Па шматлікіх просьбах чытачоў перавыдадзены нумар часопіса Arche, прысвечаны вайсковай гісторыі ВКЛ.

Гэтая тэма традыцыйна выклікае вялікую зацікаўленасць не толькі ў прафесійных даследчыкаў, але і ў звычайных аматараў гісторыі. Вельмі часта

постаці тагачасных ваяроў больш вядомыя і пазнавальныя, чым асобы ўладароў.

Так, калі практычна любы больш-менш абазнаны ў айчыннай гісторыі чалавек ведае, што ў бітве пад Оршай войска ВКЛ узначальваў Канстанцін Астрожскі, то далёка не ўсе ўспомняць, хто ў гэты час быў вялікім князем літоўскім.

Перамогі і паражэнні ў войнах робяцца нацыянальнымі сімваламі. Менавіта таму ваенная тэматыка з’яўляецца неадлучным элементам любой ідэалогіі.

Некаторыя ваяры і бітвы ідэалізуюцца, у той час як памяць пра іншыя, наадварот, сціраецца. Парадокс заключаецца ў тым, што часам па ідэалагічных меркаваннях мэтанакіравана імкнуцца забыцца не толькі пра паражэнні і пераможаных, але таксама пра перамогі і пераможцаў.

У нумары на 494 старонкі, сярод іншага, змешчаныя працы гісторыкаў Андрэя Мацука «Вялікае Княства Літоўскае XVI—XVIII стст. у вайсковым вымярэнні», Анджэя Гжэгажа Пшэпюркі «Ад добраахвотнікаў да наёмных жаўнераў. Полк лісоўчыкаў у перыяд вайны з Масквой», Валдаса Ракуціса «Міліцыя Радзівілаў у XVIII ст.», Віталя Каляды «Фармаванне і развіццё статутнага вайсковага заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст.», Раймонды Рагаўскене «Крыніцы па бітве на Уле 1564 г.», Віктара Якубава «Забеспячэнне войска Вялікага Княства Літоўскага падчас вайны ў Інфлянтах 1600—1611 гг.», Конрада Бабятынскага »Ваенныя дзеянні дапаможнага кароннага корпуса на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1654—1655 гг.», Кшыштафа Касажэцкага «Спробы стварэння ўдзельнага княства Багуслава Радзівіла на падставе падляшскіх і слуцкіх уладанняў у перыяд шведскага і маскоўскага «патопу» на мяжы 1655 і 1656 гг.», Антанаса Цілы «Бітва пад Веркамі (21 кастрычніка 1658 г.)», Пятра Кроля «Ваенныя дзеянні палкоўніка Івана Нячая ў Беларусі ў 1658—1659 гг.», Юрыя Лупіненкі «Рэканструкцыя знешняга выгляду ваяроў Вялікага Княства Літоўскага XVII ст.», Марыюша Савіцкага «Войска і вайсковы кліенталізм у палітычнай сістэме Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне XVII ст.», Кірыла Карлюка «Пад штандарам дома Аранскіх. Першае «кавалерскае падарожжа» Багуслава Радзівіла (1637—1640 гг.) і яго ўдзел у галандскай аблозе Хюлста 1640 г.», Наталлі Сліж «Героі, здраднікі, прыстасаванцы: асабістыя трагедыі ў вайну 1654—1667 гг.».

Пабачыць поўны змест нумара і даведацца, як яго замовіць, можна на сайце часопіса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0