18.12.2014 / 19:06

Скандал у ФІФА: звольніўся даследчык карупцыі ў арганізацыі

Незалежны даследчык камісіі па этыцы ФІФА Майкл Гарсія пакінуў сваю пасаду ў знак пратэсту супраць таго, як паставілася арганізацыя да яго справаздачы аб выбарах гаспадароў чэмпіянатаў свету па футболе 2018 і 2022 года.

Амерыканскі юрыст канстатаваў недахоп волі ў вярхушцы футбольнага сусветнага кіруючага органа: «Адсутнасць лідарства ў ФІФА па гэтых пытаннях прыводзіць мяне да высновы, што мая роля ў гэтым працэсе скончаная». Таксама Гарсія сказаў, што ён страціў упэўненасць у незалежнасці суджэнняў Ханса-Іаахіма Экерта, ягонага калегі па камітэце па этыцы.

У сваю чаргу прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні заявіў: «Мы хацелі, каб усё было празрыста, але гэта новая няўдача для ФІФА. Я здзіўлены рашэннем спадара Гарсіі. Праца камітэта па этыцы, тым не менш, працягнецца па-ранейшаму». Кіраўнік еўрапейскага футбола выступіў пасля таго, як Гарсія падаў у адстаўку. Гэта адбылося на наступны дзень пасля таго, як апеляцыйная камісія ФІФА адхіліла яго прэтэнзіі па справаздачы Экерта аб яго дакладзе.

Справа ў тым, што з 2012 года Гарсія займаўся расследаваннем усіх падрабязнасцей галасавання па выбары краін-гаспадароў чэмпіянатаў свету па футболе ў 2018 і 2022 гадах. Нагадаем, што ў выніку галасавання, якое адбылося яшчэ снежні 2010 году, Расія атрымала права правесці мундыаль у 2018, а Катар - у 2022 годзе. Ужо на той момант хадзілі чуткі аб тым, што шмат выбаршчыкаў, асабліва з афрыканскіх краін, былі падкупленыя.

Такім чынам, 17 ліпеня 2012 г., у выніку абвешчаных антыкарупцыйных рэформаў прэзідэнта ФІФА Зэпа Блатэра, ФІФА прызначыла былога пракурора ЗША Майклая Гарсію старшынёй следчага аддзялення камітэта па этыцы, у той час як нямецкі суддзя Ханс-Іаахім Экерт быў прызначаны старшынёй судовага аддзялення камітэта па этыцы ФІФА.

Рэфармаваны камітэт па этыцы таксама быў надзелены правам рэтраспектыўна даследаваць старыя справы. Калі Гарсія і Экерт прайшлі праверку на прадмет таго, што ніхто з іх або іх сем’яў не меў дачынення да футбола (на платнай аснове) у папярэднія чатыры гады і былі зацверджаныя на сваіх пасадах, у выданні The Guardian заявілі, што «Гарсія і Экерт разглядаюцца ў якасці ключавых незалежных фігур, што не паходзяць з так званай «футбольнай сям’і», якія могуць дапамагчы аднавіць давер да ФІФА пасля скандалаў з хабарніцтвам і пакупкай галасоў».

Гарсія 18 месяцаў разбіраўся з усімі акалічнасцямі працэсу галасавання для абодвух чэмпіянатаў свету 2018 і 2022, але, калі яго вынікі былі ў канчатковым выніку прадстаўленыя ў ФІФА, ягоны калега па камітэце па этыцы Ханс-Іаахім Экерт (старшыня судовага аддзялення) сціснуў справаздачу Гарсіі з дасье ў 430 старонак да даклада на 42 старонкі. Экерт заявіў, што не мае намеру публікаваць справаздачу Гарсіі ў адкрытым доступе па юрыдычных прычынах. Такім чынам, матэрыялы з дадзенай справаздачы былі вывучаныя толькі абмежаваным колам супрацоўнікаў ФІФА.

