Адкладзеныя апэрацыі ў шпіталі імя Капэрніка ў Лодзі, паведамляе gazeta.pl. Страйкуюць анэстэзіёлягі, хочуць большых заробкаў. Дырэкцыя шпіталю прапануе 80 злотых (каля 33 даляраў) за гадзіну працы. «Замала!» — адказваюць мэдыкі.

Страйк некалькіх соцень дактароў паралізаваў адну з найбольшых больніцаў у Польшчы.

Агульны заробак мэдыка ў большасьці больніцаў Польшчы, калі разам з аплатай за дзяжурствы, перасягнуў ужо рысу 10 000 злотых, аднак мэдыкі працягваюць дабівацца падвышак. Яны добра арганізаваныя ў прафсаюзы.

Сэктар аховы здароўя застаецца ў Польшчы дзяржаўным.

На тую ж тэму паведамляе Беларуская рэдакцыя Польскага радыё:

З новага году значна абмежаваны дапушчальны час працы лекараў. Згодна з эўразьвязаўскім распараджэньнем, мэдыкі ня могуць працаваць больш за 48 гадзін у тыдзень. Між тым, высьвятляецца, што ў многіх шпіталях лекараў замала, каб запоўніць графік, прытрымліваючыся вызначаных гадзінных нормаў. Зь іншага боку, гэты час можа быць падоўжаны да 72 гадзін, калі лекар дасьць згоду ў пісьмовым выглядзе. Мэдыкі кажуць, што згодзяцца даўжэй працаваць, калі ім за гэта годна заплацяць. Міністар аховы здароўя адказвае, што на павышэньні заробкаў няма грошай. Выйсьцем, якое прапануе міністэрства, было б павышэньне ўзносаў за мэдычнае страхаваньне на 2%.

Пакуль што шпіталі ў большасьці працуюць нармальна. Так што ёсьць надзея, што мэдыкі дамовяцца з урадам, і гэта не адбудзецца коштам пацыентаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?