Галоўная тэма для абмеркавання ў Мінску – імклівы рост курсаў валют. Нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «дэвальвацыі не будзе», беларусы перастрахоўваюцца і пераводзяць свае ашчаджэнні ў даляры.

У аддзяленні «Беларусбанка» на вуліцы Калініна ў чарзе сабралася каля 20 чалавек, большасць альбо закрывае рублёвы дэпазіт, каб набыць валюту, альбо адразу купляе валюту. Каля 12:00 даляры і еўра скончыліся, з таго часу прадаецца толькі здадзеная валюта.

Падобная сітуацыя і ў «Беларусбанку» на праспекце Незалежнасці каля плошчы Перамогі. Чарга кліентаў выходзіць за межы аддзялення, грошы ў банкамаце скончыліся.

Інтэрнэт-карыстальнікі паведамляюць пра адсутнасць валюты ў многіх абменніках. Там, дзе даляры ёсць у продажы, іх курс моцна адрозніваецца ад афіцыйнага.

У большасці абменнікаў «Беларусбанка» пасля абеда курс быў узняты да 11 490 рублёў. «Банк Масква-Мінск», «БелВЭБ», «БСБ Банк» прадаюць даляры па 11 500 рублёў. Рэкардсмен – «Абсалютбанк» з 11 600 рублямі.

Яшчэ ўчора раніцай амерыканскую валюту можна было свабодна набыць па 11020-11050 рублёў. Такім чынам за суткі курс фактычна вырас на 4%.

Нацбанк не рэагуе на змены на валютным рынку ніяк. Афіцыйны курс даляра па-ранейшаму прырастае на 10 рублёў штодзень, заўтра ён будзе складаць 10890 рублёў.

Розніца паміж афіцыйным курсам і курсам у абменніках дасягае 6,5%, сітуацыя блізкая да ўтварэння двух паралельных курсаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?