01.01.2008 / 23:39

Аляксандар Апон. Кілбаса лівэрная, звычайная, палепшанай якасьці Сем апавяданьняў на сем калядных вечароў 7

Апавяданьне.

Апавяданьне.

Зайздрошчу Алесю Беламу — пісьменьніку і кулінару. Неяк сяджу, адпачываю. Нядзеля. Гляджу па тэлевізары на палі, па якіх сюды‑туды соўваюцца трактары, і радуюся: буду з хлебам!

— Я пайду да сяброўкі! — кажа жонка, сядаючы каля мяне на канапу і гледзячы ў люстэрка, пачынае фарбаваць вочы.

«А хоць, — думаю, — да каханка, толькі хутчэй!»

— А ты нікуды не зьбіраесься? — дапытвае яна, перайшоўшы з вачэй на вусны.

— Не, што ты! — адказваю я і пераключаюся на іншы канал, каб паглядзець на лыжнікаў.

Пад Менскам, дарэчы, як і паўсюль, ажно да Калымы, ні плямы сьнегу — сышоў.

«О, — думаю, — малайцы! Дзеля мяне пакутуюць».

Між тым, заплюшчыўшы вочы, жонка цмокае мяне ў шчаку і адыходзіць. Хвілінку чакаю каля дзьвярэй, слухаючы, як гудзіць ліфт, потым кідаюся да тэлевізара і, напляваўшы на аздараўленьне, лячу ў краму.

— «Адпачынак», — пытаю ў прадавачкі, — ёсьць?

— А як жа! — чамусьці крыўдзіцца яна. — Колькі вам?

— Пляшку, — кажу, і разьлічыўшыся, сунуся ў аддзел кілбасных вырабаў, дзе, адстаяўшы невялікую чаргу, прашу: «Дайце трыста грам лівэркі».

— Для Бобіка? — адразаючы кавалак, пытае ўжо другая прадавачка.

— Не, — кажу, — для Цюліка.

— А, вось што!

«Ага, — думаю, — тое, тое!» Бо трэба быць разам са сваім народам, трымаць, так кажучы, руку на пульсе яго жыцьця, а не паводзіць сябе як некаторыя, асабліва той, што стаяў у чарзе перада мной, у чорным гарнітуры, і браў палку салямі.

З гэтай думкай пра чорныя гарнітуры вяртаюся назад і, не марудзячы, пачынаю накрываць на стол — рэжу лівэрку, чорны хлеб, чышчу цыбуліну і раптам, як абухом па галаве, тлустыя літары ў вачах: «Галубцы».

«О‑ёй! — думаю. — Адкуль гэта?»

Хвіліну сяджу як прыклеены, успамінаю, потым, падскочыўшы, лячу да сябе ў пакой, хапаю падшыўку «Нашай Нівы», і — на табе — ёсьць, знаходжу: Алесь Белы «Галубцы». Чытаю: «1 качан капусты, 10 штук сушаных грыбоў, 1 цыбуліна, 100 г сьвінога фаршу, 2 яйкі…» «Так, — бухае ў галаве, — нічога сабе, сто грам сьвінога фаршу!»

Варочаю старонкі далей і бачу: «Траска і мянтуз», потым: «Селядзец па‑беларуску», яшчэ: «Перакачаўнік» і нарэшце — «Гарадзенскі смак».

Пра лівэрку звычайную, палепшанай якасьці — ні слова.

«О, думаю, трэба, пакуль не агледзеўся Алесь Белы, браць, як кажуць у народзе, сьвіньню за вушы і пачынаць з галоўнага, а галоўнае — гэта рэцэпт».

І вось ён: бярэце дзьве ці тры тысячы беларускіх рублёў і — у краму.

Эх, узялі б мяне ў Прэзыдэнты! Якія пэрспэктывы, ажно дух займае, як падумаю, я адкрыў бы перад краінай, асабліва ў галіне перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Крыўдна, таварышы, далібог, крыўдна!

Толькі ўявіце сабе: Я (таксама зь вялікай літары), у жывым этэры Першага канала тэлебачаньня. Не, усіх, усіх каналах! Раніца. Сонца ўстае над краінай.

