Тэрмін спрошчанага пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) у прыватныя унітарныя прадпрыемствы (ПУП) у Беларусі падоўжаны да 1 сакавіка. Адпаведнае рашэньне падпісанае 29 снежня, у апошні працоўны дзень году.

Тэрмін спрошчанага пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) у прыватныя унітарныя прадпрыемствы (ПУП) у Беларусі падоўжаны да 1 сакавіка 2008 года. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ва ўказе прэзідэнта № 685 «Аб дадатковых умовах ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці», які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 29 снежня, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Нагадаем, тэрмін спрошчанай перарэгістрацыі ІП у ПУП завяршыўся 10 лістапада 2007 года.

Як лічаць у прэс-службе, гэта дазволіць індывідуальным прадпрымальнікам, якія не паспелі ў раней устаноўленыя тэрміны стварыць такія прадпрыемствы, ажыццявіць іх рэгістрацыю ў спрошчаным парадку.

Указам таксама прадугледжана зніжэнне ў два разы да 31 снежня 2009 года памеру штрафаў за адміністрацыйныя правапарушэнні, якія могуць быць учыненыя унітарнымі прадпрыемствамі. Зроблена гэта «ў сувязі з павелічэннем верагоднасці допуску тых ці іншых парушэнняў заканадаўства на пачатковым этапе дзейнасці такіх прадпрыемстваў».

Разам з тым, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы, «пазіцыя дзяржавы ў дачыненні да выкарыстання індывідуальнымі прадпрымальнікамі працы наёмных работнікаў застаецца нязменнай». Нагадаем, з 1 студзеня 2008 года ІП не маюць права выкарыстоўваць працу наёмных работнікаў, калі тыя не з'яўляюцца іх блізкімі сваякамі.

«Прыняцце ўказа з'яўляецца працягам працы дзяржавы, звязанай са стварэннем для індывідуальных прадпрымальнікаў цывілізаваных умоў гаспадарання і забеспячэння дадатковых магчымасцей для іх пераходу да дзейнасці ў форме юрыдычнай асобы», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. Падкрэсліваецца, што для "стварэння спрыяльных умоў такога пераходу" раней ужо былі прынятыя пэўныя захады. Напрыклад, быў устаноўлены спрошчаны парадак рэгістрацыі ПУП, удасканалены парадак прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання і вядзення бухгалтарскага ўліку, прадастаўлена права прыватным унітарным прадпрыемствам пацвярджаць мытны кошт тавараў, што паходзяць з трэціх краін і ўвозяцца з Расійскай Федэрацыі, у спрошчаным парадку і іншыя меры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?