18.12.2014 / 15:47

Беларусы штурмуюць крамы ў памежных расійскіх гарадах 6

Пасля абвалу расійскага рубля беларусы нядоўга чухалі патыліцы: спрытна памянялі «нашы» рублі на «не нашы» і рванулі за таварамі ў бліжэйшыя расійскія гарады. Абвал валюты краіны-суседкі спарадзіў спажывецкі бум з боку нашых суайчыннікаў.

фота ілюстрацыйнае

Напрыклад, нават у працоўныя аўторак і сераду каля буйных гандлёвых пунктаў Клінцоў было безліч аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Сваімі ўражаннямі ад нашэсця суайчыннікаў з намі падзяліўся жыхар Гомеля Кірыл, які працуе ў Клінцах. Туды на «закупы» едуць у асноўным на ўласных аўтамабілях – на аўтобусе не шмат вывезеш. Калі ехаць за нейкімі дробнымі рэчамі, то квіток на аўтобус Гомель-Клінцы каштуе 40 тысяч. На аўтамабілі выгадна яшчэ і тым, што заправіцца можна на бліжэйшай расійскай АЗС у два разы танней, чым на беларускім баку. Гэта ўжо ўзялі на ўзбраенне кантрабандысты – штодня ДАІ нясе варту на дарогах з Расіі, і мае добры «улоў» — затрымлівае тых, хто вязе больш чым 100 літраў дазволенага паліва.

Мяжы – сур'ёзнай, з праверкамі і сабакамі, паміж РБ і РФ няма, толькі стаіць пункт пропуску, дзе памежнікі правяраюць наяўнасць пашпартоў. Ну і могуць выбарачна некага праверыць – ці не правозіць забароненыя рэчы.

Ехаць лепш адразу з расійскімі рублямі. Праўда, не ўсім шанцуе знайсці іх у гомельскіх абменніках, дзе яны карыстаюцца падвышаным попытам.

Крама бытавой тэхнікі «Эльдарада» у Клінцах — самая папулярная ў беларусаў зараз. У чарзе тут у будны дзень можна прастаяць да чатырох гадзін. Прадавачкі наракаюць, што ў выходныя наогул працаваць немагчыма – такія натоўпы пакупнікоў-беларусаў. «Эльдарада» зараз падобная на вялікі склад, а не краму: паўсюль – запакаваныя скрыні з лядоўнямі ды тэлевізарамі — «плазмамі». Апошнія беларускія пакупнікі бяруць спраўна, і нават па некалькі. Нават самая меншая па дыяганалі «плазма» — на сто даляраў танней, чым у Гомелі. Чым вышэйшы кошт тэлевізара – тым большая эканомія. На пакупцы 2-метровай лядоўні можна зэканоміць да 500 даляраў.

«На рэшту» у краме бяруць міксеры, мікрахвалёўкі, фены, прасы і мультываркі. Беларускіх «Атлантаў» і «Гарызонтаў» у «Эльдарада» практычна няма. Яны танныя, таму першыя пайшлі з малатка. Праўда, знайсці беларускія брэнды, якія тут значна танней, чым на радзіме, можна ў маленькіх прыватных крамах. Як і беларускі абутак.

Дзіва, але мужчынскія боты «Марко» каштуюць удвая танней, чым у краіне-вытворцы, роднай Беларусі. Танней можна знайсці і беларускі трыкатаж, бялізну.

Толькі прадаўцы гэтых крам сумуюць – беларусы свае ж боты і бялізну чамусьці масава не разбіраюць, уся ўвага сканцэнтравана на бытавую тэхніку.

Прадукты не нашмат танней, чым у Гомелі, і на іх увагу пакупнікі з Беларусі не акцэнтуюць. Дарэчы, не заўважна ў продажы беларускіх кілбас, але малочныя вырабы прысутнічаюць на паліцах крам.

Танныя тут некаторыя лекі, прычым многія прадаюцца без рэцэпту (на якія ў Беларусі трэба мець рэцэпт). Даходзіць да розніцы ў коштах у пяць разоў. Так, напрыклад, калі «Панкрэацін» у Беларусі мясцовай вытворчасці каштуе 25 тысяч, то ў Расіі з 5 тысяч у пераразліку з расійскіх рублёў. Лекі ад алергіі «Насабек» у Гомелі набываюцца па рэцэпту і за 80 тысяч, а ў Клінцах іх можна знайсці за 20 тысяч і прычым без рэцэпту.

Хоць расійскія выданні сёння і пішуць, што ў Расіі некаторыя аўтамабільныя дылеры прыпынілі продажы, многія беларусы паспелі набыць сабе новыя аўтамабілі. Так, у Гомелі зараз небывалыя чэргі на рэгістрацыю новых аўто з Расіі, супрацоўнікі рэгістрацыйнага аддзелу ДАІ працуюць «нон-стоп».

Гамяльчук Аркадзь пахваліўся нам новай, 2014 году выпуску «Шкода Рапід». Па яго словах, набыў новы аўтамабіль у РФ за амаль 12 тысяч даляраў. «А ў нас такі каштуе на 5 тысяч даражэй!», — падкрэсліў мужчына.

Тым часам, валюта (і расійскія рублі, і даляры) карыстаецца зараз у жыхароў Гомеля попытам узору 2011 году. Каб набыць якую «сотку баксаў», прыйдзецца абысці дзясятак абменнікаў па ўсяму гораду. І не факт, што пашчасціць.

Юлія Шымкевіч

0
Аляксандр / Адказаць
18.12.2014 / 16:13
Дзіва, але мужчынскія боты «Марко» каштуюць удвая танней, чым у краіне-вытворцы. Хм, чему? З нас дзяруць тры шкуры каб расейцам таньней прадаць?
0
Зьмітрок / Адказаць
18.12.2014 / 16:51
>ды тэлевізарамі — «плазмамі» выбачайце, але "плазмы" ужо ня знойдзеш нідзе "днём з агнём" - тэлевізары сёння усе LCD - "вадкаркрышталічныя"!
0
Павал / Адказаць
18.12.2014 / 17:53
Гэта не сапраудныя беларусы-гэта беларускiя ватнiкi.Ад чаго яны скупаюць,хапаюць?бо смысл жыцця iх- толькi б мне добра было i хапiла а на астатнiх наср.ць-звычайныя ватнiкi
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру