22.12.2014 / 16:56

Святлана Куль. Анёл

Мароз спавіў і неба, і зямлю,
На белых пёрах серабрыцца шэрань.
Ёсць у мяне і крэсіва, і цэра,
Я буду дзьмуць, пакуль не распалю.

Не перашкодзяць злыя маразы,
Ёсць крэсіва і цэра ў магалейцы,
Бо без агню — ні лялек у батлейцы,
Ні Дзеда, ні каляднае Казы.

Я буду дзьмуць, я распалю агонь,
А потым палячу на срэбных крылах,
Каб прычапіць яго да небасхілу,
Праменнем апякаючы далонь.

20.12.14

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера