Дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык выказаў меркаванне наконт мэтазгоднасці правядзення дэвальвацыі.

Кажуць, што беларускі рубель варта дэвальваваць услед за расійскім. Але што адбываецца з расійскім рублём?

Можа, ён дасягнуў нейкага раўнаважнага курсу, з якім гатовыя працаваць эканамічныя агенты? Не. Можа, эканамічныя ўлады Расіі прапанавалі зразумелую стратэгію па стабілізацыі сітуацыі? Не, пакуль не. То што значыць дэвальвацыя ўслед за расійскім рублём – можа, гэта страта кантроля над валютным рынкам без зразумелых арыенціраў? Нават у 2009 годзе беларускі рубель дэвальваваўся не ўслед за расійскім, а зыходзячы з ацэнак раўнаважнага курсу (магчыма, памылковых). І тады мы мелі падтрымку ад МВФ, што дазваляла збіць паніку і захаваць адносную стабільнасць на валютным рынку. Зараз улады нават не пачалі перамовы наконт такой падтрымкі.

Кажуць, што беларускі рубель варта дэвальваваць услед за расійскім. Але дзеля чаго?

Довад 1. Дэвальвацыя дапаможа беларускім экспарцёрам

Калі казаць проста, дэвальвацыя зменшыць рублёвую частку выдаткаў (у асноўным заработную плату), што дапаможа беларускім экспарцёрам зменшыць цану на іх тавары на расійскім рынку. І мы ўжо разумеем, што, каб быць «канкурэнтнай», дэвальвацыя беларускага рубля ў адносінах да долара мусіць быць нават большай за расійскую. Уявім, што беларускія эканамічныя ўлады пайшлі на такую дэвальвацыю. Але што такое расійскі рынак сёння? Па-першае, пачаліся неплацяжы. І расійскім пакупнікам усё роўна, не плаціць за беларускія тавары нізкую ці высокую цану: калі ў іх няма грошай, яны не заплацяць. Па-другое, экспартна-імпартныя аперацыі рэдка адбываюцца на ўмовах папярэдняй аплаты. А калі гэта пастаўка тавара з адтэрміноўкай плацяжу, то якім будзе курс расійскага рубля на момант плацяжу? Магчыма, большым, магчыма, меншым – але ніхто не возьмецца дакладна прагназаваць яго зараз. А калі так – угодаў на пастаўкі тавару будзе вельмі мала. Нявызначанасць наконт будучага валютнага курса прымушае або закладаць у цану вялікія валютныя рызыкі (цана расце, што робіць тавар неканкурэнтаздольным), або прыпыняць працу з такім рынкам. У выніку дэвальвацыя, магчыма, дапаможа асобным экспарцёрам, але на ўзроўні ўсяе эканомікі мы гэты эфект не заўважым – 2011 год не паўторыцца.Больш за тое, дэвальвацыя нават пашкодзіць экспарцёрам: яна на кароткі час схавае неэфектыўнасць тых прадпрыемстваў, што пачалі губляць расійскі рынак задоўга да гэтага падзення расійскага рубля, і адтэрмінуе іх рэструктурызацыю. У рэшце рэшт, калі іх канкурэнты з тых краін, што не пайшлі на дэвальвацыю ўслед за Расіяй, пабудуюць эфектыўныя бізнэс-працэсы і зменшаць выдаткі, эфект ад дэвальвацыі мінецца і неканкурэнтаздольнасць беларускіх экспарцёраў станецца яшчэ большай.

Довад 2. Дэвальвацыя дазволіць зменшыць імпарт

Але імпарт увесь гэты год імкліва скарачаецца ўслед за унутраным попытам (у першую чаргу інвестыцыямі) і экспартам. Такое ўжо было: напрыклад, у 2009 годзе наш экспарт моцна зменшыўся, але імпарт скараціўся яшчэ болей. Тады дэвальвацыя на 20% не дапамагла экспарту (усё роўна не дагналі расійскі рубель) і не адыграла вырашальнай ролі ў скарачэнні імпарту. Скарачаецца вытворчасць на экспарт – змяншаецца імпарт сыравіны і іншых прамежкавых тавараў. Скарачаецца ўнутраны попыт – падае імпарт гатовых тавараў. Пазбавіцца вонкавых дысбалансаў можна і без дэвальвацыі: варта прызнаць, што інвестыцыі, даходы і ВУП могуць упасці і будуць падаць, і дэвальвацыя не ўратуе ад іх падзення.

Кажуць, што беларускі рубель будуць дэвальваваць услед за расійскім. Але што далей?

Экспарту такая дэвальвацыя не дапаможа, рост ВУП не ўратуе. Гэта не можа быць аднаразовая дэвальвацыя: па-першае, няма сродкаў, каб утрымаць курс пасля яе, па-другое, дзяржаўныя прадпрыемствы пасля дэвальвацыі па-ранейшаму будуць патрабаваць грошай (бо дэвальвацыя ім не дапаможа), а кожнае змякчэнне грашовай палітыкі будзе мець вынікам чарговы віток дэвальвацыі і інфляцыі. Каб спыніцца, трэба будзе вяртацца да палітыкі, накіраванай на скарачэнне ўнутранага попыту. У выніку мы атрымаем яшчэ большае падзенне даходаў і ВУП. Але галоўны эфект дэвальвацыі ў Беларусі – яшчэ большая страта даверу да нацыянальнай валюты. Магчыма, настолькі моцная, што напярэдадні наступнага Новага года валюту пачнуць купляць загадзя і без прычыны, не дапамогуць нават высокія адсоткавыя стаўкі. Паўнавартасны валютны і банкаўскі крызіс напярэдадні выбараў? Цікавы сцэнарый…

Я цалкам згодны з тым, што беларускай эканоміцы патрэбны гнуткі валютны курс, які будзе ўсталёўвацца на падставе попыта і прапановы. Але зараз найгоршы час, каб пераходзіць да такога прынцыпу курсаўтварэння, бо мы не толькі адразу паўторым лёс расійскага валютнага рынку, але і не атрымаем ніякіх істотных выгадаў ні для экспарцёраў, ні для плацёжнага балансу. Калі сітуацыя ў Расіі стабілізуецца, можна пераходзіць да вольнага курсаўтварэння + жорсткія абавязацельствы Нацбанка наконт тэмпаў інфляцыі. А цяпер – не верце нікому, хто кажа, якой мусіць быць ці будзе дэвальвацыя ў Беларусі. Усе яны памыляюцца, і я памыляюся таксама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?