Новае выданьне ў сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва».

Ева Вежнавец — адзін з самых непаўторных празаічных галасоў сёньняшняй Беларусі. Яна піша па-жаночаму. Яна піша па-чарадзейску. Яе пяром прамаўляюць тыя, хто самі ня ўмеюць або ня хочуць трымаць пяро. Ад часу, калі ў першым нумары часопісу «ARCHE», у 1998 годзе выйшаў яе аповед «Мы два хохлікі», яна мае верных чытачоў.

«Шлях дробнай сволачы» — гэта першая кніга пісьменьніцы, што ўзрасла на Любаншчыне, а творча сфармавалася ў булёне менскай і варшаўскай багемы 90-х. Цяпер яна працуе ў Варшаве, а жыве ў беларускай культурнай прасторы.

У прадмове да кнігі Марыя Мартысевіч ўводзіць чытача ў сьвет творчасьці Вежнавец з дапамогай вось такога мэтафарычнага дыялёгу:

«Потым да Евы Вежнавец прыходзіла Яўгенія Янішчыц. Заляцела на ейны балькон, як тая птушачка ў сад беларускай паэзіі, склала рукавы і сказала:

— Ева.

— Жэня?

— Ты малайцом, Ева. Ты вельмі моцна пішаш пра сучасную беларускую жанчыну. Пра яе адчай, беспрытульнасьць, самоту, адрынутасьць...

— Я пішу не пра жанчыну. Я пішу пра чалавека.

— Хай так. Яшчэ мне падабаецца, што ты не забываеш пра свае карані, своеасаблівым, моцным голасам крычыш пра заняпад беларускай правінцыі... Але навошта ты называеш свой народ «быдлам»? Радзіму — «балотам», «дурдомам», «сваёй траўмай»?

— Да цябе тут была прыходзіла Пашкевічаўна-Цётка. Ёй дык усё нармальна. Але, калі разабрацца, вы ўвогуле ня маеце права да мяне прыходзіць. Я сама па сабе.

Мы — не парадыгма.

— Хай так. Але я казала і буду казаць, што ўсё пачынаецца зь любові.

— А жывіцца нянавісьцю.

...

Потым да Евы Вежнавец прыходзілі мужчыны. Ева прымала іх зьдзекліва — на кухні.

— У чым наша праблема? — спыталіся мужчыны.

Ева нічога не адказала. Яна частавала мужчынаў гарэлкай і цыгарэтамі і гутарыла зь імі пра актуальную палітычную сытуацыю ў Польшчы.

Потым да Евы Вежнавец прыходзілі фэміністкі. Яны назвалі Еву іконай беларускага літаратурнага фэмінізму і запрашалі зладзіць вечарыну ў іх дыскусійным клюбе пры гендэрным цэнтры. Ева Вежнавец фэміністак выгнала.

Потым да Евы Вежнавец прыходзілі эмансыпаваныя студэнткі філфаку.

— Мы захапляемся Вамі, Вашым бездакорным пачуцьцём стылю, навізной моўнай плыні, трапнасьцю мэтафараў, дбайнасьцю псыхалягічных партрэтаў, эліптычнасьцю і афарыстычнасьцю наратыву, уяўнай антынароднасьцю патасу... Ваша проза — чытэльная. Вы — жывая! — сказалі студэнткі.

Студэнтак Ева вырашыла не выганяць і нават пагадзілася пакінуць ім аўтографы на канспэктах па гістарычнай граматыцы.

Потым да Евы Вежнавец прыходзіў масавы чытач.

— Чаму ты такая злая? — запытаўся масавы чытач.

— Затое таленавітая, — азваліся эмансыпаваныя студэнткі філфаку, якія выйшлі папаліць на ганак».

Пытайцеся кнігі «Кнігарні «Наша Ніва» ў кнігарнях і ў распаўсюднікаў. У сэрыі выйшлі:

Андрэй Хадановіч. Сто лі100ў на tut.by. Вершы
Віталь Тарас. Звыклае зло. Эсэ
Валянцін Тарас. На высьпе ўспамінаў. Мэмуары
Андрэй Дынько, Андрэй Скурко. Беларусь за дзесяць падарожжаў. Падарожныя эсэ
Наталка Бабіна. Рыбін горад. Раман
Пётра Рудкоўскі. Паўстаньне Беларусі. Эсэ
Пётра Краўчанка. Беларусь на ростанях. Эсэ
Вясна народу. Эсэістыка «Нашай Нівы» 1991—2007
Найясьнейшая Рэч Паспалітая. Гісторыя на старонках «Нашай Нівы» 1991—2007
Бабілёнская бібліятэка. Замежная літаратура ў перакладах «Нашай Нівы» 1991—2007
Паветраны шар. Мужчынскае апавяданьне «Нашай Нівы» 1991—2007
Жанчыны выходзяць з-пад кантролю. Жаночае апавяданьне «Нашай Нівы» 1991—2007
Наталка Бабіна. Крыві не павідна быць відна. Апавяданьні
Сямён Печанко. У Беларускім войску. Эсэ
Алесь Кудрыцкі. Суд на Каляды. Эсэ
Застаемся! Сакавік-2006: прыватнае і агульнае. Хроніка
Павал Севярынец. Лісты зь лесу
Артур Клінаў. Малая падарожная кніжка па Горадзе сонца. Раман-гід па сталіцы Беларусі
Ева Вежнавец. Шлях дробнай сволачы. Апавяданьні