16.12.2005 / 11:48

Мастак, закаханы ў Менск У 2006 г. спаўняецца 110 гадоў славутаму мастаку Мікалаю Дучыцу. Cёлета прамінула 25 гадоў з дня ягонае сьмерці. Да гэтых датаў прытарнаваная выстава, што дэманструецца ў менскай арт-кавярні «Добрыя мысьлі».

У 2006 г. спаўняецца 110 гадоў славутаму мастаку Мікалаю Дучыцу. Cёлета прамінула 25 гадоў з дня ягонае сьмерці. Да гэтых датаў прытарнаваная выстава, што дэманструецца ў менскай арт-кавярні «Добрыя мысьлі».

Пра невядомага на бацькаўшчыне мастака піша Сяргей Харэўскі.

Мікалай Дучыц нарадзіўся ў Любчы на Наваградчыне. Ягоны дзед Самуэль Дучыц — перасяленец з Сэрбіі — у 1863 г. партызаніў у шыхтах інсургентаў у ваколіцах Міра.

Мастацтвам М.Дучыц захапіўся падчас навучаньня ў Наваградзкай павятовай вучэльні. Затым вучыўся ў Пецярбургу, дзе ягонымі настаўнікамі былі Рэрых, Бэнуа, Федаровіч. Потым была Першая сусьветная, грамадзянская вайна, Белая гвардыя і паход у Варшаву разам з Тухачэўскім. У Польшчы Дучыц трапіў у палон і празь нейкі час апынуўся ў нямецкім Эрлянгене. У Нямеччыне малады мастак і знайшоў прымяненьне таленту. Ён пісаў акварэлі, вырабляў паштоўкі ды здаваў у мастацкі салён. Працы ішлі нарасхват.

У 1921 г. Дучыц вярнуўся на бацькаўшчыну. Пасяліўся ў Менску, дзе паступіў на службу начальнікам аддзелу пры чыгунцы. Ад тае пары горад стаў для Дучыца ўсім: месцам каханьня й шлюбу, мірнага шчасьлівага жыцьця, творчага сталеньня. Гэта быў Менск абнаўленьня, беларусізацыі й электрыфікацыі, імклівага будаўніцтва й шалёнага квітненьня… Вобраз сталіцы 1920-х—1930-х М.Дучыца застаўся адным з найбольш яскравых і самабытных ягоных унёскаў у мастацтва.

Пры канцы 1930-х савецкая крытыка пачала нігбіць мастака за тое, што ён празьмерна захапляецца старасьвеччынай і пэйзажам, замест таго каб адлюстроўваць рабочыя будні пралетарыяту. Зусім не паспрыяў папулярнасьці Дучыца факт набыцьця ягонага этуду з выяваю касьцёлу польскім консулам.

Але з мастаком мусілі лічыцца. У 1935 г. у Менску адбылася ягоная пэрсанальная выстава, яго з поўным правам лічылі адным з пачынальнікаў нацыянальнае школы пэйзажнага жывапісу. Падчас Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве 1940 г. прэса паважна пісала пра пэйзажы Дучыца, зважаючы, што безь ягонага даробку беларускае мастацтва ўявіць няможна.

Падчас нямецкай акупацыі менавіта Мікалай Дучыц ачоліў гарадзкі аддзел «Kunst-Art». Мастак зрабіў шмат дзеля падтрымкі беларускай культуры і калегаў, каб тыя не памерлі з голаду. Мастакі рэгістраваліся ў аддзеле, атрымлівалі заробкі, прадуктовыя карткі. Высока цаніў творчасьць М.Дучыца і кіраўнік цывільнага кіраўніцтва Беларусі Вільгельм Кубэ.

Дзякуючы намаганьням Дучыца ў Менску ўдалося наладзіць паўнавартаснае мастацкае жыцьцё. Мастакі бралі ўдзел у выставах, якія праходзілі ў памяшканьні Опэры, пры ўмове, што кожны прынясе ня менш як тры работы на вольныя тэмы.

Багата было зроблена і дзеля ратаваньня старасьветчыны, помнікаў дойлідзтва й сакральнага мастацтва, якія пасьля доўгага савецкага панаваньня былі ў лядашчым стане. Дучыц браў удзел у адмысловых камісіях, што ствараліся з мэтаю вырашэньня лёсу помнікаў, якія ацалелі па бальшавіках.

Натуральна, што пасьля вайны сталіністы не маглі дараваць мастаку ягонае беларускасьці. Яго арыштоўвалі, шматкроць дапытвалі. Ён здолеў выжыць. На паваенны час прыпадае вялікая колькасьць тэматычных пэйзажаў Дучыца, у якіх мастак фіксаваў тыя разбурэньні, што нарабіла вайна ў ваколіцах Заслаўя, Радашкавічаў, Менску. Але перадусім Мікалай Дучыц ствараў Менск. Свой улюбёны Менск. Напрыканцы 1950-х ён ізноў вяртаецца да тэмы сталіцы. Ужо залечанай. Тады й была створана ім найбольш дасканалая сэрыя зімовых менскіх краявідаў. Гэта Менск, які застанецца назаўжды.

На вялікай выставе 1967 г., прысьвечанай 70-годзьдзю мастака, было прадстаўлена больш за паўтары сотні ягоных твораў. А ў 1973 г. нізка ягоных зімовых краявідаў з 10 карцін была выстаўленая ў Японіі. Напрыканцы жыцьця слава ўжо была вельмі блізкаю. Але… за савецкай уладаю Мікалай Дучыц так і застаўся не сваім. Хоць, бадай, няма больш мастака, які настолькі быў свой для Менску.

Мікалай Дучыц (1896—1980) нарадзіўся ў Любчы (Наваградчына). Яго мастакоўскі талент быў заўважаны яшчэ падчас вучобы ў Наваградзкай павятовай вучэльні. Мастацкую адукацыю атрымаў у Пецярбургу. У 1916 трапіў у царскую армію, пасьля ў Чырвонае войска. Па дэмабілізацыі жыў у Менску. Маляваў беларускія краявіды, стары Менск, гістарычныя помнікі Беларусі. Яго карціны ёсьць у Мастацкім музэі, прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.

Арт-кавярня «Фальварак Добрыя Мысьлі» месьціцца па адрасе: Менск, вул.Магілёўская, 12.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру