Беларускі народны банк падпісаў з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй (IFC) пагадненне аб выдачы сіндыкаванага крэдыту ў памеры $6 млн на тэрмін да 4 гадоў. 

Як паведамілі ў Беларускім народным банку, пагадненне было падпісана 12 снежня ў Гаазе ў штаб-кватэры Фінансавай кампаніі развіцця Нідэрландаў (FMO). Гэты крэдыт — частка пакета фінансавання ад IFC у памеры $13 млн, выдзеленага Беларускаму народнаму банку на развіццё крэдытавання сярэдняга і малога бізнесу ў Беларусі. Пакет складаецца з выдадзенага раней крэдыту ў памеры $7 млн за кошт уласных сродкаў IFC і выдзелены крэдыт у памеры $6 млн ад FMO. 

Пагадненне з боку Беларускага народнага банка падпісаў Генеральны дырэктар Канстанцін Цэрэтэлі, з боку IFC — кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва IFC у Беларусі і Украіне Руфат Алімарданаў. 

Даведка. Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларускі народны банк» (ААТ «БНБ-Банк») заснавана ў 1992 годзе. Асноўныя акцыянеры — АТ «Банк Грузіі» (79,99%) і Міжнародная фінансавая карпарацыя (19,99%). Падтрымка сярэдняга і малога прадпрымальніцтва — асноўная стратэгічная задача банка. 

IFC, якая ўваходзіць у Групу Сусветнага банка, з'яўляецца найбуйнейшым глабальным інстытутам развіцця, дзейнасць якога засяроджана выключна на прыватным сектары. У 2014 фінансавым годзе IFC выдала фінансаванне ў аб'ёме больш за $22 млрд на мэты паляпшэння ўмоў жыцця ў краінах у стадыі развіцця і вырашэння неадкладных задач у галіне развіцця. 

Фінансавая кампанія развіцця Нідэрландаў (FMO) з'яўляецца буйным фінансавым інстытутам, які падтрымлівае развіццё малога і сярэдняга бізнесу ў краінах у стадыі развіцця Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Кантрольны пакет акцый FMO (51%) належыць ураду Нідэрландаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?