Судовы працэс у справе Тацяны Хомы да Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту сэнсацыі не прынёс. Тані прыйдзецца вучыцца ў Вене.
Студэнтку-выдатніцу 4-га курсу факультэту міжнародных эканамічных дачыненьняў БДЭУ выключылі 24 лістапада 2005 г., з унівэрсытэту за паездку ў Францыю: Тацяну абралі ў кіраўніцтва міжнароднай студэнцкай арганізацыі ESIB.
Кіраўніцтва ўнівэрсытэту імгненна выгнала Таню з установы, спасылаючыся на тое, што яна парушыла правілы БДЭУ. Хаця, паводле правілаў унутранага распарадку БДЭУ, студэнтаў могуць выключаць пасьля 30 гадзінаў заняткаў, прапушчаных за сэмэстар. У Тацяны значна меней.
Каб аднавіць справядлівасьць, дзяўчына зьвярнулася ў суд. Працэс колькі разоў пераносіўся з ініцыятывы БДЭУ, але ўрэшце быў прызначаны на 21 сакавіка. Слуханьні не адбыліся – у гэты дзень Хому, затрыманую каля намётавага мястэчка, асудзілі на 10 сутак.
Урэшце суд пачаўся 10 красавіка ў Заводзкім судзе Менску. Слуханьні ў першы дзень цягнуліся 7 гадзінаў. Унівэрсытэт на судзе прадстаўляў Віктар Сьпіраў, намесьнік начальніка ўпраўленьня спраў па кадравай і прававой рабоце, – яго подпіс стаіць і на загадзе пра адлічэньне Т.Хомы з БДЭУ. У сваёй аргумэнтацыі ён параўноўваў учынак Тацяны па амаральнасьці з крадзяжом.
На судзе Сьпіраў цьвердзіў, што выключэньне Хомы нясе ў сабе выхаваўчую мэту. «Ён казаў, што гэта было зроблена, каб не ствараць прэцэдэнту беспакаранасьці. Маўляў, калі сёньня паедзе які-небудзь Іваноў за мяжу, мы яго ня зможам выключыць, бо ён будзе спасылацца на прыклад Хомы: чаму ёй можна, а мне нельга? Гэты чалавек проста не разумее, што выяжджаць за мяжу – гэта нармальна», – кажа дзяўчына.
У сераду В.Сьпіраў зазначыў, што кіраўніцтва БДЭУ прапаноўвала Тацяне аднавіцца на платным навучаньні, але зьнімае сваю прапанову, пасьля таго, як Тацяна ў сваім Інтэрнэт-дзёньніку (inсertezza.livejournal.com) назвала Сьпірава «сьлізьняком», што ён палічыў абразай ня толькі сябе як мужчыны, але і як прадстаўніка БДЭУ. «Я служыў у войску, у мяне двое дзяцей»,– абураўся ён.
«Нават калі б мне далі магчымасьць аднавіцца ў БДЭУ на платным навучаньні, я б гэтага не рабіла. Я паступала менавіта на бюджэтнае аддзяленьне, бо ня маю магчымасьці плаціць столькі. І я не хачу плаціць гэтаму рэктару, каб ён меў магчымасьць набыць за мае грошы новую мэблю для свайго офісу. Тым больш, што рэктар – зьява часовая. Думаю, хутка ўва ўнівэрсытэце будзе іншы рэктар, які з радасьцю падпіша загад пра маё аднаўленьне», – заявіла Таня Хома.
Выгнаньне з БДЭУ для Тацяны не фатальнае: яна мае прапановы працягнуць навучаньне ў Познанскай акадэміі й Венскім унівэрсытэце: «Хачу атрымаць закончаную вышэйшую адукацыю. Пакуль што схіляюся да Венскага ўнівэрсытэту. Магчыма, буду мяняць спэцыялізацыю: заміж міжнароднай эканомікі займуся вывучэньнем міжнароднай палітыкі».
❏
P.S. Як стала вядома «НН», рэктар БДЭУ Ўладзімер Шымаў неўзабаве мае наведаць Італію. Ягонага імя ў сьпісе «неўязных» чыноўнікаў пакуль няма.