А 13 лістапада 2014 года быў выдадзены той самы сціснуты 42-старонкавы даклад Экерта па матывах даследавання Гарсіі. У ім значыцца, што Расія і Катар не здзейснілі якіх-небудзь парушэнняў у ходзе выбараў краін-гаспадароў чэмпіянатаў свету 2018 і 2022, што пакідае гэтым краінам магчымасць прыняць спаборніцтвы. Аднак, у дакладзе Экерта ўсё ж значыцца, што Расія прадставіла «толькі абмежаваную колькасць дакументаў для агляду», бо камп’ютары, выдадзеныя расійскай камандзе, былі знішчаныя, і не ўдалося атрымаць доступ да некалькіх уліковых запісаў электроннай пошты. Як вынікае з дакладу, ніякіх доказаў парушэнняў з боку Расіі і Катара выяўлена не было.

Гарсія быў у гневе ў сувязі з тым, як вынікі ягонай працы былі перакручаныя, каб адпавядаць рэзультатам дзейнасці ФІФА. Адразу ж пасля публікацыі гэтага дакладу, ён выступіў з заявай, у якой пазначыў, што даклад «змяшчае шматлікія матэрыяльна няпоўныя і памылковыя ўяўленні». Праз некаторы час Сайман Джонсан, які ўзначальваў англійскую каманду прасоўвання заяўкі на правядзенне чэмпіянату свету па футболе 2018, заявіў роўна наступнае: «Да гэтай заявы спадара Гарсіі я казаў, што вельмі цяжка мець упэўненасць у высновах дакладу спадара Экерта, і што гэта было падобна на палітычна матываванае абяленне [ФІФА]. Цяпер, калі я бачыў заяву спадара Гарсіі, я абсалютна перакананы, што даклад [Экерта] з’яўляецца палітычна матываваным абяленнем».

У выніку, Гарсія вырашыў зрабіць яшчэ адну спробу апублікаваць сваю справаздачу ў адкрытым доступе і звярнуўся з апеляцыяй супраць дакладу Экерта. Пасля таго, як апеляцыя была адхіленая, Гарсія вырашыў пакінуць сваю пасаду.

У сваёй заяве з гэтай нагоды ён канстатаваў, што клімат у ФІФА у апошнія месяцы змяніўся ў горшы бок: «Я адчуваў, што камітэт па этыцы дасягнуў рэальнага прагрэсу ў прасоўванні захавання этыкі ў ФІФА. Але ў апошнія месяцы сітуацыя змянілася». Гарсія пацвердзіў, што ў справаздачы, прадстаўленай ім, агаворваюцца «выяўленыя сур’ёзныя і шырокамасштабныя праблемы ў працэсе выбараў». Спецыяліст паскардзіўся на «недастатковую празрыстасць», якую паказалі ФІФА і Экерт, «выбіраючы і выключаючы матэрыялы са справаздачы», падрыхтаванай ім.

Замежныя СМІ вельмі жорстка адрэагавалі на адстаўку Гарсіі. Так, рэдактар спартыўнага аддзелу BBC заяўляе, што дадзеная падзея яшчэ больш псуе рэпутацыю ФІФА: «Калі ён выйшаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абыходжання з ФІФА аб яго расследаваннем карупцыі, Майкл Гарсія пагрузіў кіруючы орган сусветнага футбола ў яшчэ большы беспарадак. Даследаванне амерыканскага юрыста аб выбарах гаспадароў чэмпіянатаў свету 2018 і 2022 было прызвана аднавіць некаторы давер арганізацыі, якая пакутуе ад гадоў скандалаў. Яго рашэнне сысці робіць з дакладнасцю адваротнае, ставячы яшчэ больш пытанняў аб здольнасці ФІФА кіраваць гульнёй».

На дадзены момант ёсць інфармацыя, што ў пятніцу кіраўнікі ФІФА правядуць галасаванне па пытанні публікацыі ў адкрытым доступе поўнай версіі справаздачы Гарсіі.

Зміцер Міцкевіч

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру