03.01.2008 / 17:56

Ад Рэдакцыі: вынікі нашага году 11

Сканчаецца год, і мы хочам даць своеасаблівую справаздачу чытачам-ахвярадаўцам газэты, сайту, кніг.

Сканчаецца год, і мы хочам даць своеасаблівую справаздачу чытачам-ахвярадаўцам газэты, сайту, кніг.

За год мы выдалі 48 выпускаў папяровай «Нашай Нівы»: допісы дзьвюх соцень аўтараў друкаваліся ў ёй.

Праца была інтэнсіўнай: разам з газэтай наш асяродак выпускае інтэрнэт-сайт, які абнаўляецца штодзённа, ператвараючыся ў такую сабе штодзённую электронную газэту, і змагаецца за пазыцыю самага папулярнага інтэрнэт-рэсурсу па-беларуску. Колькасьць аўтараў nn.by вымяраецца сотнямі.

Галоўны тормаз для разьвіцьця — нязвычка інтэрнаўтаў ахвяраваць на выданьне сайту. Карыстальнікі звыкліся да дармовага, тым самым абмяжоўваючы якасьць інфармацыйных прадуктаў. Увогуле, у выпрацоўцы звычкі ахвяраваць — на дзейнасьць палітыкаў, якія адлюстроўваюць Вашы інтарэсы, на ўстановы і дзеячоў культуры, якія твораць для Вашай супольнасьці, на цэрквы, помнікі ці, што першарадна ў беларускай сытуацыі, — на інфармацыйныя рэсурсы, — ключ да пераменаў у грамадзтве, да зьмены коду палітычнага, культурнага і быцьцёвага, чаго так прагне незалежная грамада, да чаго быццам бы гатовае грамадзтва ў цэлым, розныя сацыяльныя групы, але што так ніяк і ня зьдзейсьніцца ў Беларусі. У гэтым сэнсе ёсьць чаго павучыцца ў амэрыканцаў, якія фінансуюць у сваёй краіне і палітычныя кампаніі кандыдатаў, і значныя культурныя імпрэзы, досьвед гэтага пераняла і беларуская эміграцыя. Форма для пераказу ахвяраваньняў на «Нашу Ніву» заўжды стаіць на сайце.

Значныя грамадзкія і інтэлектуальныя дыскусіі адбываліся ў гэтым годзе на старонках нашага выданьня.

Шмат асалоды дала нам выдавецкая сэрыя «Кнігарня «НН». За 2007 год у ёй выйшла 17 пазыцый. Задуманая для ўшанаваньня 100-годзьдзя газэты, яна вырасла за рамкі першапачатковае ідэі і, магчыма, застанецца ў якасьці сталае, калі толькі ўдасца захаваць мінімальную акупнасьць. Сёньня ў вытворчасьці маем 7 наступных тамоў: рыхтуюцца да перавыданьня апошнія прыжыцьцёвыя кнігі Васіля Быкава «Сьцяна» і «Пахаджане», выдатныя празаікі Франц Сіўко і Ева Вежнавец публікуюць у нашай сэрыі свае зборнікі «Дзень бубна» і «Шлях дробнай сволачы». Алесь Белы рыхтуе кніжнае выданьне «Нашай стравы», што пабачыла сьвет на старонках газэты як адзін з амбітных ніўскіх праектаў. Гатовая да друку новая кніга Андрэя Хадановіча, а гісторык Алег Дзярновіч у працяг «Найясьнейшай Рэчы Паспалітай» рыхтуе хрэстаматыю пад працоўнай назвай «Вялікае Княства Літоўскае на старонках «НН».

Ужо амаль цалкам разышліся наклады (1500 асобнікаў) дзьвюх кніг: «Сто лі100ў на tut.by» нашага зоркавага Андрэя Хадановіча (засталося меней за 80 экз.) і «Застаемся! Сакавік 2006: прыватнае і агульнае» (засталося меней за 20 экз.).

Дарэчы, толькі да 10 студзеня захоўваюцца старыя цэны на выданьні «Кнігарні «Наша Ніва». Пасьля 10 студзеня цэны на ўсе кнігі ўзрастуць на 50 %. Дык набывайце падарунак, якім яшчэ і Вашы ўнукі пацешацца.

«НН» выпусьціла таксама постэр з выявай Янкі Купалы і паспрыяла выданьню дыску «літаратуры ў запісе» Андрэя Хадановіча (у 2008 г. за ім сьледам маюць зьявіцца запісы Джэці і Жыбуля на кампактах) — прадпрыемствы камэрцыйна заведама складаныя, але важныя для засваеньня беларускай культурай новых магчымасьцяў і «асваеньня прасторы».

Цудоўныя фатографы «НН» другі год запар выдалі каляндар. Рэдактараў асабліва цешаць тыя праекты, якія людзі рэалізуюць каля «НН» самастойна, асобна. Мы гатовыя спрыяць такім прадпрыемствам, колькі нашай сілы.

Наш асяродак дапамагаў музыкам і грамадзкім дзеячам, спрыяў кнігарам і дыскарам.