Пазяхаючы, мой народ спаўзае з ложкаў і, уключыўшы тэлевізар, становіцца, прыклаўшы рукі да сэрцаў, каб прасьпяваць з хорам гімн, які Я — найвялікшы паэт усіх часоў і народаў — начырыкаў неяк на дэкрэце пра абарону сваіх гонару і годнасьці. Сам жа Я ўжо ў студыі. Зь левага боку ад мяне вядоўца «галоўных навінаў», з правага — які‑небудзь чарговы міністар, а з тылу — ахоўнікі з кулямётамі наперавес.

Я адразу пасьля таго, як сьпевакі адсьпявалі, насупіўшы бровы, зьвяртаюся да міністра: «Ну ты, еш ужо!» Ён, з ладным кавалкам лівэркі ў руцэ, глытаючы сьлінкі: «О, што за водар!» Я: «Давай, давай, тужся, а то рогі ўраз паабломваю!» Ён, засунуўшы сабе кавалак у рот і выціраючы рукавом з вачэй сьлёзы, што нечакана пырснулі: «А што за смак!» — і далей, глытнуўшы, умольна зазіраючы мне ў вочы: «Геній, геній». Я, недзе трошкі сарамліва: «Так, так, гэта вядома!» Між тым, ня вытрымаўшы, вядоўца кажа ўбок, але каб было ўсім чуваць: «І што за шчасьце жыць зь ім у адзін час!» Я, пачуўшы, бо маю ідэальны, як і ўсё астатняе, слых: «Ага, дзякую за шчырасьць!»

Ну, а што зробіць міністар, трапіўшы пасьля жывога этэру да сябе ў міністэрства, няцяжка здагадацца. Бо чаму гэта давіцца лівэркай павінен ён адзін — ягоныя намесьнікі з памочнікамі што, лепшыя?

І вось яны стаяць, пашыхтаваўшыся ў шарэнгу, і, вядома, ня так проста, а з партфэлямі, набітымі лівэркай.

— Ну, — аглядаючы шарэнгу, строга кажа міністар, — па адмашцы, разам… І падымае руку, каб ужо махнуць, але тут з крыкам: «Не, стой, чакаць!» — кідаецца з усіх ног, пускаючы газы, у прыбіральню.

А яны застаюцца чакаць, варочаюць насамі, панура гледзячы ў падлогу, і толькі думка пра тое, што ў іх таксама ёсьць свае намесьнікі з памочнікамі, грэе іхныя сэрцы.

І выходзіць указ, нумар, ня ведаю які, але пачынаецца ён прыкладна так: «Усім прадпрымальнікам, да першага нуль першага…» Га, як вам? І вось ужо перад дзьвярыма ў падаткавую інспэкцыю чэргі з квіточкамі ў руках пра аплату права нешта і некалі рабіць і зь лівэркай на шыях, бо на тых жа дзьвярах, якраз пад нумарам кабінэта, у чорнай рамцы, вялізнымі літарамі: «Бяз колаў не заходзіць!!!»

Я ўжо не кажу пра байцоў амону, бо наколькі зручней дубасіць якое‑небудзь саплівае дзеўчанё, што насьмелілася нешта піскнуць на вуліцы па‑беларуску, ня гумай, а кавалкам лівэркі спэцгатунку. Даў раз у лоб — і тут жа адкусіў, падсілкаваўся. На захадзе зойдуцца ад зайздрасьці, о далібог, зойдуцца!

Не, каб не спазьніцца, трэба ляцець, браць патэнт, толькі ня ведаю куды. Таму вымушаны на гэтым разьвітацца. Шчыра дзякуючы за ўвагу, цалую, асабліва дзяўчат, зычу ўсяго і гэтак далей.

Аляксандар Апон, Горадня

***

Пра Аляксандра Апона нам вядома толькі тое, што ён жыве ў Горадні і дасылае нам свае творы факсам з пошты.

Глядзі яшчэ
Аляксей Бацюкоў. Хто сьмяяўся апошнім
Сьвятлана Курс. Новы год з Толікам і Колікам
Тацяна Барысік. Маленства пад горку кацілася
Рэйманд Карвэр. Відашукальнік
Уладзімер Лялькоў. Лёсы
Пэтар Шабах. Сьвяты вечар

0
Ignatt / Адказаць
02.01.2008 / 15:47
Адстой.
0
Правы Бераг Немна / Адказаць
02.01.2008 / 18:05
Ignatt напісаў Адстой. --------- Хто, ліверка, ці той, хто яе не шануе?
0
Ignatt / Адказаць
02.01.2008 / 19:04
ПБН: Той, хто адстой публiкуе, чытача не шануе.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру