавання праектаў, пры якім людзі дабраахвотна перадаюць грошы на вытворчасць яшчэ не рэалізаванага прадукта, паслугі ці мастацкага твору. У залежнасці ад сумы ўнёску распрацоўшчыкі абяцаюць простую падзяку, сам прадукт ці бонусы кшталту імя ў прадукце ці ўдзелу ў яго стварэнні.

Найвялікшая платформа краўдфандынга, Kickstarter, дапамагла сабраць мільёны даляраў на тысячы праектаў. Самы буйны з паспяхова прафінансаваных – праект разумных гадзіннікаў Peeble, на які было сабрана больш за 10 мільёнаў даляраў. Абсалютны рэкорд краўдфандынгу – 12,8 млн даляраў, сабраных на Indiegogo на праект смартфона Ubuntu Edge. Смартфон не быў выпушчаны – кампанія па зборы сродкаў вымагала 32 мільёны. Унесеныя сродкі Indiegogo вярнула.

***

Нагадаем, ахвяраваць грошы праз інтэрнэт на лекаванне можна і для шматлікіх беларусаў. Напрыклад, дзякуючы сэрвісу «МаеСэнс» праводзяцца дабрачынныя сустрэчы з цікавымі людзьмі, аплата за якія ідзе на лекаванне дзяцей і дапамогу некамерцыйным арганізацыям.

Аляксандр Арсёнаў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру