Мандарыны, Аліўе, «Іронія лёсу» – усе беларусы ведаюць, што яднае гэтыя рэчы. Напярэдадні Новага году па ТБ адзін аднога змяняюць згаданая «Іронія», «Карнавальная ноч», «Чараўнікі», навамодныя «Ёлкі» ды мноства савецкіх фільмаў. А што паглядзець з кіно далёкага замежжа?

Гэта цудоўнае жыццё

(It's a Wonderful Life), 1946

Класіка сусветнага кінематографа, якая ў ЗША паказваецца на Каляды хіба не часцей, чым «Іронія лёсу» ў Расіі. Фільм распавядае гісторыю Джорджа Бэйлі, які вырашыў скончыць жыццё самагубствам напярэдадні Раства, але яго анёл-абаронца (якога Бэйлі ўратаваў замест таго, каб саскочыць з маста) паказвае, як змяніўся горад ад добрых учынкаў Бэйлі. Стужка 1946 года прызнаная Амерыканскім інстытутам кінамастацтва самым натхняльным фільмам у гісторыі ЗША ды займае 11 месца ў спісе лепшых амерыканскіх фільмаў за 100 год.

Грынч – выкрадальнік Раства

(How the Grinch Stole Christmas), 2000

Раство не дзеля падарункаў, Раство дзеля блізкіх людзей. Такой думкай прасякнутая гісторыя зялёнага стварэння ў выкананні Джыма Кэры. Грынч, што жыве на гары, пакрыўджаны жыхарамі горада — ён вырашае скрасці ў гараджан іх любімае свята. Але ў плане Грынча ёсць слабое месца – дабрыня, схаваная глыбока ў душы пачвары. Неўзабаве пасля выхаду фільма зялёны твар Грынча ў ЗША стаў не меншым сімвалам Калядаў, чым шкарпэтка над камінам.

Адзін дома

(Home Alone), 1990

Абсалютны рэкорд па касавых зборах сярод калядных камедый, амаль паўмільярды даляраў па ўсім свеце, належыць першай частцы бітвы Кевіна Маккалістара са злачынцамі-недарэкамі. Першыя тры фільмы серыі «Адзін дома» прынеслі юнаму выканаўцу галоўнай ролі шалёную папулярнасць і нават зрабілі яго лепшым сябрам Майкла Джэксана. Але яны ж (супольна з яго бацькам, які патрабаваў надта вялікіх ганарараў) зламалі яго кар’еру. Наступныя два фільмы, «Адзін дома 4» і «Адзін дома 5», здымаліся без Макалея Калкіна, а сам актор спрабаваў скончыць жыццё самагубствам напярэдадні Раства ў 2012 годзе. Першы і другі фільмы маюць аматарскі пераклад на беларускую.

Эльф

(Elf), 2003

Крыху меней драматычная за «Грынча» і крыху меней камедыйная за «Адзін дома» гісторыя распавядае пра «каляднага Маўглі» – Бадзі Хобса, які, калі быў немаўляткам, схаваўся ў мяшку з падарункамі Санты. Выхаваны як эльф, ён не можа прыжыцца ў свеце чароўных істот і шукае родны дом. Лёгкую і пазітыўную стужку можна назваць эталоннай сямейнай каляднай камедыяй.

Любоў насамрэч

(Love Actually), 2003

Стваральнік славутай брытанскай стужкі Рычард Кёрціс некалі сказаў, што на ўсе яго задумы не хапіла б жыцця, бо кожны рамантычны фільм даваўся яму толькі за 3-4 гады. Тым ён тлумачыў незвычайны стыль стужкі, дзе мноства гісторый (тры з іх нават згубіліся падчас мантажу) перасякаюцца толькі ў самым канцы (ці на самым пачатку). Беларусам фільм вядомы не меней, чым брытанцам, дзякуючы выдатнаму перакладу на беларускую суполкі «Беларускі Гальфстрым».

Жах перад Раством

(The Nightmare Before Christmas), 1993

У 1982 Цім Бёртан, тады аніматар студыі Дыснэя, а сёння культавы рэжысёр, напісаў калядную паэму «Жах перад раством». Толькі ў 1990 годзе Disney вырашылі экранізаваць яе як мюзікл, але не пад сваім імем, а ад імя падраздзялення Touchstone Pictures – надта змрочнай і страшнай выходзіла стужка. Хаця як страшнай… Хэлоўінскія стварэнні проста спрабавалі зладзіць Каляды… Але выйшла як выйшла.

Цвёрды арэшак

(Die Hard), 1988

Першапачаткова сцэнар пра героя-паліцэйскага ў атачэнні тэрарыстаў у хмарачосе пісаўся пад Арнольда Шварцэнэгера як працяг фільма «Каманда». Але «Жалезны Арні» адмовіўся ад ролі, а сцэнар прыйшлося перапісаць пад маладога Бруса Уіліса, які тады быў хутчэй вядомы як паспяховы комік. Мяркуючы па інтэрнэце, у ЗША гэты фільм па паказах на Каляды адпавядае «Івану Васільевічу» ў Расіі. Да чаго тут Каляды? Ну, дзеянне фільма (і яго працяга) адбываецца якраз напярэдадні Раства. Зрэшты, на Каляды яго варта паглядзець, каб прасякнуцца дабрынёй – Брус Уіліс, калі яшчэ меў валасы на галаве, быў надзвычай мілым хлапчуком.

Хронікі Нарніі

(The Chronicles of Narnia: The Lion, the Witch and the Wardrobe), 2005

Каляды ў наш свет прыходзяць самі па сабе, а вось народу Нарніі, што жыве за дзвярыма шафы, за Каляды трэба нямала паваяваць, ды і Санта тут дорыць дзецям кінжал, меч ды лук. Недзіцячы сюжэт, што цікава, прасякнуты зразумелай любому дзіцяці дабрынёй. Казка няхай і сумная, але надзвычай прыгожая ды павучальная. Па-беларуску фільм агучыў праект Kinakong.

Шчаслівых Калядаў

(Joyeux Noël), 2005

Падчас Першай сусветнай вайны, у 1914 годзе была неафіцыйная і не паўсюдная, але шырока распаўсюджаная серыя стыхійных калядных замірэнняў. Раптоўна людзі ў суседніх акопах забывалі, што яны ворагі (ці наадварот, прыгадвалі, што людзі) ды ішлі братацца. Фільм пра гэта здымалі паловай Еўропы. Не дзіва – гэткі эпізод на фоне аднога з самых крывавых канфліктаў у гісторыі ўспрымаецца як сапраўдны калядны цуд.

Аднойчы ў Токіё

(Tokyo Godfathers / 東京ゴッドファーザーズ), 2003

Бяздомнае дзяўчо, алкаголік, трансвестыт ды Якудза – ці можна прыдумаць болей калядную камбінацыю? Насамрэч, гэтае анімэ распавядае пра надзвычайную гісторыю каляднага цуда, што адбыўся са стракатай кампаніяй. Яны хацелі вярнуць бацькам пакінутае на звалцы немаўля, а вярнулі сабе ўласнае жыццё. У суворым сусвеце дабрыня і чалавечнасць маюць надзвычайную каштоўнасць, вучыць гледача рэжысёр Сатосі Кон.

Боскае нараджэнне

(The Nativity Story), 2006

На Каляды і верніку, і атэісту варта паглядзець, у гонар чаго ладзіцца свята. Найлепей на экране біблейскую гісторыю нараджэння Хрыста паказвае эпічная стужка Кэтрын Хардвік. «Боскае нараджэнне» паказвае, што Хрыстос стаў тым, кім стаў, не толькі праз тое, што быў сынам Бога, але і праз тое, што быў сынам добрых людзей. Дарэчы, «хрысціянскае род-муві» стала першай стужкай, сусветная прэм’ера якой прайшла ў Ватыкане.

Раство

(Рождество), 1997

Адну стужку з бліжняга замежжа ўсё ж варта прыгадаць. Мультфільм Міхала Алдашына, аднога з рэжысёраў культавай расійскай студыі «Пілот», паказвае гісторыю Боскага нараджэння не кананічна, а падобна да ранніх апокрыфаў, з вялікай доляй казачнасці і наіўнасці. Нягледзячы на спецыфічную змрочную стылістыку малёўкі, 12-хвілінная стужка прасякнутая дабрынёй у кожнай секундзе.

P.S. Рэкамендуем не забываць і пра выдатнае відэавіншаванне ад Чака Норыса, Шэкспіра, Аляксандра Памідорава і праекта Kinakong!

А якія фільмы на Каляды глядзіце вы?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?