За год выйшла 10 нумароў (адзін зь іх здвоены) часопісу «ARCHE», вакол якога гуртуюцца прадуктыўныя навуковыя сілы.

Часовыя творчыя калектывы пры гэтым месячніку працягваюць шэраг фундамэнтальных праектаў. Рыхтуецца перавыданьне (папраўленае і дапоўненае) збору твораў гісторыка Юр’я Туронка, першы наклад якога амаль разышоўся. Рыхтуюцца зборы твораў інтэлектуала і грамадзкага дзеяча першай паловы ХХ ст. ксяндза Адама Станкевіча і літаратуразнаўцы Адама Бабарэкі — абодва былі зьнішчаныя савецкім рэжымам. Гэта тысячы і тысячы машынапісных старонак. Вы думаеце, над гэтым працуе, як калісьці ў савецкіх акадэмічных інстытутах, каманда зь дзясяткаў навуковых супрацоўнікаў, якія маюць вызначаны бюджэт? Не, гэта ў кожным з выпадкаў справа трох-чатырох энтузіястаў.

Рэдакцыі «ARCHE» і «НН» бачаць сваю задачу, сваю функцыю дзеля агульнага прагрэсу ў пашырэньні аб’ёму і якасьці выпусканай прадукцыі, у захаваньні культуры мовы, моўнае традыцыі, і мы цешымся, калі адчуваем, што здольныя нешта рабіць лепей, чым раньш. Кожны з нас ставіць перад сабой усё новыя задачы, каб кожны рубель, ахвяраваны Вамі, выкарыстоўваўся з максымальнай эфэктыўнасьцю, каб не марнавалася ні адна працоўная хвіліна, каб захоўваліся узятыя намі стандарты. Гэтую патрабавальнасьць мы процістаўляем рэгулярным забаронам на друк і распаўсюд, падступнай прапагандзе лукашэнкаўцаў.

Асабліва нас цешыць зьяўленьне ў нашым і сяброўскіх асяродках групы падрыхтаваных маладых эканамістаў і палітычных навукоўцаў — спэцыялістаў, на якіх у Беларусі 90-х быў дэфіцыт.

Мы выходзім з 2007 году з адчуваньнем творчага росту, з пачуцьцем перамогі над страхам, што паўзе зь мінулага, і імунітэтам да сьляпога спажывецтва, якое спакушае зь вітрынаў.

Вялізны энтузіязм выклікае ўмацаваньне беларускай дзяржаўнасьці. Адна за адной ідэі, якія адкрывалі і адстойвалі «Наша Ніва», «ARCHE», іх аўтары і чытачы, як кажуць, пранікаюць у масы, выклікаюць пераварот у мазгах, робяцца агульнапрынятымі спачатку ў грамадзянскай супольнасьці — у тым ядры, у якім высьпявае будучыня нацыі, а пасьля і ў дзяржаўным апараце. Няхай «варожыць гадзючнік варожы», няхай Жадобіны працягваюць мысьліць у катэгорыях даўно мінулых гадоў, новае разуменьне нацыянальных інтарэсаў і нацыянальнае супольнасьці вабяць і лучаць, пасьлядоўна набліжаючы час ператварэньня Беларусі з імпэрскай сатрапіі ў сапраўды незалежную нацыю. Газэты, сайт, часопісы, кнігі, дыскі, круглыя сталы і сустрэчы з чытачамі — гэта нашы вынікі году 2007, гэта наша з вамі «рэч паспалітая», супольная справа.

* * *

У Калядным нумары мы традыцыйна падвялі вынікі году — палітычныя, гаспадарчыя, культурныя і проста людзкія.

Таксама мы надрукавалі нізку апавяданьняў, розных, усялякіх, каб вы маглі вырвацца зь сьвяточнага шаленства, якое часам робіцца нясьцерпным — усё больш падарункаў, больш шакаляду, больш прадуктаў, больш выкарыстаных рэсурсаў. Гэтае «больш» на вачах ператвараецца ў «менш». Меншае месца ў сэрцы займаюць тыя падарункі, меншую радасьць прыносяць слодычы, а раскошныя супольныя вячэры не даюць ачышчэньня. Чым часьцей мы мыем свае аўтамабілі, тым меней вады застаецца пад нашай зямлёй, а болей дэтэргентаў трапляе ў прыроду. Мы стаім перад патрэбай фундамэнтальнай зьмены эстэтычных і этычных крытэраў; дзякуй сучаснасьці хоць бы за ўсьведамленьне, наколькі мала чалавецтва ведае пра Бога. На гэтай высокай ноце дазвольце нам скончыць год 2007-ы «Нашай Нівы».

0
MLM / Адказаць
29.12.2007 / 21:09
нейк ужо дужа па-месіянску
0
чытач / Адказаць
29.12.2007 / 22:27
вельмі нармальна, як мае быць. такога і чакаеш
0
Дзьмітры Вінчэўскі / Адказаць
30.12.2007 / 01:51
Дзякуй за працу і яе добрыя вынікі. Будзем дапамагаць, каб зрабіць разам і асобна больш і лепш. Верым - можам, пераможам! З Новым, 2008, годам!
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру